Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку выкладчык, краязнаўца і аматар гісторыі Воршы Віктар Лютынскі.
Мэмарыяльную дошку клясыку беларускай літаратуры зрабілі на расейскай мове, пад ёй — яшчэ адна шыльда з урыўкам вершу Караткевіча па-беларуску:
«Усе шляхі прыводзяць не да Рыма,
А да родных вербаў і бяроз.
Любая ў барах сівых Радзіма
Сын твой нарадзіўся тут і рос».
Клясык беларускай літаратуры Ўладзімер Караткевіч нарадзіўся ў Воршы 26 лістапада 1930 году. У 1938 годзе пайшоў у школу ў Воршы. Да пачатку вайны пасьпеў скончыць 3 клясы.
Ушанаваньне памяці Караткевіча ў Воршы
У Воршы ёсьць музэй Караткевіча, адкрыты ў 2000 годзе. Экспазыцыя складаецца зь дзьвюх заляў: адна прысьвечаная біяграфіі пісьменьніка, другая — творчасьці.
У экспазыцыі аршанскай школы № 3 ёсьць заля памяці пісьменьніка.
Імя Ўладзімера Караткевіча носіць таксама дзіцячая бібліятэка ў Воршы, яго імем названая і адна з вуліц горада.
Помнік Караткевічу ў Воршы адкрыты 27 чэрвеня 1992 году да 925-годзьдзя Воршы. Першапачаткова помнік месьціўся на месцы згарэлага ў вайну дому, у які сям’я Караткевіча засялілася ў 1939 годзе, але пазьней быў перанесены ў цэнтральны парк Воршы.
На доме ў Воршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х гадоў, усталяваная памятная дошка. Таксама памятная дошка ёсьць на будынку школы № 8 у Воршы, у якой Караткевіч працаваў у 1956–1958 гадах.