Нягледзячы на тое, што касьцёл Унебаўзяцьця Панны Марыі прызнаны гісторыка-култьтурнай каштоўнасьцю, рэстаўрацыі не было, ён быў прызнаны аварыйным, і ў красавіку адна са сьцен абрынулася.
Узьведзены ў пачатку XVII стагодзьдзя ордэнам дамініканцаў храм спачатку быў драўляным, пасьля пажару ў пачатку XVIII стагодзьдзя яго аднавілі ўжо ў мураваным выглядзе. У ягонай архітэктуры спалучаліся рысы барока і клясыцызму (лічыцца, што гэта апошні будынак у стылі барока на тэрыторыі Беларусі).
У 1832 годзе касьцёл сканфіскавалі царскія ўлады, якія праводзілі палітыку прымусовай русыфікацыі.
У 1932 годзе, пасьля антырэлігійных рэпрэсіяў, служба ў касьцёле спынілася, будынак паступова разбураўся. Касьцёл даўно быў прызнаны аварыйным. У 2010 годзе мясцовыя ўлады мелі намер яго канчаткова зьнесьці, аднак грамадзкасьці ўдалося яго адстаяць. Ніякіх працаў для ўмацаваньня сьценаў не праводзілі.
Адзінае, што захаваецца, — скульптура Панны Марыі, якая ўпрыгожвала франтон будынку. Цяпер скульптура ў музэі.