Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці прапанаваў чатыры ўмовы ўдзелу спартоўцаў зь Беларусі і Расеі ў Алімпіядах


Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін
Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін

Спартоўцы Расеі і Беларусі рызыкуюць прапусьціць XXXIII летнія Алімпійскія і Паралімпійскія гульні, якія пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня 2024 году.

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці апублікаваў сваю пазыцыю ў пытаньні магчымага допуску прадстаўнікоў Расеі і Беларусі да Алімпійскіх гульняў 2024 году ў Парыжы.

Паводле фонду, сярод палітычных вязьняў у Беларусі застаецца звыш 30 спартоўцаў:

«Рэжымы Расеі і Беларусі разьвязалі вайну супраць Украіны, а таксама падвяргаюць маштабным рэпрэсіям сваіх уласных грамадзян. Пры гэтым расейскі рэжым не першы раз парушае Алімпійскае перамірʼе, а беларускі выйшаў у сусьветныя лідэры ў колькасьці палітычных зьняволеных прапарцыянальна колькасьці насельніцтва. Сярод палітычных вязьняў у Беларусі больш за 30 спартоўцаў. Сотні беларускіх спартоўцаў і трэнэраў былі змушаныя пакінуць краіну, дзясяткі страцілі магчымасьць выступаць на Алімпійскіх гульнях праз сваю грамадзянскую пазыцыю».

БФСС назваў умовы, пры якіх атлетаў зь беларускім або расейскім грамадзянствам варта дапускаць да Алімпіяды:

  • Адсутнасьць гімнаў, сьцягоў і іншых элемэнтаў нацыянальнай сымболікі;
  • Публічнае асуджэньне дзеяньняў расейскага і беларускага рэжымаў;
  • Адсутнасьць падтрымкі дзяржавы, у тым ліку зьвязаных зь ёй асобаў;
  • Нядопуск афіцыйных прадстаўнікоў, функцыянэраў, прапагандыстаў дзьвюх краін.

Дзявятага сьнежня была ўхваленая дэклярацыя 11-га Алімпійскага саміту, на якім большасьць удзельнікаў пагадзіліся, што санкцыі супраць дзяржаваў і ўрадаў Расеі і Беларусі, вінаватых у грубым парушэньні Алімпійскага перамір’я і Алімпійскай хартыі, павінны заставацца ў сіле. Гэтыя санкцыі ўключаюць:

  • забарону на правядзеньне міжнародных спартовых спаборніцтваў, якія арганізуюць або падтрымліваюць МАК ці Нацыянальныя алімпійскія камітэты ў Расеі ці Беларусі.
  • Ніякія сьцягі, гімны, колеры або любыя іншыя сымбалі гэтых дзяржаваў не дэманструюцца ні на воднай спартовай падзеі або сустрэчы.
  • Санкцыі таксама ўключаюць у сябе беспрэцэдэнтнае рашэньне МАК адклікаць алімпійскія ордэны ў прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера Расеі.

28 лютага, праз чатыры дні пасьля поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі.

16 кастрычніка стала вядома, што беларускія і расейскія спартоўцы ня змогуць удзельнічаць у Эўрапейскіх гульнях 2023 году, якія пройдуць у гарадах Польшчы.

У ліпені стала вядома, што ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі за напад Расеі на Ўкраіну і ролю Беларусі ў ваеннай агрэсіі, беларускія і расейскія спартоўцы рызыкуюць прапусьціць XXXIII летнія Алімпійскія гульні, якія пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 году. Напрыклад, мужчынскую і жаночую зборныя ў валейболе ўжо не дапусьцілі да кваліфікацыі на Гульні.

Пазьней Паралімпійскі камітэт прыпыніў сяброўства Беларусі ў арганізацыі.

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці раней выказваў надзею, што беларускім атлетам, якія асудзілі расейскую агрэсію, дазволяць выступіць на Алімпіядзе пад нэўтральным (алімпійскім) сьцягам, аднак пакуль няма зрухаў у гэтай справе, ніхто афіцыйна не заяўляў пра рыхтаваньне такой магчымасьці для беларускіх спартоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG