4 гады калёніі настаўніцы за відэа з расейскай вайсковай тэхнікай
Суд у Гомлі асудзіў былую настаўніцу Ірыну Абдукерыну з Хвойнікаў (Хойнікаў) на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму за адпраўку відэа з вайсковай тэхнікай тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн». Акрамя турэмнага тэрміну настаўніцы прызначылі штраф у 100 базавых велічыняў ($1270 даляраў).
Жанчыну затрымалі 5 красавіка на лецішчы. Падставай для затрыманьня, як удакладняе «Вясна», стала нібыта тое, што жанчына запісала на відэа перамяшчэньне калёны расейскай вайсковай тэхнікі і пераслала відэа ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». Увесь час да суду Абдукерына правяла пад вартай.
9 гадоў калёніі паводле дзевяці артыкулаў
16 лістапада судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Віктар Сянько асудзіў 32-гадовага Сяргея Нялепку на 9 гадоў калёніі.
Вядома, што пракурор прасіў асудзіць Нялепку на 16 гадоў пазбаўленьня волі, але судзьдзя абмежаваўся 9 гадамі.
Сяргея ў сакавіку 2022 году затрымаў ГУБАЗіК Горадзенскай вобласьці. На камэру ён сказаў, што яго затрымалі за рэгістрацыю ў пляне «Перамога», а таксама за ўдзел у «дэструктыўных чатах», у якіх мужчына «заклікаў да гвалту над праваахоўнікамі».
У сьнежні КДБ унёс Сяргея Нялепку ў «сьпіс тэрарыстаў», таму яму нельга дасылаць грашовыя пераводы, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Адрас: Турма № 1, 230023, Горадня, Кірава, 1, Нялепка Сяргей Алегавіч.
Сілавікі затрымалі мужчыну, які ў 2020 годзе вешаў на машыну тапак, для «прыцягненьня ўвагі»
Супрацоўнікі ГУБАПіК затрымалі мужчыну, які ў 2020 годзе павесіў на машыну тапкі з надпісам «стоп таракан», каб «прыцягнуць увагу», паведамляе праўладны Telegram-канал, блізкі да сілавікоў. Аўтары канала пішуць, што пасьля затрыманьня падчас дадатковай праверкі сілавікі высьветлілі, што мужчына ўдзельнічаў у «масавых парушэньнях парадку» і стаяў на ўліку ў пляне «Перамога».