Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН «Становішча з правамі чалавека ў часова акупаванай Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопалі, Украіна».
Дакумэнт быў прадстаўлены на абмеркаваньне ў сувязі з «улікам умоў, якія ўзьніклі з пачаткам маштабнага ўварваньня Расеі», паведамляе «Укрінфарм».
Рэзалюцыю падтрымалі 82 краіны, устрымаліся 80. Не падтрымалі дакумэнт 14 дзяржаў; апрача Беларусі, гэта Іран, Зымбабвэ, Казахстан, Кітай, КНДР, Куба, Малі, Нікарагуа, Расея, Сырыя, Судан, Эрытрэя і Этыёпія.
Што новага ў рэзалюцыі
У дадатак да палажэньняў рэзалюцый папярэдніх гадоў аб правах чалавека ў Крыме, цяперашні дакумэнт асуджае выкарыстаньне Расеяй тэрыторыі паўвострава ў мэтах «агрэсіі супраць Украіны і падтрымкі спробы незаконнай анэксіі Херсонскай і Запароскай абласьцей».
У ім асуджаецца распальваньне нянавісьці да Ўкраіны і ўкраінцаў, а таксама «пашырэньне дэзынфармацыі, якая апраўдвае агрэсію Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, у тым ліку праз сыстэму адукацыі».
Генасамблея «рашуча асуджае новую беспрэцэдэнтную хвалю адвольных затрыманьняў у Крыме, гвалтоўных перамяшчэньняў у Крым і з Крыму, гвалтоўных зьнікненьняў, а таксама так званых фільтрацыйных працэдур, у прыватнасьці ў адносінах да перамешчаных асоб».
Ад Расеі запатрабавалі неадкладна спыніць «усе парушэньні правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права ў дачыненьні да жыхароў часова акупаванага Крыму», «гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею і прыняць неабходныя меры для іх бясьпечнага вяртаньня і ўзьяднаньня са сваімі сем’ямі».
Рэзалюцыя Генэральнай асамблеі ААН «Становішча з правамі чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопалі, Украіна» прымаецца штогод, пачынаючы з 2016 года, з новымі палажэньнямі і фармулёўкамі.
30 лістапада ў інтэрвію міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву «Россия сегодня» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мае намер наведаць Крым і пачаць такую паездку ён хацеў бы з наведваньня Севастопаля.
«Крым дэ-факта — гэта расейскі Крым. Пасьля рэфэрэндуму і дэ-юрэ Крым стаў расейскім....Калі прэзыдэнт [Беларусі] ужо туды прыехаў з прэзыдэнтам Расеі, слухайце, якія яшчэ могуць быць прызнаньні?» — сказаў ён.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.