У кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выходзіць кніга «Бяляцкі на Свабодзе». Аўтарытэтны праваабаронца, палітычны вязень, гісторык беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў моладзевага нацыянальна-незалежніцкага руху 1980-х — Алесь Бяляцкі выяўляецца ў гэтай кнізе ў інтэрвію і рэпартажах Свабоды.
Публікуем фрагмэнты кнігі.
«Турма — гэта зьлепак дзяржавы»
Турма, сапраўды, гэта цяжкае выпрабаваньне для нашых палітычных вязьняў, бо там аказваецца рознымі сродкамі ўплыў, ціск на кожнага індывідуальна, на тых людзей, якія сядзяць за палітычныя перакананьні. Там ідзе сапраўдная барацьба, калі ты змагаесься з сыстэмай калёніі, Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, якія, натуральна, атрымліваюць інструкцыі з больш высокіх кабінэтаў.
Я не зьдзіўляюся і абсалютна разумею тых людзей, якія пасьля такой «пражаркі» выходзяць, і патрабуецца пэўны час, каб чалавек прыйшоў у сябе. У пэўнай ступені я яшчэ ня цалкам на волі. Нейкая частка мяне яшчэ знаходзіцца ў калёніі, і працэс унутранай рэабілітацыі праходзіць і далей. Як сказаў мне Аляксандар Казулін пры сустрэчы, мяне яшчэ недзе паўгода будзе каўбасіць, а потым стану больш-менш нармальным. Такі ў яго быў вопыт адаптацыі.
Адна з задачаў, якую я ставіў там перад сабою, — гэта пастарацца зьмяніцца як мага менш. Я спрабаваў закрыцца ад таго ўзьдзеяньня, якое аказвае турма на чалавека. Бо сапраўды, як бы там ні было, і характары, і паводзіны, і сам чалавек там можа зьмяніцца як у лепшы, так і ў горшы бок.
Турма — гэта зьлепак дзяржавы, маленькая такая копія дзяржавы. Я гэта ўпершыню, дарэчы, прачытаў у турме, чытаючы кніжку пра Салаўкі, калі Салаўкі называлі копіяй Савецкага Саюзу. І потым я не аднойчы пераконваўся, седзячы ў калёніі Бабруйскай, што гэта сапраўды такая маленькая дзяржава ў дзяржаве.
(Інтэрвію Радыё Свабода, 5 жніўня 2014).
«Гэта рэальнае катаваньне. Трэба, каб пра яго даведаўся ўвесь сьвет»
Самае пекла пачынаецца ў месцах часовага ўтрыманьня. Людзей беспадстаўна б’юць, разьдзяваюць дагала, у камэры на 4–6 чалавек запіхваюць паўсотні, прычым разам як мужчын, так і жанчын. Заліваюць у камэры хлёрку, не даюць спаць, піць. Што гэта, як не рэальнае катаваньне? Турму на Акрэсьціна сёньня ператварылі ў самы сапраўдны канцлягер, гэта не перабольшаньне.
Сумнеўна, што можна дабіцца справядлівасьці пры гэтай сыстэме, але трэба, каб пра гэта даведаўся ўвесь сьвет. І калі такія сьведчаньні будуць на руках, надыдзе час, і ўсе вінаватыя паўстануць перад адказнасьцю. Бо зразумела, што адмашка дадзеная з найвышэйшых колаў. Наша задача — высьветліць, хто арганізатар і выканаўца. Гэта ўжо ня проста парушэньне службовых інструкцыяў, а злачынства зусім іншага парадку.
(Інтэрвію Радыё Свабода, 12 жніўня 2020).
«Мы заклікаем людзей расказваць пра любыя справы, да вызваленьня можа прывесьці толькі прыцягненьне ўвагі»
Несумненна, сілавікі атрымалі карт-блянш. Ідуць проста нечуваныя зьдзекі, катаваньні — асабліва ў месцах зьняволеньня на Акрэсьціна, у цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў, ізалятарах часовага ўтрыманьня. Б’юць, трымаюць у перапоўненых камэрах. Пры паступленьні ці вось цяпер, калі паступова пачалі выпускаць, зьбіваюць да страты прытомнасьці. Гэтым займаюцца спэцпадразьдзяленьні — АМАП, унутраныя войскі. Ім далі прамы загад катаваць. Такая ўжо рэчаіснасьць...
Ёсьць пэўныя крытэры, па якіх чалавека прызнаюць палітычным зьняволеным. Багата па якіх справах нам не хапае інфармацыі. Пра нейкія працэсы мы даведваемся ўжо тады, калі яны скончыліся. Сваякі і знаёмыя абвінавачаных не даюць інфармацыі, баяцца. Гэта вельмі кепска, мы заклікаем людзей расказваць пра любыя справы, зьвязаныя з палітычным перасьледам. Гэта ні ў якім выпадку не нашкодзіць самім падазраваным і абвінавачаным. Наадварот, да іх вызваленьня можа прывесьці толькі прыцягненьне ўвагі«.
(Інтэрвію Радыё Свабода, З лютага 2021).
«Судовая ўлада абсалютна залежная, яе выкарыстоўваюць на поўную моц супраць палітычных апанэнтаў»
Маштаб рэпрэсіяў у краіне незвычайна высокі, такога не было з часоў Сталіна. Гэта нават нельга ні з чым параўнаць. Калі ўзгадаць гісторыю Беларусі часоў СССР, то ў нас па антысавецкіх артыкулах у 1960–80-я гады судзілі звычайна ад аднаго да трох чалавек штогод. Цяпер сотні людзей штомесяц адпраўляюць за краты, сотні сядзяць, і літаральна кожны дзень заводзяцца новыя крымінальныя справы. Узровень рэпрэсіяў проста зашкальвае.
Улады размаўляюць з народам на мове гвалту. Так званая судовая ўлада абсалютна залежная, яе выкарыстоўваюць на поўную моц супраць палітычных апанэнтаў, якія прадстаўляюць самыя розныя слаі грамадзтва — гэта і студэнты, і журналісты, і палітычныя актывісты, і прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты, і шараговыя рабочыя. Усе яны летам і восеньню 2020 году выказвалі як маглі пратэст супраць парушэньняў падчас выбараў. І вось зараз ідзе сапраўдны вал судоў і рэпрэсіўных дзеяньняў уладаў".
(Інтэрвію Радыё Свабода, 21 сакавіка 2021).