Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога маладафронтаўца будуць судзіць у Польшчы за цкаваньне і зьнявагу ўкраінцаў


Арцём Дубскі пасьля вызваленьня з турмы, травень 2010 г.
Арцём Дубскі пасьля вызваленьня з турмы, травень 2010 г.

Грамадзянін Беларусі Арцём Д. стане ў Польшчы перад судом за публічную абразу групы асобаў паводле нацыянальнай прыкметы, паведамляе польскі Цэнтар маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзінаў.

Ідзецца, праўдападобна, пра Арцёма Дубскага. У сваіх відэа (для польскай аўдыторыі) ён пляжыць украінцаў, захапляецца літарай Z у Варшаве, анансуе паездку ў Расею да людзей, якія ваююць супраць Украіны. З ініцыятывы беларусаў Варшавы Дубскім зацікавіўся Цэнтар маніторынгу расізму і ксэнафобіі. Цэнтар паскардзіўся на яго ў пракуратуру з прычыны цкаваньня ўкраінцаў, пагрозаў фізычнай расправай і сувязяў з прарасейскімі сіламі.

Калі ўкраінцы пратэставалі ў Варшаве супраць супраць удзелу расейскага пасла ва ўрачыстасьцях да 9 траўня, на месцы зьявіўся Арцём Д. і называў іх «фашыстамі» і «бандэраўцамі». Усё гэта былы палітвязень і сябра Маладога Фронту Дубскі яшчэ і запісваў на відэа, камэнтаваў і выклаў на ютуб. Гэтыя кадры пасьля паказалі на БТ як думкі «звычайных грамадзян». Цэнтар заяўляе, што Дубскі шматкроць публічна абражаў украінскіх уцекачоў, хваліў Пуціна і вайну супраць Украіны.

Цэнтар таксама паведамляе, што Дубскі спрабаваў уцягнуць яго ў свае правакацыі.

«Прыходзіў да нас у офіс, цьмяна тлумачыў, што яго нібыта перасьледуюць праз нацыянальнасьць, сьцьвярджаў, што мае доказы, але не хацеў іх выставіць. Затым ён запісаў відэа, спрабуючы даказаць, што мы нічога ня робім для «ахвяры» злачынства на глебе нянавісьці па нацыянальнай прыкмеце», — заяўляе Цэнтар.

Цэнтар атрымаў з пракуратуры паведамленьне, што абвінавачаньне супраць Дубскага накіраванае ў раённы суд Варшавы.

  • У сярэдзіне 2000-х Арцём Дубскі ўзначальваў суполку «Маладога Фронту» ў Асіповічах. Быў фігурантам гучнай справы «14-ці», калі моладзевых актывістаў судзілі за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску. Пэўны час жыў ва Ўкраіне, пасьля вяртаньня ў Беларусь трапіў у турму, а пасьля выхаду ў 2010-м зноў накіраваўся ва Ўкраіну. Увосень летась у кватэры, дзе ён жыў, адбыўся ператрус. Украінскія сілавікі шукалі наркотыкі і зброю, пасьля трох дзён Дубскага вызвалілі без выстаўленьня абвінавачаньня. Пасьля гэтага ён спрабаваў праз ААН дамагчыся міжнароднай абароны ад украінскіх і беларускіх сілавікоў. А ў наступным годзе зьехаў жыць у Польшчу.
  • У Польшчы, як кажа пра сябе Дубскі, палітыкай ён не цікавіцца, займаецца бізнэсам і блогерствам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG