Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апанэнтам Лукашэнкі адмаўляюць у прыналежнасьці да беларускага народу». Экспэрты пра закон аб пазбаўленьні грамадзянства

абноўлена

Каардынатар у пытаньнях міжнароднай дапамогі Офісe Сьвятланы Ціханоўскай, аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў патлумачыў, як можа працаваць закон, які дазваляе пазбаўляць беларусаў грамадзянства.

14 сьнежня Палата прадстаўнікоў у двух чытаньнях ухваліла законапраект «Аб зьмене закону Рэспублікі Беларусі „Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусі“».

Праект уводзіць новую падставу страты грамадзянства — «у сувязі з наяўнасьцю выраку суду Рэспублікі Беларусі, які ўступіў у законную сілу, пацьвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусі, калі такая асоба знаходзіцца за межамі краіны».

Паводле каардынатара ў пытаньнях міжнароднай дапамогі ў Офісе Сьвятланы Ціханоўскай Андрэя Ягорава, гэта зроблена ад жаданьня пакараць беларусаў, «якіх не ўдаецца кінуць за краты».

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

«Немагчыма пакараць гэтых людзей унутры краіны, але вельмі хочацца, таму прыдумляюць іншыя захады: канфіскацыя маёмасьці, пазбаўленьне грамадзянства. Рэсурсаў для гэтага ва ўладаў хапае. Вядома, яны ня могуць пакараць усіх, бо ўсіх ня могуць выявіць. Паказальна некага могуць прапусьціць праз гэтую працэдуру. Гаворка можа ісьці пра дзясяткі чалавек, наконт сотняў — няясна, але гэта дакладна будуць ня тысячы. Гэта будзе сымбалічнае пакараньне, каб іншыя баяліся», — кажа Андрэй Ягораў.

На думку экспэрта, пазбаўленьне грамадзянства ўскладніць жыцьцё людзей за мяжой. Хутчэй за ўсё ім давядзецца зьвяртацца па міжнародную абарону.

«Незразумела, што будуць рабіць, калі надыдзе нейкая лібэралізацыя. Уявім, што ўсіх палітзьняволеных адпусьцяць. І незразумела, што тады рабіць, калі вось такі чалавек без грамадзянства будзе вяртацца. Гэты закон не адпавядае базавым прынцыпам правоў чалавека. Ніводзін чалавек ня можа быць пазбаўлены грамадзянства беспадстаўна. Гэта супярэчыць Дэклярацыі правоў чалавека», — гаворыць Андрэй Ягораў.

Паводле каардынатара беларускай экспэртнай сеткі «Наша меркаваньне» Вадзіма Мажэйкі, гэта закране толькі знакавых асобаў і ня стане масавай зьявай.

«Гэта пакараньне тых, каго дзяржава лічыць сваімі ворагамі, і запужваньне тых, хто пад рэпрэсіі ня трапіў. Матывацыя тут такая ж, як у любога арышту. Ня проста пазбавіцца ад людзей, а пазбавіцца ад іх канчаткова. Апанэнтам рэжыму Лукашэнку адмаўляюць у прыналежнасьці да беларускага народу. Для любога чалавека гэта бытавыя праблемы, бо ў сучасным сьвеце бяз пашпарта ты ніхто. Мяркую, што гэта ня стане масавай зьявай, будуць караць знакавых асоб», — кажа Вадзім Мажэйка.

Таксама ён зважае на іншую норму законапраекту — паведамляць прадстаўнікам дзяржавы на працягу трох месяцаў, калі чалавек атрымлівае карту паляка ці від на жыхарства іншай краіны.

«Уносіцца абавязак, але ня ўносіцца ніякага пакараньня, калі чалавек не паведаміць. Я б ня раіў нікому бегчы наперад цягніка і інфармаваць беларускую дзяржаву пра гэта, бо такія сьпісы складаюцца яўна не для ўзнагарод. Невядома, што будзе рабіцца з гэтымі зьвесткамі», — гаворыць Вадзім Мажэйка.

Таксама ён зазначае, што такое рашэньне беларускіх уладаў не адпавядае Канстытуцыі.

«Гэтае рашэньне не канстытуцыйнае. Пазбаўленьне людзей грамадзянства па нараджэньні не адпавядае ніякім міжнародным нормам, нідзе ў сьвеце такога ня робіцца; няма такіх прыкладаў, калі дзяржава наўмысна рабіла сваіх грамадзянаў апатрыдамі. Тэарэтычна такое рашэньне могуць адкаціць на прававых падставах», — мяркуе Вадзім Мажэйка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG