Вынікі апытаньня, праведзенага Цэнтрам новых ідэй пад кіраўніцтвам старшага дасьледчыка, экс-дырэктара Інстытута сацыялёгіі НАН Беларусі Генадзя Коршунава, апублікаваныя 16 сьнежня.
Апытаньне сярод прыхільнікаў пратэстаў праходзіла праз мэсанджар «Вайбер» з 8 па 10 жніўня 2022 году. У ім прынялі ўдзел больш за 2,3 тысяч алавек, якія пражываюць у Беларусі, і больш за 300 беларусаў, якія цяпер знаходзяцца за мяжой.
Сьцісла пра вынікі ў лічбах:
- 19,5% апытаных заявілі аб прымяненьні да іх фізычнага гвалту падчас разгону пратэстаў у 2020 годзе, каля 74% рэспандэнтаў паведамілі, што гвалт прымяняўся да іх знаёмых або калег, 39% — да сяброў, 16% — да членаў сям’і, 8% заявілі, што «нічога такога не было»;
- 88% пратэстоўцаў бачылі гвалт падчас пратэстаў 2020 году, пры гэтым палова апытаных былі прамымі сьведкамі гвалту, 12% апытаных заявілі, што ня бачылі гвалту ні на вуліцы, ні ў сеціве;
- 49% апытаных паведамілі, што ў 2020 годзе затрымлівалі іх знаёмых або калег, 20% — членаў сямʼі, каля 7% — што затрымлівалі іх саміх, 22% сказалі, што нікога зь іх знаёмых не затрымлівалі;
- каля 70% удзельнікаў пратэстаў заявілі, што штрафы ці адміністрацыйныя арышты ў той пэрыяд атрымалі іх знаёмыя і калегі, 24% — распавялі пра пакараньне членаў сваіх семʼяў і сяброў штрафамі, а 23% — «суткамі»; 7% апытаных самі атрымалі штрафы, 5% — адміністрацыйны арышт;
- 32% паведамілі, што ў месцах зьняволеньня па палітычных матывах цяпер знаходзіцца нехта зь іх блізкіх, сяброў або знаёмых, 5% — сябар (сяброўка) або некалькі сяброў, 1,2% — нехта зь сямʼі;
- аб правядзеньні зь імі «прафіляктычных гутарак» на тэму ўдзелу ў пратэстах заявілі 45% апытаных, пра атрыманьне пагрозаў ад сілавых органаў — 17%, праверкі зьмесьціва мабільных тэлефонаў — 13%, звальненьні па палітычных матывах — 12%, падвышаную ўвагу пры перасячэньні мяжы — 7%;
- 76% апытаных заявілі, што дасюль перажываюць і ўспамінаюць падзеі 2020-2021 гадоў;
- 79% паведамілі, што адчуваюць непакой ці трывогу наконт магчымых наступстваў удзелу ў пратэстах 2020 году;
- 29% апытаных адзначылі, што «ўлічваючы цяперашнюю сытуацыю», увогуле не будуюць плянаў, 6% — плянуюць жыцьцё толькі на некалькі дзён наперад, 4% — на тыдзень, 7% — на некалькі тыдняў наперад, 9% — на месяц наперад, 25% — на некалькі месяцаў, 12% — на год наперад, 8% — на некалькі гадоў;
- 81% апытаных заявілі, што «не разумеюць, як цяпер жыць у Беларусі», 72% апытаных «ня бачаць ніякіх пэрспэктываў для будучыні краіны», 23% згубілі частку даходаў для забесьпячэньня сям’і, 13% адчуваюць ціск па палітычных матывах на сябе ці кагосьці зь сям’і, 25% — на кагосьці зь сяброў ці знаёмых;
- толькі 6% апытаных цалкам згодныя са сьцьвярджэньнем, што пратэстны рух 2020 году пацярпеў паразу, 32% — хутчэй згодныя, зусім ня згодныя з такой фармулёўкай 20%, хутчэй ня згодныя — 39%, астатнія не змаглі вызначыцца з адказам;
- пры магчымасьці вярнуцца ў 2020 год дзейнічалі б гэтак жа, як і тады, 52% рэспандэнтаў, пра больш рашучыя дзеяньні са свайго боку заявілі 41%;
- 55% апытаных заявілі, што разумеюць і падтрымліваюць тых, хто пасьля пратэстаў пакінуў Беларусь;
- 29% апытаных «думаюць над магчымасьцю эміграцыі, але пакуль нічога не рабілі», 28% — хацелі б зьехаць з краіны, але з розных прычын ня змогуць, 28% заявілі, што не жадаюць і не плянуюць зьяжджаць, 10% хочуць эміграваць і ўжо зрабілі канкрэтныя крокі для гэтага;
- 17% рэспандэнтаў ахарактарызавалі грамадзка-палітычныя падзеі 2020-2021 гадоў як нараджэньне або адраджэньне нацыі, 16% — як пэрыяд, калі грамадзтва «прачнулася», столькі ж — апісалі яго як пераломны або найважнейшы гістарычны момант без падрабязных характарыстык. 10,5% заявілі аб надзеі, 9% — аб «разьвянчаньні» ўлады, 7% — аб пэрыядзе гонару і годнасьці, столькі ж — аб «глытку свабоды», 6% — аб адчуваньні ў той час яднаньня грамадзтва і ўсьведамленьні сябе большасьцю, прыкладна столькі ж заявілі аб пераменах у сьвядомасьці і разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці.