Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч праінфармаваў Генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша, што Беларусь «згодная, без папярэдніх умоваў, на транзыт празь яе тэрыторыю ўкраінскага збожжа для наступнага экспарту з партоў у Літве», гаворыцца ў паведамленьні аб сустрэчы Генсакратара ААН з намесьнікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь у Нью-Ёрку, піша прэс-служба ААН.
У той жа час намесьнік кіраўніка беларускага МЗС паўтарыў просьбу Беларусі пра дазвол на экспарт беларускіх ўгнаеньняў, якія цяпер знаходзяцца пад санкцыямі.
Расея і Ўкраіна забясьпечвалі трэць сусьветных патрэбаў у пшаніцы і палову паставак алею. З пачатку ўварваньня Расеі 24 лютага экспарт збожжа з Украіны, а таксама прадуктаў харчаваньня і ўгнаеньняў з Расеі значна скараціўся. Гэта прывяло да рэзкага скачка цэнаў і пагоршыла харчовы крызіс у краінах, якія разьвіваюцца. Ва ўкраінскіх элеватарах назапасіліся горы збожжа.
Для аднаўленьня экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны была створаная Чарнаморская ініцыятыва па збожжы — працэдура бясьпечнага транспартаваньня збожжа і іншай харчовай прадукцыі па Чорным моры. Пагадненьне дазволіла аднавіць экспарт з Украіны збожжа, іншых прадуктаў харчаваньня і ўгнаеньняў.