У анкеце просяць адказаць на пытаньні аб узроўні адукацыі, папярэдніх месцах працы, службе ў войску, дзелавых сувязях, кантактах зь дзяржаўнымі ўстановамі краін NATO і Эўразьвязу. Тры апошнія пытаньні маюць палітычны характар.
Ёсьць пытаньне аб доступе да сакрэтнай інфармацыі і сувязях з службамі выведкі і бясьпекі краіны паходжаньня ці іншай дзяржавы (акрамя Літвы). Затым у анкеце ідзе пытаньне аб расейскай агрэсіі супраць Украіны. Заяўнікам неабходна адказаць на пытаньне «Ці падтрымліваеце вы ваенныя дзеяньні, якія праводзяцца Расейскай Фэдэрацыяй на тэрыторыі Ўкраіны?» Адказ толькі «так» або «не».
Заключны, адзінаццаты пункт — пытаньне «На вашу думку, каму належыць Крым?». Неабходна, як і на папярэдняе пытаньне, выбраць варыянт адказу: «Расеі» або «Ўкраіне».
Калі грамадзянін Беларусі або Расеі адмовіцца запаўняць анкету або запоўніць яе ня цалкам, то спэцыялісты Дэпартамэнту міграцыі маюць права адмовіцца прымаць яго заяву. Калі ж зьвесткі акажуцца няпэўнымі або высьветліцца, што чалавек нешта схаваў, яму адмовяць у выдачы дакумэнтаў, а калі ён мае дзейны ДНЖ або нацыянальную візу, іх могуць неадкладна ануляваць.