Бакі таксама абмеркавалі «маючыя адбыцца кантакты на найвышэйшым узроўні і па лініі зьнешнепалітычных ведамстваў».
Пасольства Расеі ў Беларусі паўтарыла гэтыя самыя радкі, але дадало, што на сустрэчы была «адзначаная важнасьць працягу ўсебаковага супрацоўніцтва». «Пазытыўна ацэнена ўзаемадзеяньне Расеі і Беларусі на пляцоўках міжнародных арганізацый, а таксама падтрымка Расеяй уступленьня Рэспублікі Беларусь у ШАС», — сказана ў паведамленьні расейскага дыпляматычнага прадстаўніцтва.
Ня першы раз зьвяртае на сябе ўвагу ляканічнасць афіцыйных паведамленьняў аб сустрэчы высокапастаўленых чыноўнікаў і дыпляматаў краін, якія публічна называюць сябе стратэгічнымі саюзьнікамі. Папярэднік Алейніка — Уладзімер Макей, які памёр 26 лістапада — толькі за восень тройчы сустракаўся з Грызловым, але ні прэс-служба МЗС Беларусі, ні расейская амбасада падрабязнасьцяў перамоваў не падавалі.
Сустрэча Алейніка з паслом РФ адбылася напярэдадні візыту Ўладзіміра Пуціна ў Менск. Паводле інфармацыі прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, 19 сьнежня ў Палацы незалежнасьці пройдуць «перамовы на найвышэйшым узроўні» — у шырокім фармаце і фармаце сам-насам.
Сярод іншага плянуецца абмеркаваць «увесь спэктар найбольш актуальных пытаньняў беларуска-расейскай інтэграцыі». На парадку дня стаяць пытаньні «гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня, супольных каапэрацыйных праектах з акцэнтам на імпартазамяшчэньне». «Важнай тэмай» перамоваў названа «супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры».
Лукашэнка і Пуцін таксама «нададуць прыярытэтную ўвагу» пытаньням бясьпекі, «абмяняюцца думкамі аб сттуацыі ў рэгіёне і сьвеце, абмяркуюць супольныя меры рэагаваньня на выклікі».