Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы — за Беларусь». Тры літаратурныя творы пра Слуцкае паўстаньне


Частка партызанскага аддзелу капітана Лукаша Семенюка (Сяменіка), у 1920 годзе камандзіра Другога Грозаўскага палка Слуцкай брыгады (стаіць у цэнтры)
Частка партызанскага аддзелу капітана Лукаша Семенюка (Сяменіка), у 1920 годзе камандзіра Другога Грозаўскага палка Слуцкай брыгады (стаіць у цэнтры)

Сёньня адзначаюцца 101-я ўгодкі пачатку Слуцкага паўстаньня за незалежнасьць Беларусі. З гэтай нагоды прыгадваем тры важныя творы беларускай мастацкай літаратуры, прысьвечаныя Слуцкаму збройнаму чыну.

Кароткая даведка:

  • 14 лістапада 1920 году ў Слуцку адбыўся Зьезд Случчыны. 107 дэлегатаў прынялі дакумэнт, які абвяшчаў у рэгіёне ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі і выказваў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі.
  • Рада Случчыны абвясьціла агульную мабілізацыю і працягнула стварэньне вайсковых аддзелаў. Былі змабілізаваныя каля 4000 чалавек. Камандзірам 1-га Слуцкага стралковага палка стаў Павал Чайка.
  • Паўстаньне працягвалася 35 дзён, яно трывала ад 27 лістапада па 31 сьнежня 1920 году. У днях 28–31 сьнежня 1920 больш за 1500 беларускіх жаўнераў і афіцэраў перайшлі польска-савецкую мяжу і былі раззброеныя польскімі ўладамі.

Васіль Быкаў. «На чорных лядах». У кнізе «Сьцяна». «Наша Ніва», Менск 1997.

Апавяданьне «На чорных лядах» у характэрнай Васілю Быкаву трагічна-фаталістычнай манеры і з глыбокай псыхалягічнай праніклівасьцю прадстаўляе апошнія гадзіны жыцьця групы ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну, які вырашылі забіць сябе, каб не здавацца ні бальшавікам, ні палякам.

У 1994 годзе на матывах апавяданьняў «На чорных лядах» і «Перад канцом» са «Сьцяны» В. Быкава рэжысэр Валер Панамароў зьняў мастацкі фільм.

Фрагмэнт апавяданьня:

Камандзір абвёў усіх чужым напружаным позіркам і адчуў, што трэба нешта сказаць на разьвітаньне. Ці на суцяшэньне. I ён сказаў:

— Што ж, спадары… Нам не ўдалося, можа, удасца іншым. Яны нас успомняць. Усё ж мы не за сябе, не за сваё, якога ў нас не было. Мы — за Беларусь. Нашу няшчасную старонку. Прымі, Божа, твае ахвяры…

Яны ўсе стаялі і маўчалі. Яны чакалі. I камандзір, зглытнуўшы даўкі камяк у набалелым горле, раптам сказаў са знарочыстай строгасьцю:

— Хто першы?

Выдалася кароценькая пакутная паўза, пасьля якой Мяцельскі кінуў са злосным адчаем:

— Ат, маць тваю… Давай я…

Зноў абрушваючы жвір, рашуча скочыў у яму.

— Давайце рэвальвэр!

Камандзір расшпіліў на баку кабуру, выняў наган. Мяцельскі ўхапіў яго зьнізу, рухава выцягся побач з застыглым ужо Аўстрыякам.

— Жыве Беларусь!

— Жыве, — нечакана слабым голасам азваўся камандзір, і глухі рэвальвэрны стрэл у яме перапыніў ягоны водгук. Дзьве сарокі з бліжняй бярозы спуджана пераляцелі на дрэвы далей. А на зямлі зноў настала пакутная паўза, усе стаялі моўчкі, баючыся зазірнуць у яму.

Васіль Быкаў, 1974 год
Васіль Быкаў, 1974 год

— Ну, хто далей? Ты, Зубко? — няпэўна павярнуўся камандзір у бок Дзеда. Той сігануў цераз жвір і спыніўся.

— А ружжо?

— З ружжом, братка, — мякка сказаў камандзір.

Тады Дзед неяк грузна зваліўся ў яму, і яны зноў зьнерухомелі, чакаючы. Чакаць, аднак, давялося нядоўга, стрэл каротка гукнуў і сьціх.

— Ну? — зноў павярнуўся камандзір да астатніх. Засталося іх тут пяцёра. — Ты? — запытальна кіўнуў ён да Кажухара.

— Ды я… Калі адважуся. Калі што, дык прыстралі, камандзір. Калі што…

I няспрытна ўсеўшы на бераг ямы, Кажухар ціха споўз туды. Яны зноў прыціхлі. Чакаць давялося даўжэй, чым тыя разы, мусіць, Кажухару ня дужа ўпраўна было з адною рукой. Нарэшце-такі ў яме лопнула тугім стрэлам.

Алесь Пашкевіч. «Пляц Волі. Раман-дакумэнт». «Беллітфонд», Менск 2001.

У мастацка-дакумэнтальным рамане Алеся Пашкевіча Слуцкаму паўстаньню прысьвечаная першая частка кнігі, «І дам табе вянок жыцьця».

Пра кнігу «Пляц Волі» літаратуразнаўца Людміла Сінькова напісала:

«На старонках раману А. Пашкевіча мы сустракаем сьмела ўзьнятыя імёны вельмі многіх слынных вайскоўцаў, пісьменьнікаў, навукоўцаў, беларускіх эсэраў і камуністаў, прадстаўнікоў партызанскага і падпольнага руху (антыбальшавіцкага, антынямецкага, антыпольскага), дзеячаў Слуцкага збройнага чыну, славутых і амаль невядомых, раней ці пазьней рэабілітаваных, але ў свой час рэпрэсаваных, напэўна, без выключэньняў. У рамане, між іншым, пра рэпрэсіі гаворыцца спэцыяльней, падрабязьней — з боку польскіх і савецкіх уладаў, зь „першакурапатамі“, па выразу аўтара, 1919-га і пазьнейшых гадоў. Трэба сказаць, што „Пляц Волі“ складаецца зь дзьвюх частак, або кніг. Першая, „І дам табе вянок жыцьця“, зьвязана найперш з гісторыяй роднай аўтару Случчыны, прычым ад часоў Сафіі Слуцкай, Алелькавічаў да сёньняшніх дзён, якія пазначаны візытамі на Радзіму былых палітэмігрантаў. Такі галоўны герой гэтай часткі Алесь Хведаравіч Яцкевіч. Гэты вобраз дае нам падставы прыгадаць „прататыпныя“ лёсы паэтаў са слуцкіх ваколіц: Алеся Змагара, Рыгора Крушыны, Янкі Золака, Міхася Кавыля…»

Фрагмэнт пра Зьезд Случчыны:

Шаноўныя дэлегаты! Мушу напачатку паведаміць аб тым, што я, Павел Жаўрыд, урадам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе Радай, назначаны камісарам Случчыны. Вось дэкрэт, які дазвольце зачытаць…

Гучныя воплескі ўадначас і адказам Жаўрыду былі, і спантанным выяўленьнем падтрымкі і падпарадкаваньня ўраду БНР.

Пачаліся выступленьні дэлегатаў. Найбольш уціснулася ў памяць прамова селяніна зь вёскі Набушава Цімы Плішкі.

— Вось мы тут многа балакалі пра жыцьцё… — Ён зрабіў паўзу, ляпнуў па прымусоленай кішэні кабаціка (так рабіў, калі хваляваўся.) — А мне, прызнацца, думаецца: ня ў тым дзела, што кабыла бела, а што воза не бярэ… — І задаволена ўсьміхнуўся, датлумачыўшы: — Канешне, дэкрэты вашы патрэбны, ды толькі ж самім… рукамі сваімі… парупіцца трэба. — І зноў па кішэні далоньню правёў, як правяраў там штось. — Мы страна маленькая, самі ўправімса з усім… Ні трэба нам вялікіх ды чужых палітыканаў Вітэ! Бо ж калі і належыць плаціць падаткі, то яно лепш свайму начальству, свайму правіцяльству. А то ж бо са сваімі раквізіцыямі й разьвёрсткамі хлявы ўсе нашы паразьвёрствалі! Суседзі называюцца! — Раптам позіркам двух палякаў-вайскоўцаў, прадстаўнікоў палкоўніка Ясінскага, выхапіў, зьбіўся. — Дык вот… Зямлі, кажу, хопіць нам. І на чужое ратоў не разьзяўляем… Вота сустрэўса я сёньня тутака, у горадзе, з адступленцам адным ці дзезярцірам… Дык казаў той, што ў іх там, за Смаленшчынай, як палякі былі іх зноў адваявалі… то тады й паны пазьвярталіся. А маёнткі ж іхнія — ф’юць! — парабавалі, свае ж парабавалі… А ў нас жа, браткі, вось з Вясеі зьехаў быў у васемнаццатым пан. Дык што ж вы думаеце — па звароце ўсё, як і кінуў, атрымаў… -І Ціма зноў усьміхнуўся блазнавата. — Хіба што мае пчолы трошка мёду зь ягоных ліпаў назьбіралі… То ж я ўсё, браткі, да чаго вяду? Трэ нам воза свайго ўсім разам цягнуць. — Ціма колькі разоў кіўнуў галавою і паклэпаў да свайго месца, там пот з ілба выцер, суседу ціха прашаптаў: — Во ліха, ажно ўзагрэўса, гаворачы, — кабат пакратаў (даўно ўжо насіў яго, нават летам не зьнімаючы; жонка ўжо некалькі разоў наноў сукняй перацягвала ягоную аўчынку, не вытрымлівала тканіна, рвалася, абцёпвалася па краях, першай, канешне, кішэнька нашытая аддзіралася, а аўчынка хоць бы хны, вось што значыць — самому вырабіць, кіслатою не спаліць…). — Ды хай сабе… Ад цяплосьці, кажуць, не баляць косьці…

