На 10 сьнежня ў Маскве заплянавалі цырымонію ўручэньня музычнай прэміі «Залаты грамафон». Весьці яе будуць расейская кінаактрыса Кацярына Скулкіна і беларускі актор Вадзім Галыгін.
«Я ўпершыню выйду на сцэну цырымоніі „Залаты грамафон“ у якасьці вядоўцы, і для мяне гэта вялікі гонар, — пракамэнтаваў Галыгін. — Цяпер кожнаму з нас вельмі важная вера ў добрае і сьветлае, крыху гумару і падтрымка. Упэўнены, мы з Кацяй зловім адну хвалю і зробім будучую падзею незабыўнай для гледачоў».
Частка грошай ад продажу квіткоў пойдзе на «дапамогу вымушаным перасяленцам з Харкава» і «дапамогу жыхарам прыфрантавых і далучаных тэрыторыяў».
Да гэтага цырымонію вёў расейскі актор Іван Ургант. Ён быў вядоўцам «Залатога грамафону» 13 разоў, пачынаючы з 2008 году.
Сёлета Ургант выступіў супраць вайны Расеі з Украінай і ў сакавіку эміграваў разам зь сям'ёй. Увосень ён вярнуўся ў Расею. Адразу пасьля пачатку вайны ў акаўнце Івана Урганта ў Instagram зьявіліся словы «Страх і боль. НЕ ВАЙНЕ», якія суправаджаліся чорным квадратам замест фатаграфіі.
У сваю чаргу Галыгін ў жніўні 2020 году выпусьціў зварот, у якім, сярод іншага, заклікаў сілавікоў спыніць гвалт супраць беларускага народу.