Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я свой народ за цывілізаваным сьветам — павяду. Як і чаму Алесь Бяляцкі стаў абаронцам правоў чалавека


Алесь Бяляцкі, 2018
Алесь Бяляцкі, 2018

Калі ў 1996 годзе Алесь Бяляцкі ў музэі Максіма Багдановіча, дырэктарам якога ён быў, пачаў ствараць праваабарончую арганізацыю «Вясна», многія яго не зразумелі. Магчыма, нехта не разумее і сёньня.

«Старая гвардыя» нацыянальнага адраджэньня з ухвалай успрымала Бяляцкага як кіраўніка таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», як стваральніка Каталіцкай грамады, як аднаго зь лідэраў БНФ... А вось абарона правоў чалавека (ды яшчэ і ў літаратурнай сьвятыні) выглядала на той час чужародна і быццам неадэкватна. Вядома, у краіне ўжо адбываліся парушэньні гэтых правоў ад самых першых выбараў першага прэзыдэнта. Былі ўжо і першыя палітвязьні. Тым ня менш у атмасфэры таго часу выглядала, што гэтым сваім крокам Бяляцкі быццам кудысьці сышоў ды яшчэ і людзей павёў на маргінэс.

Рэч у тым, што ў раньнія постсавецкія часы абарону правоў чалавека многія ўспрымалі як нейкую зусім новую, вузкаспэцыфічную (і ці нашу-беларускую?) дзейнасьць, бо самі парушэньні выглядалі як зьява сытуацыйная і несыстэмная. Умоўна кажучы, як дзясяты пункт рэзалюцыі палітычнай партыі ці, скажам, пісьменьніцкай арганізацыі, але не як тое, чаму прысьвячаюць жыцьцё. І ці тоеснае прысьвячэньне жыцьця абароне правоў прысьвячэньню жыцьця Беларусі?

Ліст Анатоля Сідарэвіча

15 чэрвеня 2004 году я атрымаў ліст, у якім вядомы літаратурны крытык і дзяяч сацыял-дэмакратыі Анатоль Сідарэвіч пісаў:

«Ня ведаю, як там клеіцца справа з кнігаю крытыкі Антона Луцкевіча, хоць я, ведама, падбіраю матэрыялы, што ня трапілі ў ранейшы набор, робячы адначасна том для „Беларускага Кнігазбору“.

Сёньня я пра іншае. Разгаманіўся зь Бяляцкім. Я табе, кажа ён, скіну тое, што ў мяне ёсьць. І сяньня ўранку прынёс у штаб-кватэру ПБНФ машынапісы ды ксэракопіі. А па абедзе я прыйшоў забіраць. А тамака — гэтулькі папак, што ня здужаю панесьці. Сеў я праглядаць, што мне прыдасца, а што — не...

Божа ласкавы! Ён жа гадоў дзесяць таму зрабіў кніжку. Амаль усе тыя тэксты, якія я скінуў Табе па электроннай пошце, былі аддрукаваныя на машынцы, і не ў адным асобніку — некаторыя ў чатырох. Гэта ж колькі працы змарнавана, часу, грошай... Ведама, наперадзе было галоўнае — камэнтары, тэксталёгія, але... Пайшоў дзяцюк у палітыку. Вечнае наша беларускае: інтэлектуал Луцкевіч займаецца палітыкаю, эстэт Тарашкевіч стаіць на чале Грамады... Ян Станкевіч згадвае: Тарашкевіч быў схільны да мэдыцыны, Луцкевічы адправілі яго на гісторыка-філялягічны факультэт, а Антон зрабіў зь яго правадыра. Ня ведаю, хто Бяляцкага рабіў правадыром. Дый сам я, пень стары, не разумнейшы».

Тут варта зрабіць карэкцыю, бо «пайшлі ў палітыку» ці былі да яе датычныя ў 1980–90-я гады ці ня большасьць дзеячоў культуры, але, называючы Бяляцкага правадыром, Сідарэвіч, напэўна, меў на ўвазе якраз абарону правоў чалавека, дзе Бяляцкі ад пачатку быў (і застаецца) правадыром.

Што да тэмы ліста, дык ён — пра мроены ўсімі намі збор твораў Антона Луцкевіча, цалкам забароненага за савецкім часам, але надзвычай глыбокага і чытэльнага творцу, якім мы ўсе захапляліся. Сідарэвіч урэшце такі каштоўны збор твораў падрыхтаваў і выдаў.

Сам Луцкевіч загінуў у ГУЛАГу. Ня лепшы лёс меў і Браніслаў Тарашкевіч, якога закатавалі ў менскай турме НКВД. Луцкевіч быў адным з айцоў-заснавальнікаў БНР, Тарашкевіч — лідэрам 100-тысячнай беларускай Грамады ў Заходняй Беларусі. Луцкевіч меў славу выдатнага літаратурнага крытыка, Тарашкевіч — стваральніка беларускай граматыкі і перакладніка «Іліяды» Гамэра.

Калі ўспрымаць словы Анатоля Сідарэвіча просталінейна, дык можна падумаць, што не пайдзі ўсе гэтыя людзі «ў палітыку», дык ну засталася б сабе Беларусь безь «Вясны», затое захавала б сабе выдатнага тэкстоляга і літаратара. Тады, з адваротнае пэрспэктывы, і Тарашкевіч быў бы сельскім лекарам, і Луцкевіч разважаў бы сабе пра паэтыку Багдановіча. Затое жывыя былі б і не ў турме.

Адно што зь вялікай верагоднасьцю адбывалася б гэта не ў Беларусі і не па-беларуску. Менавіта Антон Луцкевіч выступіў за незалежнасьць краіны. І без граматыкі Тарашкевіча беларуская мова працягвала б хадзіць у беспрытульніках. Зь Бяляцкім атрымалася яшчэ цікавей.

Ад маргінэсу да мэйнстрыму

Не магу сказаць, што думаў сабе Алесь Бяляцкі, робячы галоўнай сваёй справай абарону правоў чалавека. Але дакладна памятаю, як у тым самым 1996-м Лукашэнка заявіў: «Я свой народ за цывілізаваным сьветам не павяду». На здаровы розум гучыць дзіка. Але ж і не павёў.

І вось тады, калі ўсе намаганьні беларускіх адраджэнцаў (і Бяляцкага ў тым ліку) былі скіраваныя на стварэньне беларускай Беларусі, Алесь у адказ на барбарскую дэклярацыю Лукашэнкі цалкам мог сабе падумаць (з характэрнай сваёй усьмешкай): «А я павяду». У антыбеларускім у сутнасьці рэжыме Бяляцкі ўбачыў ці адчуў яго глыбейшую сутнасьць — антычалавечую.

Бо цывілізаваны сьвет — гэта не пра блендэр, смартфон ці туалетную паперу. І нават не пра аднаполыя шлюбы. Цывілізацыя — гэта і ёсьць правы чалавека. Цяпер на галаву паспалітага беларуса штодня выліваюцца балеі блытаных тэрмінаў пра «русский мир», эўразійства, «Гейропу» і «чуждые нам западные ценности». І хоць права на жыцьцё, права на выбар, права на свабоду слова і перамяшчэньня, права на бясьпеку і недатыкальнасьць па-ранейшаму прапісаныя ў законах РБ — а гэта і ёсьць «заходнія каштоўнасьці» — рэжымная прапаганда падмяніла іх адным — правам на аднаполыя шлюбы, паставіўшы тым самым піраміду каштоўнасьцяў дагары нагамі. Прапаганда з усіх сілаў падмяняе паняткі, каб толькі беларускі чалавек згубіў маральныя каардынаты, якім яго з маленства вучыла мама.

Чужароднае, на першы погляд, цела ў сьценах музэя ў выніку ўвабрала ў сябе і сам музэй, і ўсё нацыянальнае адраджэньне, бо выступіла за права на сваю мову і сваю нацыянальную ідэнтычнасьць. А таксама — на памяць, на тое, што ў беларусаў гэты здабытак ёсьць на генэтычным узроўні, што мы спрадвеку належым да Эўропы зь яе гуманістычнай традыцыяй, а не да Расеі, дзе такой традыцыі не было, і гэты здабытак трэба бараніць і зьберагаць. І, як высьветлілася, чым далей, тым з большым імпэтам.

Цывілізаваны сьвет выбар Бяляцкага ацаніў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG