«Ніякіх новых абавязаньняў, якія выходзілі б за межы ўжо існуючых у збожжавым пагадненьні, наша дзяржава ня брала», — заявіў Алег Нікаленка.
Прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны падкрэсьліў, што ўкраінскі бок дакладна выконвае палажэньні гэтага пагадненьня.
«Украіна ніколі не стварала небясьпекі для зерневага маршруту», — падкрэсьліў ён.
Алег Нікаленка дадаў, што Расея вярнулася да збожжавай ініцыятывы дзякуючы актыўнай дыпляматыі генэральнага сакратара ААН Гутэрыша і прэзыдэнта Турэччыны Эрдагана.
«У каардынацыі з Украінай яны знайшлі словы, якія зразумеў Пуцін. Гэта была пазыцыя сілы, а не саступак», — перакананы ён.
У сваю чаргу ў сваім штодзённым відэазвароце да ўкраінскага народу прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея зьмяніла свае паводзіны.
«252 дні таму Расея патрабавала гарантыяў бясьпекі ад ЗША. Пасьля васьмі месяцаў расейскай так званай „спэцыяльнай апэрацыі“ у Крамлі патрабуюць гарантыяў бясьпекі ад Украіны. Гэта сапраўды ашаламляльныя зьмены. Гэта паказвае і тое, да якога правалу прыйшла расейская агрэсія, і тое, наколькі мы з вамі моцныя, калі захоўваем адзінства», — заявіў Зяленскі.
«Мільёны ўкраінцаў і ўкраінак, якія ваююць і працуюць дзеля нашай свабоды. І мільёны людзей па ўсім сьвеце, якія дапамагаюць нам супрацьстаяць расейскаму тэрору. Разам мы забясьпечым паражэньне дзяржавы-тэрарысткі і яе пакараньня за тэрор. І гарантуем, што ўся Ўкраіна ёсьць і будзе вольнай», — перакананы прэзыдэнт Украіны.
Другога лістапада Міністэрства абароны Расеі заявіла, што пры ўдзеле ААН і Турэччыны Расея атрымала пісьмовае абяцаньне ад Украіны не выкарыстоўваць збожжавы калідор для вядзеньня баявых дзеяньняў.
Як разьвіваўся канфлікт
- 29 кастрычніка Расея прыпыніла свой удзел у пагадненьні аб вывазе з Украіны збожжа праз украінскія чарнаморскія парты. Гэтае рашэньне было прынята ў сувязі з атакай бесьпілётнікаў на караблі ў Севастопалі. Па вэрсіі Мінабароны Расеі, пад ударам апынуліся караблі, якія былі задзейнічаныя ў забесьпячэньні бясьпекі «збожжавага калідора». МЗС Расеі абвінаваціла ў атацы Ўкраіну, якой, паводле яго вэрсіі, дапамагалі брытанскія спэцыялісты. У Лёндане гэтыя сьцьвярджэньні зьняпраўдзілі, а ў Кіеве заявілі, што Масква толькі шукала нагоды, каб перастаць выконваць свае абавязаньні.
- На 31 кастрычніка ААН, Турэччына і Ўкраіна ўзгаднілі рух 16 суднаў па Чорным моры, дамоўленасьці былі дасягнутыя без удзелу Расеі. Бакі таксама дамовіліся аб правядзеньні інспэкцый на 40 суднах, якія выходзяць з партоў Украіны. У СКЦ дадалі, што расейскую дэлегацыю апавясьцілі пра гэтыя пляны.
- У гэты ж дзень Мінабароны Расеі паведаміла аб прыпыненьні руху па гуманітарным калідоры «да праясьненьня абставін украінскай атакі супраць караблёў у Севастопалі». У ведамстве дадалі, што рух суднаў па калідоры «зьяўляецца недапушчальным, бо Ўкраіна выкарыстоўвае яго для вядзеньня баявых дзеяньняў супраць Расеі».
- Збожжавая ўгода была заключана паміж Расеяй і Ўкраінай пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны 22 ліпеня. Першае судна з харчаваньнем выйшла з Адэсы 1 жніўня.
- Украіна — адзін з найбуйнейшых сусьветных экспартэраў збожжа. З прычыны расейскага ваеннага ўварваньня ў заблякаваных чарнаморскіх партах сабраліся мільёны тон харчаваньня. Кіеў абвінавачваў у гэтым Расею. Масква сьцьвярджала, што судны са збожжам ня могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мін у акваторыі. ААН папярэджвала пра рызыку голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.