Кіраўнік Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль заявіў, што з пачатку расейскага ўварваньня за незаконнае перасячэньне беларуска-ўкраінскай мяжы затрымалі 17 іншаземцаў — грамадзян Беларусі, Расеі, Пакістану і Індыі.
Двух грамадзян — Расеі і Беларусі — выдварылі з Украіны, бо яны не змаглі дакладна патлумачыць прычыну і мэту незаконнага перасячэньня.
«Ці былі гэтыя людзі, якіх адмыслова адправілі з тэрыторыі Беларусі для выяўленьня слабых месцаў на мяжы для магчымага заходу дывэрсыйна-выведных групаў, — высьвятляюць праваахоўнікі. Рэшта людзей [грамадзян Беларусі і Расеі], якія нелегальна перасеклі мяжу, або ўжо ваююць на баку Ўкраіны супраць акупанта, або праходзяць падрыхтоўку да службы ва Ўзброеных сілах Украіны», — удакладніў Віталь Коваль у эфіры «Радіо Трек».
Разам з тым Віталь Коваль не ўдакладніў агульную колькасьць беларусаў і расейцаў, якія незаконна перасеклі мяжу і цяпер ваююць на баку Ўкраіны. Імаверна, ідзецца аб 9 грамадзянах Беларусі і Расеі, бо, паводле яго, у лягеры для ўцекачоў знаходзяцца шасьцёра грамадзян Пакістану і Індыі, таксама затрыманыя пры незаконным перасячэньні беларуска-ўкраінскай мяжы.
6 сьнежня Цэнтар нацыянальнага супраціву, які зьвязваюць з украінскай выведкай, заявіў, што беларускія памежнікі наўмысна скіроўваюць уцекачоў з Ірану і Пакістану на ўкраінскія межы.
У пачатку сьнежня стала вядома, што 25 лістапада ў 16:15 за 500 мэтраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы на тэрыторыі Ўкраіны ўкраінскія памежнікі затрымалі групу мігрантаў, грамадзян Пакістану і Бангладэшу. За незаконны пераход мяжы былі пакараныя тры мігранты, але агульная колькасьць групы невядомая. Яны спрабавалі перасекчы мяжу ў Зарэчненскім раёне Ровенскай вобласьці.
У красавіку мяжу ў Рэпкінскім раёне Чарнігаўскай вобласьці перасекла яшчэ адна група мігрантаў. Як мінімум двое зь яе — грамадзяне Кубы. Але факт незаконнага перасячэньня ўкраінскія памежнікі змаглі задакумэнтаваць толькі праз паўгоду, у кастрычніку, калі гэтыя грамадзяне спрабавалі трапіць у Эўропу пасьля незаконнага перасячэньня ўкраінскай мяжы ў Закарпацкай вобласьці. Як яны перамясьціліся з Чарнігаўскай у Закарпацкую вобласьць, калі фактычна на ўезьдзе і выезьдзе ў кожнае паселішча стаяць украінскія вайсковыя блёк-пасты, — невядома.
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны гэтыя факты пакуль не камэнтуюць. Пра іх стала вядома з судовых рашэньняў, апублікаваных у Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.