Атрымаўшы статус уцякачкі ў Латвіі, першую ноч я амаль ня спала, бо думала пра тое, што беларускага пашпарта ў мяне больш няма і што я, магчыма, ніколі ня траплю на магілы родных. Гараваньне па тым, што ў мяне адабраў рэжым Лукашэнкі, дзіўным чынам перапляталася з радасьцю, што іншая краіна дала мне прытулак і што цяпер побыт будзе паціху вяртацца да нормы — я пакіну лягер уцекачоў, здыму кватэру, завяду рахунак у банку і зарэгіструюся ў сямейнай доктаркі. Знаёмыя і віншавалі, і спачувалі з нагоды атрыманьня новага статусу, а самой мне цяжка было вызначыць, што ж тут больш дарэчы.
Цяпер жа рэжым зьбіраецца сам пазбаўляць пашпартоў тых беларусаў і беларусак, якіх лічыць нядобранадзейнымі. Эмацыйна гэта можа быць для людзей новым цяжкім выпрабаваньнем. Тыя, хто пацярпелі за сваю актыўнасьць і былі вымушаныя ўцякаць з радзімы, і бяз гэтага часта адчуваюць крыўду і пакінутасьць. А цяпер яшчэ і пашпарта ня будзе.
Цікава, вядома ж, што так званыя ўлады заклікаюць каяцца і вяртацца ў Беларусь — і адначасова плянуюць пазбаўляць грамадзянства тых, каго прызнаюць экстрэмістамі. Але сыстэмнае мысьленьне ніколі не было іхнай перавагай.
Тут цікава іншае. Прымусова пазбаўляючы грамадзянства людзей, якія ўцяклі зь Беларусі, рэжым хоча ўскладніць ім жыцьцё. Але ж наўрад ці ў паважаных экстрэмістаў і экстрэмістак былі за апошнія месяцы лепшыя навіны, чым навіна, што можна так лёгка пазбавіцца дакумэнта, які цяпер прыносіць ім хіба толькі праблемы.
А эмацыйны сумбур ад таго, што цяпер дакладна нельга паспадзявацца на нейкую адлігу ў рэпрэсіях і ціхенька вярнуцца дадому. Трэба проста перажыць. Адгараваць, адзлавацца, адсумаваць і прыняць, што новая рэальнасьць — яна вось такая. І ў гэтай рэальнасьці адсутнасьць беларускага пашпарта — вялізны плюс і своеасаблівае алібі. Раз вас пазбавілі пашпарта, значыць, вы дакладна супраць рэжыму Лукашэнкі, які катуе сваіх і дазваляе абстрэльваць чужых.
За амаль паўтара года, што маю замест беларускага пашпарта праязны дакумэнт уцекача і пастаянны дазвол на жыхарства ў Латвіі, я на практыцы пабачыла, што пераваг у гэтага дужа шмат, а недахоп толькі адзін. У шэраг краін мне цяпер трэба рабіць візу, напрыклад ва Ўкраіну і Турэччыну. Але, у адрозьненьне ад тых, хто гэтак жа сама ўцёк, але захаваў беларускія дакумэнты, у мяне няма праблем ні з адкрыцьцём рахунку ў банку, ні з падаўжэньнем ДНЖ на новы год.
Вядома ж, бывае дужа балюча ад усьведамленьня, што радзіма мяне пажавала і выплюнула, але я стараюся глядзець на гэта як на разрыў аб’юзіўных стасункаў. Я па-ранейшаму люблю свой дом, але, пакуль там знаходзіцца чалавек, які не жадае мне нічога добрага, а хоча толькі зьдзекавацца, дык мне самой няма чаго там рабіць. І ключы неабавязкова цягаць з сабой. Усё адно потым давядзецца мяняць замкі і рабіць рамонт.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.