Алесь Пашкевіч
Алесь Пашкевіч

І яшчэ выбіўся з усіх выступ палкоўніка Язэпа Булак-Балаховіча, «бацькавага» брата. Якіх толькі гораў залатых не абяцаў, якія пляны вымалёўваў! І капітан Антон Самусевіч у зале быў (конны полк арганізоўваць меціў). Ды не клалася Балахоўская карта на Случчыну. Зьездам кіравалі эсэры (той жа Русак), а законным яны прызнавалі толькі Ковенскі ўрад БНР на чале з Ластоўскім. Апошні аб’явіў Балаховіча ворагам беларускага народу…

І адхілілі на зьезьдзе случакі прапановы Язэпа Булак-Балаховіча аб дапамозе «бацькавай»…

А пад канец дня група Паўлюкевіча і Мацэлі (са сваім праектам аўтаноміі Случчыны ў межах Польшчы яны так і не высьмеліліся выткнуцца) стала агітаваць супраць прэзыдыюму зьезду.

— Далоў бальшавікоў са сцэны!

— Паспыталі ўжо іхніх казак!

— Далоў… — бухнула колькі вокрыкаў.

Андрэй Федарэнка. «Нічые». «Мастацкая літаратура», Менск 2009.

Кніга А. Фэдарэнкі, як і апавяданьне В. Быкава «На чорных лядах» — гэта не дакумэнтальная, а спрэс мастацкая і суб’ектыўная карціна часу Слуцкага збройнага чыну. Яшчэ раз працытуем згаданую Людмілу Сінькову:

«У адрозьненьне ад А. Пашкевіча, які больш вядомы як дасьледчык літаратуры з навуковымі ступенямі і аўтар паэтычнага зборніка, А. Федарэнка мае слыннае імя ў беларускай прозе, зьяўляецца адным з лідэраў сучаснай беларускай літаратуры. I ўжо першая фраза аповесьці „Нічые“ гурмана ад рэалістычнай эстэтыкі ўсьцешыла б. У ёй адной, амаль 29-радковай, А. Федарэнка з чароўнай лёгкасьцю абмалёўвае ўсе важнейшыя гістарычныя прыкметы 1920 году, тагачасную расстаноўку палітычных сіл. Усё гатовенькім выдае чытачу! Пісьменьнік сходу сьмела ацэначны. I гэтую прафэсійную руку, гэтыя выдатныя здольнасьці А. Федарэнкі давесьці сваю канцэпцыю праз стыль чытач адчувае адразу ж.

Аднак ужо на трэцяй старонцы твора зьяўляецца вельмі спэцыфічная іронія А. Федарэнкі на адрас случакоў. Яна афармляецца ў падобныя цэтлікі да Слуцкага паўстаньня: „гістарычны нонсэнс“, „нацыяналістычны бунт“ (у мове апавядальніка; далей будзе ўжо з вуснаў розных пэрсанажаў), „няўдалы спэктакль“, „цырк! Дэфіліцыя, бутафорыя“, „авантура“, „чужая шахматная партыя“… Гэта, так сказаць, на ідэалягічным узроўні. У плястыцы ж, псыхалягічна А. Федарэнка малюе адно: агіду да збройнай чыннасьці. I з якой пэрцэптуальнасьцю! Буйным плянам — чорнавуграваты, распараны выпіўкаю твар ці то вайскоўца БНР, ці то балахоўца, пах крыві, від мачы, па складніках — сьмярдзючае паветра ў хаце… Паўстаньне ў А. Федарэнкі зьвязваецца найперш з нізкай фізіялёгіяй».

Фрагмэнт з пачатку кнігі:

Увесь, мабыць, Слуцак, ад старога і да малога, высыпаў на ўзбочыны цэнтральнай Шасэйнай («Шасовай») вуліцы, якой маршыравалі вайскоўцы. Услухоўваючыся ў словы песьні, узіраючыся ў гэтыя па большасьці маладыя, амаль хлапечыя, радасныя твары, жанчыны прыкладалі да вачэй ражкі хустак, а дзядзькі нэрвова смалілі цыгаркі, кракталі, адварочваліся і бурчэлі на дужа едкую махорку… Каля кургузага будынка аптэкі шчыльнай кучкай стаяла зь дзясятак старых слуцкіх жыдоў, ацалелых пасьля пагромаў, — аднолькавыя, усе падобныя на рабінаў, у старэнькіх чорных лапсэрдаках, з пэйсамі, стаялі моўчкі, з застылай скрухай у вачах, і не зразумець было, радуюцца яны, што зьявіліся нарэшце такія ваенныя, якіх можна не баяцца, ці, наадварот, засмучаюцца.

Адбываўся нейкі гістарычны нонсэнс. Войска, якое не зрабіла ніводнага стрэлу, якое нават не паспрабавала арганізаваць абарону роднага горада, з песьнямі чаканіла крок па слуцкай шасэйцы і пакідала гэты самы горад з годнасьцю напалеонаўскай арміі, што заваявала паўсьвету, і людзі са сьлязамі радасьці праводзілі яго — так, як звычайна толькі сустракаюць пераможцаў.

Андрэй Федарэнка
Андрэй Федарэнка

Гэта была тая самая, на скорую руку сабраная з добраахвотнікаў — слуцкіх міліцыянэраў, чырвонаармейскіх і белагвардзейскіх дэзэрціраў, кадравых афіцэраў, вакольных сялян, парэштак атрада інтэрнаванага Булак-Балаховіча, партызан «зеленадубцаў», навучэнцаў трох слуцкіх гімназій, — і ўсё адно няпоўная яшчэ Слуцкая брыгада, першае за ўсю беларускую гісторыю вайсковае фармаваньне, якое прамым тэкстам на ўвесь сьвет абʼявіла, што з гэтага часу ўзброеным чынам зьбіраецца выступаць на абарону ня нейкай аморфнай «Бацькаўшчыны ў складзе матухны-Расеі ці Польшчы», а менавіта Беларускай Рэспублікі як самастойнай юрыдычна-дзяржаўнай адзінкі.

Тая самая брыгада, якая неўзабаве разрасьцецца да трох палкоў і больш чым на месяц прыкуе да сябе ўвагу Эўропы, брыгада, што ў многім прымусіць сьвет лічыцца зь Беларусьсю як з краінаю і дакажа, што любое змаганьне, падмацаванае ідэяй і вераю (якім бы няроўным і бессэнсоўным адносна канчатковага выніку яно ні здавалася), абавязкова — рана ці позна — дасьць плён.

Тая самая брыгада, салдатам і афіцэрам якой удзячныя, «шчырыя, а мудрыя» нашчадкі адплацяць дзесяцігодзьдзямі магільнага забыцьця, брыгада, якая пакіне пасьля сябе столькі блытаніны, столькі загадак, і адна зь іх — вось гэты на мышастага колеру, гладкай і жвавай кабылцы афіцэр, зусім малады, на падлетка падобны, з заклееным бурым кавалачкам газэціны сьвежым парэзам на барадзе, у новенькай адпрасаванай падагнанай форме капітана царскай арміі, толькі што без пагонаў і без кукарды на фуражцы, з дэманстратыўна вывешаным на грудзях «іканастасам» дзясятка царскіх ордэнаў і мэдалёў — «за асабістую мужнасьць». Ён стаіць на ўзбочыне дарогі, прапускаючы калёну, і ў напятай постаці яго, і ў неспакойных шэрых вачах, якімі ўзіраецца ён кудысь далёка-далёка праз гэты раньні лістападаўскі перадвячэрні зморак, праз гэтых гарланячых песьню людзей, праз голыя слуцкія дрэвы і хаты ў прысадах, бачацца прытоеная нерашучасьць, сумненьне; ён нібы прадчувае, які сьлед наканавана пакінуць яму ў беларускай гісторыі, і ўсё не адважваецца зрабіць першы крок гэтага сьледу… Тонкія, па-хлапечы рухавыя вусны яго крывіць усьмешка… А хаця, магчыма, малады афіцэр проста так спыніўся: робіць агляд свайму разнашэрснаму войску і пасьміхаецца сам сабе з гэтай яго стракатасьці. Вось ён ужо прышпорвае ў гладкія бакі кабылку і, пазвоньваючы «іканастасам» узнагарод, скача паўз калёну ўперад…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG