У інтэрвію Свабодзе Premium Асада расказаў, чаму і як вывучыў беларускую мову, і паразважаў, як трэба сьмяяцца з Лукашэнкі і іншых дыктатараў.
Сьцісла
- Знаёмы патлумачыў, што калі хтосьці ў Менску размаўляе па-беларуску, то ён або зь вёскі, або з апазыцыі. Я зацікавіўся і пачаў слухаць беларускія песьні — Вольскага, Міхалка, гурт «Ойра».
- Я сачыў за падзеямі 2020 году. Вельмі сумна ўяўляць, што столькі людзей дзясяткі гадоў жывуць, можна сказаць, у турэмным рэжыме.
- У нас меў быць стэндап 26 лютага, і мы ня ведалі, ці трэба яго рабіць, ці людзям не да жартаў. Урэшце сабралі 2 000 чэскіх корун і аддалі іх на дабрачыннасьць ва Ўкраіну. Ад пачатку вайны адправілі больш за 100 000 корун для падтрымкі Ўкраіны.
«У Менску я быў крыху ў шоку, бо беларускую мову чуў толькі ў мэтро»
— Давайце напачатку больш раскажам пра вас нашай аўдыторыі. Я слухала, як вы гэта робіце на сцэне. Раскажыце пра сябе.
— Мяне завуць Асада. Я ўзбэк, нарадзіўся ў Японіі, ужо шэсьць гадоў жыву ў Чэхіі. Мы зь сябрам заснавалі разам стэндап-клюб «Stand Up Cherry». Амаль год выступаем перад мігрантамі і дапамагаем маладым комікам пачаць сваю стэндап-кар’еру.
Мне 22 гады, пасьля Японіі я жыў на Кіпры, цяпер у Чэхіі. Ва Ўзбэкістане я ніколі ня жыў, толькі пашпарт маю. Размаўляю па-ангельску, па-расейску, па-ўкраінску, па-чэску, па-японску, па-беларуску і крыху па-ўзбэцку.
— А якую мову лічыце роднай?
— Ня ведаю. Я б сказаў, што або расейскую, або ангельскую.
— Як вы прыйшлі да беларускай мовы? Як хутка яе вывучылі?
— Насамрэч я ніколі не вучыў беларускую мову спэцыяльна. Калі ўпершыню паехаў у Менск, амаль нічога ня ведаў пра Беларусь. Чуў, што вуліцы чыстыя, згушчанка смачная і «бацька» парадак трымае. Калі я там быў, мне, з аднаго боку, было прыемна, што ўсе размаўляюць на зразумелай мне мове, але, зь іншага боку, я быў крыху ў шоку, бо беларускую мову я чуў толькі ў мэтро. «Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца». Я спытаў знаёмага, чаму так, і ён мне адказаў, што калі хтосьці ў Менску размаўляе па-беларуску, то ён або зь вёскі, або з апазыцыі. Я зацікавіўся і пачаў слухаць беларускія песьні — Вольскага, Міхалка, гурт «Ойра».
Я пабачыў, што насамрэч ёсьць песьні, відэа, фільмы па-беларуску. Заўважыў, што беларуская мае шмат супольнага з расейскай і з чэскай мовай, пачаў разумець тэксты песень. Потым далучыўся да беларускамоўнага discord-сэрвэру і нават зьдзівіўся, што мог ужо весьці простую размову з носьбітамі мовы.
«Галоўнае — не баяцца рабіць памылкі, бо з часам іх будзе ўсё менш»
— Патлумачце, калі ласка, як вы вучыліся. Падручнікі, размовы з людзьмі...
— Амаль усё дыстанцыйна адбывалася. Без падручнікаў вучыў мову каля году. Мне было найбольш складана зразумець, дзе мае быць націск у беларускай мове, а таксама як мяняецца е на я перад націскам.
— Што б вы параілі беларусам, якія не гавораць на роднай мове? Якія першыя крокі варта зрабіць?
— Каб пачаць размаўляць на любой мове, яна мае быць на слыху. Слухайце беларускія песьні, глядзіце навіны па-беларуску, калі ёсьць магчымасьць, хадзіце на беларускія стэндапы. Галоўнае — не баяцца зрабіць памылкі, бо з часам іх будзе ўсё менш.
— Вы назвалі песьні Вольскага, Міхалка. Каго яшчэ слухалі зь беларускіх музыкаў? Каго чыталі па-беларуску?
— Я чытаў вершы Янкі Купалы. Слухаў гурты TOR BAND, «Сразу май».
— Ці ведаеце, што цяпер музыкі TOR BAND за кратамі?
— Ня ведаў.
— Наколькі сачылі за тым, што адбываецца ў Беларусі — у 2020 годзе і цяпер?
— Я сачыў за падзеямі 2020 году, але не скажу, што ўвесь час чытаю навіны пра Беларусь. Вельмі сумна пра гэта думаць і ўяўляць, што столькі людзей дзясяткі гадоў жывуць, можна сказаць, у турэмным рэжыме.
— Што і хто вас зьвязвае зь Беларусьсю, акрамя мовы?
— Зараз толькі стэндап і сябры. Калісьці я езьдзіў у Менск даволі часта, бо я займаўся японскімі шахматамі сёгі. Гэта японскі аналяг шахматаў, яны маюць супольнага продка — індыйскую чатурангу. Гэта таксама вельмі цікавая гульня, у ёй іншыя правілы. А ў Беларусі рэальна наймацнейшыя гульцы сёгі ў Эўропе, яны неаднойчы перамагалі ў чэмпіянатах і Эўропы, і сьвету.
— А вы на якім месцы ў гэтай гульні?
— У турніры для пачаткоўцаў я займаў першае месца, а ў іншых ужо нават ня памятаю.
«Лічу, што жартаваць трэба з усяго. Пытаньне толькі, хто жартуе, як і перад кім»
— Я глядзела відэа з вашымі стэндапамі па-ўкраінску. У вас цудоўная ўкраінская мова. Як да ўкраінскай мовы прыйшлі?
Глядзець з 1:21:45
— Таксама праз знаёмых, празь песьні, празь фільмы. І праз стэндап таксама. Слухаеш украінскіх комікаў і хочаш выступаць на адной сцэне зь імі.
— Украінцы ўмеюць сьмяяцца ў самыя складаныя часы. Цяпер вайна, але ўкраінскі гумар на вайне — гэта нешта непаўторнае. Вашыя стэндапы таксама зьвязаныя з вайной. Як вы для сябе вызначылі, пра што варта жартаваць падчас вайны, а пра што, магчыма, ня варта?
— Лічу, што жартаваць трэба з усяго. Пытаньне толькі, хто жартуе, як і перад кім. Мой партнэр у «Stand Up Cherry» Артур Валянкевіч — з Марыюпалю, і ягоныя жарты я расказваць не магу, бо людзі зразумеюць ня так, як ад яго. Важна, і хто гэтыя жарты слухае. Калі да нас прыяжджала ўкраінская камікеса Насьця Зухвала, яна жартавала перад заляю, поўнаю людзей, якія пераехалі пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. У іх былі іншыя рэаліі, і таму больш радыкальны, больш агрэсіўны гумар патрапляў лепей яд яе, чым патрапляў бы ад нас.
Калі толькі гэта ўсё пачалося, у нас меў быць стэндап 26 лютага. І мы ня ведалі, ці трэба яго рабіць, ці людзям не да жартаў. Урэшце вырашылі, што мы — блазны, нашая справа жартаваць. Калі ніхто ня прыйдзе на стэндап, значыць, людзям не да сьмеху, а калі нехта прыйдзе, нашая праца іх расьсьмяшыць.
— І што было 26 лютага?
— Мы сабралі 2 000 чэскіх корун і аддалі іх на дабрачыннасьць ва Ўкраіну. Я ўжо ня памятаю, у які фонд, але ад пачатку вайны мы адправілі больш за 100 000 корун для падтрымкі Ўкраіны. Гэта не мільёны, але ўсё роўна адчуваеш, што мы нешта робім.
«Які крымнаш, баця, ты — узбэк»
— Спадзяюся, што наш запіс шмат людзей паглядзіць і паслухае. Ці маглі б вы пажартаваць так, як 26 лютага, ці так, як зусім нядаўна жартавалі?
— OK. Раскажу пра свайго бацьку. Мой бацька — ватнік. Салаўёва, Кісялёва глядзіць увесь час. Ён сябе лічыць вайсковым стратэгам. Ён, вядома, зрабіў адзін годны стратэгічны ход — кінуў жонку і дваіх дзяцей, але самае дзіўнае, што ён пастаянна крычыць «Крым наш». Я гэтага ніколі не зразумею. Кажу яму: «Які крымнаш, баця, ты — узбэк». Вось такія жарты ў нас гучаць.
— Вы казалі, што думалі, што ў Беларусі «„бацька“ трымае парадак». Ці гэта жарт сапраўды?
— Тады гэта не было жартам. Тады я рэальна думаў — там усё чыста, усё супэр, бо «бацька» ня даў разрабаваць краіну. Але калі я пачаў размаўляць зь беларусамі, якія жывуць у Беларусі, якія мусілі зьехаць зь Беларусі, то, натуральна, зразумеў, што ўсё зусім ня так.
— Часам гавораць, што вельмі доўга з Лукашэнкі іранізавалі, сурʼёзна не ўспрымалі, а трэба было больш сурʼёзна ставіцца да таго, што ён робіць і можа зрабіць. Калі жартаваць, то як, напрыклад?
— Лічу, што трэба адрозьніваць жарты з асобы і зь дзеяньняў. Трэба жартамі паказваць, што ўсе дыктатары — таксама людзі, яны нічым ня лепшыя за нас. Ёсьць youtube-канал 1420, у якім бяруць інтэрвію на вуліцах Расеі. Запытваюць людзей, як яны ставяцца да розных рэчаў. Часта людзі кажуць: «Я, вядома, супраць вайны, але яны там, наверсе, напэўна, ведаюць, што робяць, напэўна, маюць нейкую інфармацыю, якой няма ў нас. Гэта вельмі небясьпечна, што мы так сурʼёзна ўспрымаем прэзыдэнтаў і ўсіх іншых чыноўнікаў, пачынаем думаюць, што яны нечым лепшыя за нас. Адначасова трэба разумець, што калі катуюць людзей, пра гэта трэба гаварыць сурʼёзна, гэта ня жарты, рэальным людзям дрэнна і трэба нешта рабіць.
— Як бы вы з Лукашэнкі пасьмяяліся ці пакпілі?
— У нас ёсьць адзін хлопец, які робіць бліскучую пародыю на Лукашэнку, ён клясна зь яго сьмяяцца. Я ніколі не жартаваў пра Лукашэнку.
«Я стэндап-комік, заснавальнік „Stand Up Cherry“. Я праграміст і намагаюся быць добрым чалавекам»
— Ці знаёмыя зь беларускімі стэндап-комікамі?
— Толькі зь Міхасём Ільіным і Андрусём Райнам. Хацелася б пазнаёміцца і з астатнімі.
— На колькіх мовах вы жартуеце?
Глядзець з 50:30
— Я спрабаваў жартаваць па-чэску і па-ангельску. Атрымліваецца, але не адчуваю, што раблю нешта запатрабаванае. Калі мы жартуем па-расейску для эмігрантаў з Казахстану, Расеі, Украіны, Беларусі, я адчуваю, што мы можам ім нешта сказаць такое, чаго ня могуць сказаць іншыя людзі. Таму выступаю па-расейску, па-ўкраінску і аднойчы выступіў па-беларуску. Спадзяюся, гэта было не апошні раз.
— Я назвала б вас чалавекам сьвету. А як вы вызначаеце сваю ідэнтычнасьць? Адкуль вы, хто вы, дзе вы? Якая ваша мова?
— Я стэндап-комік, заснавальнік «Stand Up Cherry». Я праграміст і намагаюся быць добрым чалавекам. Мая мова — расейская, ангельская, чэская, украінская, часам беларуская, японская. Мне важна быць добрым чалавекам найперш.
— У 22 гады якую частку сябе вы рэалізавалі? Якая ваша найвялікшая амбіцыя цяпер — акрамя таго, што трэба быць добрым чалавекам?
— Нашыя амбіцыя як стэндап-клюбу вельмі зьмяніліся сёлета. Мы перайшлі больш на дабрачынныя акцыі, і гэта для мяне таксама вельмі важна, каб езьдзіць ня толькі па Празе, але і ў іншыя гарады Чэхіі і Эўропы. Я хацеў бы рухацца ў гэтым кірунку. Прафэсійна я хацеў бы стаць лепшым праграмістам. Хацеў бы з стэндапам расьці, рабіць дабро і дапамагаць маладым комікам.