Бомба ўзарвалася ў паліцэйскім аўтамабілі, які патруляваў паўднёвую частку Кіркуку, паведамляюць дзяржаўныя СМІ. Выбух суправаджаўся перастрэлкай, калі ўзброеныя людзі, як паведамляецца, зьвязаныя з ІД, напалі на машыну.
Ніякая групоўка не ўзяла на сябе адказнасьці за напад, але ірацкія крыніцы бясьпекі паведамілі мясцовым СМІ, што за ім, пэўна, стаіць ІД.
Ях’я Расул, вайсковы прадстаўнік ураду Іраку, заявіў, што прэм’ер-міністар краіны Мухамад Шыя аль-Судані загадаў кіраўніку фэдэральнай паліцыі пачаць расьсьледаваньне нападу.
Баевікі ІД у апошнія тыдні выкарыстоўвалі нестабільную сытуацыю зь бясьпекай у Кіркуку і суседніх правінцыях.
«Многія вяскоўцы ў гэтым раёне пакінулі свае дамы, і тэрарысты ІД цяпер выкарыстоўваюць гэтыя вёскі ў якасьці схованак», — сказаў «Голасу Амэрыкі» шэйх Васфі аль-Асі, член парлямэнту, які прадстаўляе Кіркук, дадаўшы, што ёсьць «адно рашэньне для прадухіленьня такіх нападаў — узбройваць мясцовую моладзь і далучаць яе да ірацкіх сіл бясьпекі».
Нягледзячы на тэрытарыяльную паразу, ІД працягвае дзейнічаць у некалькіх правінцыях на поўначы Іраку, асабліва ў раёнах, якія лічацца «спрэчнымі» паміж цэнтральным урадам і рэгіянальным урадам Курдыстану.
У сераду афіцэр і двое салдатаў былі забітыя ў выніку атакі з самаробнага выбуховага прыстасаваньня на іх аўтамабіль у раёне на поўнач ад сталіцы Багдаду.
Вайсковыя чыноўнікі заявілі, што рух тэрарыстычнай групоўкі таксама залежыць ад палітычнай абстаноўкі ў краіне.
ІД, якая зьяўляецца суніцкай мусульманскай групоўкай, «разгортвала баевікоў у Багдадзе, спадзеючыся скарыстацца чаканай палітычнай барацьбой паміж шыіцкімі групамі», сказаў Мухамад Рустам, афіцэр курдзкіх сіл.
«Але цяпер, калі яны ведаюць, што буйнога палітычнага канфлікту паміж шыітамі ня будзе, мы бачым, што яны аднаўляюць сваю прысутнасьць і робяць новыя напады ў спрэчных раёнах», — сказаў ён.