Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галівуд вяртаецца ў Беларусь. Незразумела толькі, наколькі законна


У менскім кінатэатры Silver Screen. Архіўнае фота
У менскім кінатэатры Silver Screen. Архіўнае фота

У Беларусі цяпер паказваюць нават стрымінгавыя фільмы «Apple+» і «Disney+», якія звычайна не ідуць у кінатэатрах. Неафіцыйна крытыкі і журналісты кажуць, што гэта пірацкія паказы.

У лістападзе ў беларускіх кінатэатрах зноў зьявіліся галівудзкія прэм’еры: блокбастэры «Чорны Адам», «Хутчэй за кулю». Прэм’еру «Чорнай пантэры 2» анансавалі на 8 сьнежня. Свабода паспрабавала высьветліць, як яны туды трапілі.

«Гэтыя фільмы ўвогуле не маглі зьявіцца на кінарынках Расеі і Беларусі»

Галівудзкія прэм’еры ў Менску адбываюцца зь невялікім спазьненьнем пасьля ўсясьветных — прыкладна на месяц. Нягледзячы на тое, што вядучыя замежныя кінастудыі пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай пакінулі расейскі і беларускі рынак.

Так, з 24 лістапада ў сетках кінатэатраў Silver Screen з аншлягам ідзе блокбастэр «Чорны Адам» з Дуэйнам Джонсанам кінакампаніі Warner Brothers. У сетцы «КіноМінска» камэдыйны экшн-фільм рэжысэра Дэйвіда Літча з Брэдам Пітам у галоўнай ролі «Хутчэй за кулю» трапляе другі тыдзень запар у штотыднёвыя рэйтынгі.

На 8 сьнежня анансавалі прэм’еру «Чорнай пантэры 2» (Black Panther: Wakanda Forever). У Расеі зараз таксама паказваюць гэтыя стужкі, як відаць з онлайн-афішаў.

Кінажурналіст Тарас Тарналіцкі кажа, што яму было зразумела, чаму пасьля 24 лютага вялікія галівудзкія студыі пайшлі з Расеі і зь Беларусі. Але цалкам незразумела, чаму ў лістападзе зноў зьявіліся прэм’еры галівудзкіх блокбастэраў.

«Гэтыя фільмы — „Чорны Адам“, „Хутчэй за кулю“, „Чорная пантэра 2. Ваканда назаўсёды“ — увогуле не маглі зьявіцца на кінарынку Расеі і Беларусі, — кажа экспэрт. — Тут, як і з „Макдональдсам“, зусім незразумелая сытуацыя. У мяне такое адчуваньне, што зьмянілася лягістыка. Офісы, якія працавалі ў Расеі і ў Беларусі, пачалі працаваць з СНД».

Намесьніца генэральнага дырэктара «Кінавідэапракату» Вольга Дзюльдзя патлумачыла інтэрнэт-выданьню «Онлайнер», што «прапанова папрацаваць з блокбастэрамі паступіла ад праваўладальнікаў... Фільмы праходзяць рэгістрацыю, атрымліваюць узроставае абмежаваньне і выходзяць на экраны кінатэатраў».

Аднак Вольга Дзюльдзя не патлумачыла, якім чынам гэта адбываецца ў той час, калі вядучыя галівудзкія студыі кшталту Walt Disney Pictures, Columbia Pictures, Warner Brothers, 20th Century Fox, Universal Studios, канглямэрат Sony ды іншыя дакладна пакінулі беларускі і расейскі кінарынкі.

«Неафіцыйна крытыкі і журналісты кажуць, што гэта пірацкія паказы»

У беларускіх кінатэатрах можна паглядзець і іншыя прэм’еры, якія наагул нідзе ў сьвеце не трапляюць у паказы, не хавае свайго зьдзіўленьня кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

«Да прыкладу, стужка „У духу Калядаў“. Гэта фільм, які ідзе на стрымінгу Apple TV+. Гэта арыгінальны фільм Apple, ён звычайна не ідзе ў кінатэатрах! Я не ўяўляю, як ён трапляе ў беларускія кіназалі».

Тарналіцкі таксама зьвяртае ўвагу на праект Marvel студыі Disney — «Вартаўнікі Галяктыкі». У іх сёлета выйшаў special (невялікі фільм, які ідзе толькі на стрымінгу Disney+. — РС).

«Але сетка Silver Screen яго анасавала для паказу. Як гэта робіцца ў Беларусі, незразумела, бо ў іншых краінах сьвету такія праекты не ідуць у кінатэатрах. А ў Беларусі яны нейкім магічным чынам зьяўляюцца. Прычым ніхто гэтай сытуацыі афіцыйна не камэнтуе, а неафіцыйна крытыкі і журналісты кажуць, што гэта пірацкія паказы», — гаворыць Тарас Тарналіцкі.

Ён таксама кажа, што і ў Беларусі ўжо ёсьць «выхаваныя гледачы», якія прынцыпова ня хочуць глядзець пірацкую прадукцыю, а хочуць, каб усё было сумленна.

«Ня будзем абмяркоўваць, законна гэта ці не. Хутчэй правільна гаварыць: гэта этычна ці неэтычна. У пірацтве нічога добрага няма. Гэта найперш брак культуры кінапрагляду. Цяжка зразумець, і ніхто ня можа патлумачыць, ці гэта этычны паказ з гледзішча праваўладальнікаў, ці не. З другога боку, я разумею, што кампаніі ня могуць працаваць у такіх умовах. Гэта ўдар па іхнай рэпутацыі», — перакананы Тарас Тарналіцкі.

«Гэта ўжо не пра кінапракат, а пра цэнтар вольнага часу»

У той жа час беларускі кінапракат робіць усё, каб захавацца і выжыць. Колькасьць кіназаляў не скарачаецца, мяняецца стратэгія працы з аўдыторыяй, працягвае Тарас Тарналіцкі.

«Яны працуюць зь сямейнай аўдыторыяй, робяць захады для працы зь дзіцячай аўдыторыяй. Было шмат прэм’ераў замежных мультфільмаў і дзіцячых фільмаў. У кінатэатрах цяпер можна адзначыць сямейнае сьвята, правесьці выходныя зь сям’ёй. Праўда, гэта ўжо, хутчэй, не пра кінапракат, а пра цэнтар вольнага часу. Літаральна ўчора ў гандлёвым цэнтры „Галерэя“ адкрыўся яшчэ адзін мультыплекс. У ГЦ „Палаццо“ таксама адкрыўся мультыплекс сеткі Silver Screen. Пакуль ім удаецца існаваць. Але пэрспэктыва незразумелая», — мяркуе кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG