Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Начальства ставіць задачу: каб не было пустых паліцаў». Чым у Беларусі замяняюць заходнюю касмэтыку


Паліцы парфумэрна-касмэтычных крамы ў Беларусі запоўненыя такім чынам, каб не стваралася ўражаньне дэфіцыту імпартых тавараў
Паліцы парфумэрна-касмэтычных крамы ў Беларусі запоўненыя такім чынам, каб не стваралася ўражаньне дэфіцыту імпартых тавараў

Асартымэнт парфумэрна-касмэтычных тавараў, бытавой хіміі ў крамах стаў значна бяднейшым. Але пустых паліцаў няма: зьніклыя заходнія тавары прадаўцы замяняюць беларускімі і расейскімі.

«Зьнікаюць замежныя брэнды менавіта сярэдняга сэгмэнту цэнаў»

Старэйшае пакаленьне памятае часы татальнага дэфіцыту, але за апошнія гадоў 10 беларусы прывыклі ўжо да разнастайнасьці. А зараз выбару ўсё менш і менш, дзеліцца сваімі ўражаньнямі жыхарка беларускай сталіцы Аліна.

«Зьнікаюць замежныя брэнды менавіта ў сярэднім сэгмэнце цэнаў. Ня самыя дарагія, што прадаюцца, да прыкладу, у „Крафце“. Я не пра Сhanel ці Lancôme кажу, а пра мас-маркет.

Зьніклі фарбы для валасоў фірмаў L’Oréal і Wella. Зьнікае дэкаратыўная касмэтыка таго ж L’Oréal і Maybelline. Праўда, зьяўляецца нейкая новая прадукцыі з Румыніі і Вугоршчыны, але брэнды зусім незнаёмыя, гэта як кот у мяху», — апавядае беларуска Тацяна.

«Не хапае касмэтыкі для догляду твару. Асабліва карэйскай. Усё паліцы застаўленыя расейскімі/беларускімі брэндамі і рэшткамі іншых, але яны складаюцца з таго, чым карыстаецца меншасьць. Вельмі падаражэла ўсё — разы ў тры», — піша чытачка Свабоды Ганна.

«Пракладкі ня зьніклі. Нават зьявіліся нейкія новыя фірмы, якіх я ня ведаю. Але цэны проста зашкальваюць. Пачак начных пракладак Always ад Procter & Gamble (10 штук) каштуе больш за 15 рублёў», — паведамляе яшчэ адна чытачка Свабоды Сьвятлана.

«Зьніклі цьвёрдыя дэзадаранты Rexona, AXE, Old Spice. 4 зьменныя лязы для Gillette Turbo польскай вытворчасьці каштуюць 80 рублёў. Дык гэта яшчэ са зьніжкай. Проста зьдзек. Няхай сабе, мужчынам няшмат чаго трэба. Але эканоміць на крэме для галеньня неяк ня вельмі прыемна», — кажа Арцём пра дарагоўлю і дэфіцыт сродкаў для мужчын.

Купляйце беларускае. А таксама Procter&Gamble і Henkel расейскага разьліву

Чытачы Свабоды прыслалі шмат фота паліцаў менскіх крамаў касмэтыкі і бытавой хіміі — «Мілы», «Востраву чысьціні», «Кірмашу».

«Нельга сказаць, што паліцы ў крамах пустыя. Нейкім чынам супрацоўнікі крамаў прымудраюцца іх запаўняць. Але калі прыгледзецца — адны і тыя ж тавары. Заходняй касмэтыкі — рэшткі. У асноўным паліцы запоўненыя прадукцыяй беларускай і расейскай вытворчасьці. «Спрэс «Беліта-Вітэкс», а таксама нібыта і Procter&Gamble, Unilever, Henkel. Але прыгледзісься да штрых-коду і прачытаеш драбнюткі шрыфт ззаду — яны ўсе «расейскага разьліву», — кажа Галіна.

Паліцы запоўненыя касмэтычнымі таварамі расейскага разьліву
Паліцы запоўненыя касмэтычнымі таварамі расейскага разьліву

Ня вельмі давярае расейскай прадукцыі і гарадзенка Натальля. І цалкам дапускае, што давядзецца зноў езьдзіць у суседнюю Польшчу.

«Вы ведаеце, я не давяраю прадукцыі, вырабленай у Расеі. Прабачце, але пральныя парашкі Persil, якія вырабляе „Henkel Рус“ ці расейскі Ariel — яны не вымываюць бялізну так, як арыгінальныя. Да ковіду вазіла мыйныя сродкі зь Літвы ці зь Беластоку. Потым перайшла на нямецкія, якіх было даволі шмат ў „Міле“ ці „Востраве чысьціні“. Яны таксама зьніклі. Неўзабаве ўсе мае запасы скончацца, давядзецца пераходзіць на тое, што ёсьць. Альбо зноў у шоп-туры ў Беласток езьдзіць. Кажуць, яны ўжо аднавіліся. Засталося візу нейкім чынам зрабіць», — апавядае жанчына.

«Начальства ставіць задачу: стварыць ілюзію дастатку, каб не было пустых паліцаў»

Прадаўцы таксама скардзяцца на бедны асартымэнт, на рэшткі заходняга імпарту, які даволі хутка зьнікае з паліцаў.

«Гандлюем рэшткамі імпартных тавараў. Раней у нас былі цэлыя стэляжы з Maybelline, Bourjois, L’Oréal ды іншымі фірмамі сярэдняй катэгорыі цэнаў. Складаная сытуацыя з фарбамі для валасоў. Фактычна скончыліся запасы L’Oréal, Wella, Londa. Гэтыя маркі былі сапраўды францускай і нямецкай вытворчасьці. І цяпер людзі літаральна „зьмятаюць“ заходнія фарбы. У пятніцу прыйшла жанчына, убачыла фарбу L’Oréal Excellence, і хоць было ня ейнае адценьне „містычны блёнд“, да якога яна прызвычаілася, а проста „сьветла-русы“, забрала ўсе 6 пачкаў», — расказала на ўмовах ананімнасьці прадавачка «Востраву чысьціні», якая назвалася Аленай.

Жанчына таксама кажа, што даводзіцца праяўляць фантазію, каб запоўніць усе паліцы, а плошча крамы даволі вялікая.

«Начальства ставіць задачу: стварыць ілюзію дастатку, каб у крамах не было пустых паліц. Трэба выкласьці тавар так, каб стэляжы не выглядалі аднастайна, не былі запоўненыя аднолькавымі фляконамі, слоічкамі, тубамі. Вось і прыдумляем, у якім „шахматным парадку“ і ў якіх колерах расставіць гэтыя слоічкі-флякончыкі. Таму адныя і тыя ж тавары можна заўважыць у розных кутах крамы», — прызнаецца прадавачка.

Зьявіліся новыя брэнды
Зьявіліся новыя брэнды

На пытаньне, ці можна чакаць, што сытуацыя нармалізуецца, прадавачка «Востраву чысьціні» Алена адказала, што наўрад ці.

«Заходнія тавары траплялі да нас з Расеі, праз расейскіх імпартэраў. Цяпер многія замежныя кампаніі кшталту Procter&Gamble, Johnson&Johnson, Unilever зусім прыпынілі экспарт у Расею, адпаведна і ў Беларусь нічога ня даходзіць.

Так, у нас зараз ёсьць прадукцыя нібыта брытанскай кампаніі Unilever. Але ж дэзадаранты Rexona, шампуні, кандыцыянэры ды іншая прадукцыя Dove, Sunsilk, Timotei вырабляецца на заводах у Расеі (Туле, Екацерынбургу, Омску) . Яна пакуль ёсьць. І ў даволі шырокім асартымэнце. Як я разумею, гэтыя заводы ў Расеі працуюць, бо прадукцыя прыходзіць „сьвежая“ — у сэнсе даты вырабу.

Але зьнікаюць і некаторыя пазыцыі беларускай прадукцыі, напрыклад, лак для валасоў „Беліты“. Ці беларускія пракладкі „Мэгі“, якія былі даволі таннымі ў параўнаньні з Always, Naturella ці Discreet. Зараз ёсьць толькі Always, але ж цэны на іх вырасьлі напалову», — кажа прадавачка «Востраву чысьціні» Алена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG