Напярэдадні Дня правоў чалавека ў парлямэнце Чэхіі арганізавалі абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі.
Сьпікерка парлямэнту Чэхіі Маркета Пэкарава Адамава, якая адкрывала слуханьні, а таксама іншыя выступоўцы гаварылі пра катастрофу з правамі чалавека і законнасьцю ў Беларусі ды пра лёс палітвязьняў.
Павал Латушка, аналізуючы беларуска-расейскія адносіны і магчымы ўдзел беларускага войска ў вайне супраць Украіны, называў канец зімы — пачатак вясны як час магчымага забурэньня, які можа выклікаць незваротныя перамены.
Аляксандар Лукашук параўнаў сучаснае беларускае грамадзтва з архаічнай каставай структурай, часткова перавернутай. Наверсе вярхоўны брахман, а адразу за ім каста недатыкальных — сілавікі, супрацоўнікі рэпрэсіўнай праваахоўныя сыстэмы і іх сем’і. Ніжэй звычайныя працаўнікі на заводах, у калгасах, школах і шпіталях, а на самым нізе — нацыянальная эліта: інтэлектуальная, культурніцкая, навуковая, грамадзянская, якая ня мае правоў, перасьледаваная, загнаная ў турму ці на выгнаньне.
Увагу прысутных выклікаў шчыры аповед Паўла Латушкі пра брата, які знаходзіцца ў турме: яго білі каля 50 разоў, арыштавалі жонку, брату не дазваляюць пісаць і атрымліваць лісты па-беларуску, бо турэмны цэнзар ня ведае беларускае мовы. Аляксандар Лукашук зачытаў па-чэску апошні ліст Вацлава Гаўла, адрасаваны беларускім палітвязьням у 2011 годзе, за тры дні да сьмерці. Чацьвёра з адрасатаў Гаўла сёньня за кратамі.
Сьпікерка парлямэнту Чэхіі Маркета Пэкарава Адамава арганізавала ліст у абарону Дар’і Лосік, зьняволенай 18 кастрычніка сёлета. Ліст адрасаваны ў Менск сп. Андрэйчанку, які кіруе Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Ініцыятыву старшыні парлямэнту Чэхіі падтрымалі сьпікеркі парлямэнтаў Бэльгіі, Кіпру, Літвы, Польшчы, Славеніі.