Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ухваліла закон, які дазваляе Лукашэнку пазбаўляць беларусаў грамадзянства за «экстрэмізм»


Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота
Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота

Дэпутаты прынялі праект закону адразу ў двух чытаньнях.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі законапраект «Аб зьмене закону Рэспублікі Беларусі «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусі», перадае БЕЛТА. Праект закону ўнёс урад.

Праект уводзіць новую падставу страты грамадзянства — «у сувязі з наяўнасьцю выраку суду Рэспублікі Беларусі, які ўступіў у законную сілу, пацьвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусі, калі такая асоба знаходзіцца за межамі краіны».

Іншыя навацыі ў праекце закону:

  • увядзеньне абавязковай прысягі для асобаў, якія набываюць грамадзянства Рэспублікі Беларусі,
  • скасаваньне рашэньня аб наданьні грамадзянства Рэспублікі Беларусі, калі асоба адмовілася ад складаньня прысягі,
  • рэглямэнтацыя ацэнкі ўзроўню веданьня адной зь дзяржаўных моваў пры прыёме ў грамадзянства.
  • Замацоўваюцца абавязкі грамадзяніна Рэспублікі Беларусі пісьмова або ў электроннай форме паведамляць уладам аб наяўнасьці грамадзянства замежнай дзяржавы, дазволу на жыхарства або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасьцю.

Ананіч: рашэньні пазбавіць грамадзянства будзе прымаць Лукашэнка

Адказная за законапраект дэпутатка Лілія Ананіч у інтэрвію БТ паведаміла, што рашэньне аб пазбаўленьні грамадзянства будзе прымаць Аляксандар Лукашэнка:

«Законам даецца вычарпальны пералік падставаў у выглядзе крымінальна караных дзеяньняў супраць дзяржавы, супраць нацыянальнай бясьпекі. Незалежна ад падставаў для набыцьця грамадзянства гэта можа пацягнуць страту грамадзянства Рэспублікі Беларусі».

  • Улады Беларусі рыхтуюць заканадаўчую магчымасьць пазбаўляць грамадзянства асобаў, асуджаных за «ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасьці» або «нанясеньне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусі».
  • Адпаведны законапраект аб грамадзянстве паступіў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 16 верасьня. Яго разглядала камісіі правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі. Адказвае за яго адэпутатка Лілія Ананіч.
  • Законапраект аб грамадзянстве ўнесла ў ПП НС Міністэрства ўнутраных справаў. Падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі 6 верасьня міністар Іван Кубракоў паведаміў, што папраўкі дадуць магчымасьць пазбаўляць «экстрэмістаў» беларускага грамадзянства, атрыманага паводле права нараджэньня. Асобам, пазбаўленым грамадзянства, прапануецца забараніць уезд у Беларусь на 30 гадоў.
  • Акрамя таго, МУС прапанавала абавязаць грамадзян Беларусі паведамляць «кампэтэнтным органам» аб атрыманьні іншага грамадзянства або «льготных дакумэнтаў» іншых дзяржаваў, напрыклад, «карты паляка».
  • 5 ліпеня «экспэртны савет» пад кіраўніцтвам старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай разгледзеў законапраект з папраўкамі да закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусі».
  • «Адной з прапанаваных экспэртамі навацыяў ёсьць увядзеньне нормы аб страце грамадзянства ў сувязі з наяўнасьцю выраку суду Рэспублікі Беларусі, які ўступіў у законную сілу, пацьвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне ёю цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы, калі такая асоба знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусі», — паведаміла тады прэс-служба Савету Рэспублікі.
  • Летам 2021 году ўступілі ў сілу заканадаўчыя зьмены, паводле якіх чалавека можна пазбавіць атрыманага грамадзянства Беларусі, калі ён прызнаны вінаватым у экстрэмізьме, тэрарызьме або цяжкой шкодзе інтарэсам дзяржавы.
  • Артыкул 10 Канстытуцыі абвяшчае, што «ніхто ня можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусі або права зьмяніць грамадзянства», але «набыцьцё і спыненьне грамадзянства ажыцьцяўляюцца ў адпаведнасьці з законам».

Уводзіць у закон норму, якая прадугледжвае магчымасьць пазбаўленьня грамадзянства па нараджэньні, — «гэта сваволя», заявіла спэцдакладчыца ААН у правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн 24 лістапада на онлайн-сустрэчы экспэртна-аналітычнага клюбу на тэму «Беларусь у выгнаньні: як абараніць правы чалавека».

«Нельга рабіць чалавека апатрыдам! Няма прэцэдэнту ў сьвеце, каб дзяржавы пазбаўлялі адзінага грамадзянства ад нараджэньня. Ёсьць выпадкі, калі чалавека пазбаўляюць аднаго з двух грамадзянстваў, але не адзінага», — падкрэсьліла экспэртка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG