Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША будуць дакумэнтаваць ваенныя злачынствы Расеі ва Ўкраіне


Кангрэс ЗША абавязаў амэрыканскую адміністрацыю зьбіраць сьведчаньні злачынстваў супраць чалавечнасьці і ваенных злачынстваў, учыненых расейскім войскам на тэрыторыі Ўкраіны.

Адпаведны законапраект ухвалены Кангрэсам у рамках закона аб абаронных выдатках. Згодна з законам «Аб прадухіленьні ваенных злачынстваў і адказнасьці за злачынствы, учыненыя падчас уварваньня ва Ўкраіну» амэрыканская адміністрацыя павінна падаць Кангрэсу справаздачу, у якой будуць сабраныя дадзеныя «аб ваенных злачынствах і іншых зьверствах, учыненых падчас уварваньня».

У дакумэнце асабліва згадваюцца наўмысныя атакі на мірнае насельніцтва, бамбардзіроўкі бальніц, школ, сховішчаў, незаконная дэпартацыя мірнага насельніцтва, узяцьце закладнікаў, згвалтаваньні і іншыя формы сэксуальнага гвалту.

Паводле слоў аднаго з ініцыятараў законапраекту — кангрэсмэна-рэспубліканца Майкла Маккола, расейскія вайскоўцы «павінны ведаць, што згвалтаваньні, катаваньні, забойствы мірных жыхароў не застануцца без адказу». Гэты закон, кажа Майкл Маккол, дапаможа ў будучыні судзіць расейскіх салдат, якія зьдзяйсьняюць злачынствы.

Паводле ААН, амаль за дзесяць месяцаў пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну былі забітыя больш за 6,5 тысяч мірных жыхароў. Паводле дадзеных праваабарончых арганізацый, расейскія войскі маглі зьдзейсьніць больш за пяцьдзесят тысяч вайсковых злачынстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG