У канцы лістапада судовая калегія крымінальных спраў Магілёўскага абласнога суду задаволіла пратэст пракурора Бабруйскага раёну аб зьмене прысуду мясцоваму жыхару Сяргею Ляліну, які 11 ліпеня быў прызнаны вінаватым у абразе Лукашэнкі (ч. 1. арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).
Судзьдзя Вольга Серакова вынесла прысуд у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін адзін год з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Апэляцыйнае вызначэньне судовай калегіі крымінальных спраў Магілёўскага абласнога суду задаволіла пракурорскі пратэст у поўным аб’ёме — тэрмін канчатковага пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі па сукупнасьці злачынстваў павялічыўся да 2 гадоў, піша Вясна.
Паводле выраку, Сяргей Лялін нібыта «падзяляючы і прытрымліваючыся ідэй сацыяльнай нецярпімасьці да прадстаўнікоў улады, у студзені 2021 году ў Бабруйску на адным з экстрэмісцкіх Telegram-каналаў разьмясьціў камэнтары з абразамі ў адрас кіраўніка дзяржавы, а таксама супрацоўніка Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».