Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: «Чалавек, які гаворыць па-беларуску, сьпявае па-беларуску, вучыць сваіх дзетак па-беларуску, — гэта адназначна эўрапеец»


Алесь Бяляцкі, 2014 год
Алесь Бяляцкі, 2014 год

10 сьнежня ў Осла адбудзецца ўручэньне Нобэлеўскай прэміі міру. На цырымоніі ня будзе аднаго зь ляўрэатаў — Алесь Бяляцкі вось ужо 17 месяцаў за кратамі, разам з сваімі паплечнікамі з Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Голас Алеся Бяляцкага некалькі дзесяцігодзьдзяў гучаў на хвалях Радыё Свабода ў абарону дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі.

У кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выходзіць кніга «Бяляцкі на Свабодзе». Аўтарытэтны праваабаронца, палітычны вязень, гісторык беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў моладзевага нацыянальна-незалежніцкага руху 1980-х — Алесь Бяляцкі выяўляецца ў гэтай кнізе ў інтэрвію і рэпартажах Свабоды.

Публікуем фрагмэнты кнігі.

«Беларуская культура сёньня адназначна атаясамліваецца з эўрапейскай культурай»

Гісторыя беларускіх літаратараў вельмі шчыльна зьвязаная з гісторыяй нашай краіны, з гісторыяй беларускага адраджэнцкага руху, і пакуты, якія выпалі на долю беларускіх адраджэнцаў, безумоўна, выпалі і на долю беларускіх літаратараў.

У каго мы, так бы мовіць, пальцам ні ткнем, абавязкова мы ўбачым, што гэта трагічныя лёсы, трагічныя сытуацыі, якія праходзілі праз турму. Калі казаць пра творы, то залежыць ад стагодзьдзя, але мы можам браць пачынаючы ад дзёньніка якога-небудзь Апанаса Філіповіча , які сядзеў у турме ў Варшаве за свае рэлігійныя перакананьні. XIX стагодзьдзе для мяне — гэта творы Кастуся Каліноўскага, якія ён напісаў перад сьмерцю, гэта проста найвыдатнейшыя радкі, гэта клясыка беларускай літаратуры.

Пачатак XX стагодзьдзя — гэта «Новая зямля» Якуба Коласа, якую ён пісаў, седзячы ў турме, і калі ты разумееш, што радкі «Мой родны кут, як ты мне мілы!» напісаныя за кратамі, за сьцяной «Валадаркі», то па-іншаму пачынаеш успрымаць гэтыя радкі і гэты сум, настальгію па роднай зямлі, якую ён адчуваў, тры гады адседзеўшы за кратамі.

Што тычыцца сёньняшняга часу, то гэта, безумоўна, «Лісты да Волі», якія напісаў беларускі паэт Уладзімер Някляеў. Кніга надзвычай цэльная, надзвычай высокамастацкая і ў літаратурным пляне адна з найлепшых кніжак, напісаных увогуле за апошні час.

Парадаксальная сытуацыя, але беларуская культура на сёньня адназначна атаясамліваецца з эўрапейскай культурай, і гэта надзвычай важны момант, які адрозьнівае яе ад таго, што было гадоў трыццаць таму. Сёньня чалавек, які гаворыць па-беларуску, сьпявае па-беларуску, вучыць сваіх дзетак па-беларуску, — гэта адназначна праэўрапейскі чалавек, гэта эўрапеец. Мы павінны разумець гэта і прыкладаць усе намаганьні для падтрымкі разьвіцьця любых беларускіх ініцыятываў у Беларусі сёньня. Сапраўды, можа, яны ня маюць палітычнай актуальнасьці , але тое, што яны закладаюць падмурак для існаваньня незалежнай Беларусі, беларусаў як народу, на будучыню, на пэрспэктыву, — гэта безумоўна.

(Інтэрвію Радыё Свабода, 5 жніўня 2014).

«У няволі ў цябе нібы новыя вочы адкрываюцца на літаратуру»

У калёніі мне можна было атрымліваць кніжкі праз заказную пошту. Даволі багата кніжак мне прысылалі з тых, якія я прасіў, дый бібліятэка там была немалая. Там упершыню я прачытаў раман «Жыцьцё і лёс» Васілія Гросмана, да якога ў мяне рукі на волі не даходзілі.

Вось што я там заўважыў. У няволі ў цябе нібы новыя вочы адкрываюцца на літаратуру. У турме зьяўляецца больш рэзкі погляд на тэкст, больш сфакусаваны. Гэта зьвязана з тым, што цябе не адцягваюць ні побытавыя, ні іншыя праблемы, хоць яны там таксама ёсьць. Але тут, на волі, шмат якія дробязі проста разьбіваюць тваю засяроджанасьць. А там ты застаесься сам-насам з кніжкай, якая ёсьць і крыніцай інфармацыі, і крыніцай моцы, якой там таксама не хапае. І «Вайну і мір» я там перачытаў. Не магу сказаць, што там не было добрай літаратуры. Проста — што каму падабаецца. Каму Дар’я Данцова, а каму Леў Талстой і Ўладзімер Караткевіч.

(Інтэрвію Радыё Свабода, 29 сьнежня 2014).

«Эпоха пост-постмадэрну рэальна зацягнулася»

Адбываюцца працэсы пост-постмадэрнізацыі ўсёй культуры, у тым ліку і літаратуры. У тым ліку і беларускай літаратуры. Калі літаратура са сьцяга на беларускіх барыкадах, якой яна ў нас доўгі час была (як пісаў у свой час Піліп Пестрак, «Сустрэнемся на барыкадах»), — сыходзіць у штукарства, сыходзіць у неабавязковасьць, няважнасьць і ня хоча быць абавязковай, важнай. Такая эпоха пост-постмадэрну рэальна зацягнулася. І калі ў Эўропе ўсё гэта было сто гадоў таму — росквіт постмадэрнізму — дык толькі зараз гэта зрабілася рэальным чыньнікам у беларускай літаратуры.

Вось пакаленьне 30–40-гадовых, багата хто зь іх, зьяўляюцца носьбітамі гэтага пост-постмадэрну. А гэта зусім іншыя адносіны да літаратуры, гэта ўжо пайшла гульня ў пэрліны, калі перафразоўваць.

Але, мне падаецца, гэта натуральныя працэсы, бо ў той жа час існуе клясычная беларуская літаратура, і клясычная ў добрым сэнсе, якая зьяўляецца сучаснай. Уладзя Арлоў, Вінцэсь Мудроў, Барыс Пятровіч — сучасныя «гарадзкія» пісьменьнікі, якія пішуць у нармальных беларускіх традыцыях, я лічу, важных для нашай беларускай літаратуры. Ну, урэшце, сярод празаікаў — Уладзімер Някляеў. Гэта сучасны беларускі празаік. І, нягледзячы на ягоныя гады, ягоная проза вельмі маладая. Гэта сучасная маладая проза.

(Інтэрвію Радыё Свабода, 13 кастрычніка 2016).

XS
SM
MD
LG