У ягоным целе экспэрты знайшлі дзьве кулі, імаверна, ад пісталета Макарава. У канцы сакавіка расейскія вайскоўцы выкралі пісьменьніка з дому. З таго часу родныя ня бачылі яго жывым.
Удзельнік Рэвалюцыі Годнасьці, валянтэр і актывіст, ён ніколі не хаваў сваіх перакананьняў. Канфліктаваў за ўкраінскую мову. Быў прынцыповы. Вельмі любіў дзяцей, пісаў для іх вершы і казкі.
«Ягоная галоўная зброя — пяро»
Маці пісьменьніка Алена Ігнаценка, расказваючы пра сына, дагэтуль гаворыць пра яго — ён ёсьць, а ня быў.
«Я дагэтуль не магу паверыць, дагэтуль не разумею, хто мог падняць руку. Ён быў такі худы. Ягонай галоўнай зброяй заўсёды былі асадка, пяро. Хіба можна было страляць у такога чалавека?» — цытуе BBC маці загінулага пісьменьніка.
Алена Ігнаценка дадала, што яе сын пачаў пісаць вершы яшчэ ў малодшых клясах.
«Гэта было, як правільна сказаць, каб не на суржыку, — азарэньне. Вось яму ў галаву прыйшло — ён імгненна запіша. Калі яго адпраўлялі ў армію, ён такі верш пра маці напісаў і прачытаў, што ўсе госьці сядзелі і плакалі», — успамінае маці Ўладзіміра Вакуленкі.
Алена Ігнаценка дадала, што яе сын быў закаханы ва ўкраінскую мову і прынцыповы ў яе ўжываньні. Праз гэта меў канфлікты з аднавяскоўцамі.
«Ён намагаўся дабіцца, каб цалкам усе перайшлі на ўкраінскую мову. Але ў нас усё жыцьцё — суржык. Мне, напрыклад, усё роўна, хто як размаўляе, абы чалавек быў добры. Ну а ён такі прынцыповы. Дзевяць гадоў пражыў на Львоўшчыне, то ён прывык да ўкраінскай мовы», — дадала маці пісьменьніка.
Адмовіўся ад расейскай гуманітарнай дапамогі
Уладзімір Вакуленка жыў з сынам у Капітолаўцы каля Ізюму, побач з маці. Сына ён выхоўваў сам пасьля разводу з жонкай. Вайна ў гэтым паселішчы пачалася з абстрэлаў і авіяналётаў. Алена тыдзень не магла дабрацца да сына з унукам, хоць яны жылі на суседняй вуліцы.
«Абстрэлы. Высунесься — гармата як ударыць! Але ўсё роўна душа балела так, пабеглі і пераканаліся, што ўсё жывыя. Выжывалі як маглі, таган паставілі ў садзе. Гатавалі», — расказвае маці пісьменьніка.
Ужо тады ў вёсцы не было газу, вады і электраэнэргіі.
«Мы да іх прыбеглі, а ў іх няма нават з чаго есьці зварыць, вады пітной няма. Там у іх у двары сьвідравіна, але ж электрыкі няма запампаваць, і мы пачалі так пад абстрэламі ім спачатку насіць у біклажках, а потым біклагу такую малочную знайшлі. І „краўчучкай“ (складная рама з двума коламі. — РС) вазілі пітную ваду», — расказала Алена Ігнаценка.
З рэштак мукі Алена пякла на буржуйцы праснакі: «Ну як гэта — дзеці, мой сыночак, мой унучак — і бяз хлеба».
Расейцы зайшлі ў Капітолаўку 7 сакавіка. Блёк-пост паставілі побач з брамай будынку, у якім Вакуленка жыў з сваім бацькам і сынам. Свой штаб расейцы разьмясьцілі ў дзіцячым садку. Туды завозілі прадукты і казалі, што гэта нібыта гуманітарка. Тады людзі ўжо пачалі галадаць, ратавала толькі гародніна ў склепе. Таму пайшлі туды, каб хоць нешта ўзяць. Падышоў і Ўладзімір.
«„Мама, а чыя гуманітарка?“ — Кажу: „Вова, перахрысьціся тройчы, вядома, расейская! Як сюды трапіць цяпер украінская гуманітарка?“ — „Так. Я кацапскага браць ня буду!“».
Але бацькі прымусілі яго ўзяць хаця б нешта для сына.
«Кажу: Вова, гэта твой прынцып, я цябе разумею. Можа, у нас у душы тое самае, але ад голаду мы ня будзем паміраць. Мы ня ведаем, калі і што мы недзе зможам дастаць, ці нам дадуць, ці прывязуць. — Ладна, для Віталіка вазьму», — прыгадала сваю размову з сынам Алена Ігнаценка.
Сын і бацька
Уладзімір Вакуленка вельмі любіў свайго сына Віталя. Іхныя дачыненьні былі асаблівыя. Менавіта таму Ўладзімір Вакуленка пачаў пісаць дзіцячыя кнігі. У Віталя дыягнаставалі аўтызм.
«Гэтымі дзіцячымі творамі, выступамі ў дзіцячых установах, выданьнем кніг для сьляпых дзяцей... Менавіта дзякуючы свайму Віталіку ён разумеў, што такім дзецям патрэбна асаблівая ўвага», — мяркуе Алена.
Яна кажа, што Ўладзімір і Віталік ніколі не расставаліся. І цяпер Віталь вельмі сумуе па бацьку. Алена забрала да сябе ўнука праз тыдзень пасьля таго, як прапаў сын Уладзімір.
У студзені Віталю споўніцца 15 гадоў. Ён вельмі зьмяніўся пасьля перажытага.
Напісаў 13 кніг і выпусьціў два беларускія выданьні
Цяпер у Харкаўскім літаратурным музэі апрацоўваюць дзёньнік, які вёў Уладзімір Вакуленка ў часе акупацыі і які пасьпеў закапаць у зямлі. Рукапіс знайшлі толькі праз паўгода.
У творчай спадчыне Ўладзіміра Вакуленкі 13 кніг. Ён перакладаў зь літоўскай і беларускай моваў.
У 2020-м, падчас пратэстаў у Беларусі, ён ініцыяваў выданьне анталёгіі беларускай паэзіі «Жыве Беларусь! За нашу і вашу свабоду!».
У лютым 2021 году ў Будапэшце выйшла кніга «Сучасні білоруські казки», надрукаваная шрыфтам Брайля для дзяцей, якія маюць слабы зрок.
Уладзіміра Вакуленку пахавалі ў Харкаве.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.