Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ЦРУ: Расея несур’ёзна ставіцца да перамоваў з Украінай


Уільям Бэрнс
Уільям Бэрнс

ЗША ня бачаць сур’ёзнага стаўленьня Расеі да перамоваў з Украінай. Пра гэта ў інтэрвію тэлеканалу PBS заявіў кіраўнік ЦРУ Уільям Бэрнс.

«Большасьць канфліктаў заканчваецца перамовамі, але гэта патрабуе сур’ёзнасьці з боку Расеі ў гэтым выпадку. Чаго мы ня бачым», — сказаў Бэрнс.

Пра тое, што вайна павінна скончыцца перамовамі, чарговы раз заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Паводле яго, перамоўны працэс паскораць пастаўкі Кіеву зброі, пакуль прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «не зразумее, што ён ня можа перамагчы на полі бою».

У сваю чаргу канцлер Нямеччыны Оляф Шольц у інтэрвію газэце Suddeutsche Zeitung падкрэсьліў, што нельга абрываць ніткі перамоваў з Масквой нягледзячы на ўсе рознагалосьсі Захаду і Расеі па Ўкраіне.

Крэмль раней неаднаразова адзначаў, што Кіеў не прымае самастойных рашэньняў і выконвае дырэктывы ЗША і Эўразьвязу.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў нядаўняй размове з францускім тэлеканалам LCI паведаміў, што гатовы размаўляць з Расеяй, якая паважае суразмоўцу і якая верне Кіеву тэрыторыі, што належаць яму паводле міжнароднага права. «Менавіта з такой Расеяй я буду гатовы весьці перамовы, але ня з той Расеяй, якая ў нас ёсьць на гэты момант, з нацысцкай Расеяй», — сказаў Зяленскі.

Апошняя сустрэча дэлегацый Масквы і Кіева адбылася ў Стамбуле 29 сакавіка. У лістападзе ў Анкары адбылася сустрэча Бэрнса з кіраўніком расейскай Службы зьнешняй выведкі Сяргеем Нарышкіным. Мяркуючы па ўсім, гэта былі першыя непасрэдныя кантакты на такім высокім узроўні паміж прадстаўнікамі дзьвюх краін ад пачатку вайны. Бакі абмяркоўвалі ядзерныя пагрозы з боку Расеі.

У канцы году пасьля шэрагу посьпехаў на фронце Ўзброеных сіл Украіны палітыкі і лідэры розных краін усё часьцей гавораць пра магчымасьць аднавіць перамовы, якія былі прыпыненыя ў траўні. Масква сьцьвярджае, што Крэмль гатовы да перамоваў, але без папярэдніх умоваў у тым ліку ў пытаньні анэксаваных тэрыторыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG