Як паведамляе тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь», сёньня судзьдзя Алег Каляда абвінаваціў Дубоўскага ва ўдзеле ў шэрагу акцый у пэрыяд 2008–2010 гадоў і прысудзіў яму паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэксу (ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218) 5 гадоў калёніі.
З улікам неадбытага тэрміну ў справе «анархапартызанаў» у выглядзе 18 гадоў калёніі шляхам частковага складаньня пакараньняў канчаткова Зьмітру Дубоўскаму прызначылі 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Зьміцер віны не прызнаў, пацьвердзіў свой удзел толькі ў нападзе на Салігорскі апорны пункт міліцыі.
Паводле новай крымінальнай справы Зьмітру Дубоўскаму ставілі ў віну ўдзел у акцыях у Менску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. Тады на тэрыторыю Міністэрства абароны закінулі дымавую шашку. Таксама Дубоўскага вінавацілі у тым, што ён закінуў у акно апорнага пункту ў Салігорску паходню, разьбіў кавалкам тратуарнай пліткі шкло ў Доме прафсаюзаў і прыняў удзел у падпале філіяў банку ў Менску.
Акрамя таго, анархіста абвінавачвалі ў падпале дзьвярэй КПП на Акрэсьціна ў верасьні 2010 году.
22 сьнежня 2021 году палітзьняволеным анархістам Дубоўскаму, Аліневічу, Разановічу і Раманаву прысудзілі ад 18 да 20 гадоў зьняволеньня. Іх абвінавацілі паводле артыкулаў ч. 2 арт. 289 («Акт тэрарызму»), ч. 2 і ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу («Незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў». Прызналі вінаватымі толькі Зьмітра Дубоўскага і Ігара Аліневіча).
Пры гэтым анархісты цярпелі ад палітычнага перасьледу і да арыштаў увосень 2020 году.
У 2010 годзе таксама праходзілі масавыя затрыманьні анархістаў у палітычна матываваных справах. У выніку Зьміцер Дубоўскі разам зь Ігарам Аліневічам вырашылі пакінуць радзіму і выехалі ў Расею. Аднак Ігара схапілі ў Маскве і вывезьлі ў Беларусь, дзе потым асудзілі на 8 гадоў калёніі ў справе аб нападзе на пасольства Расеі ў 2010 годзе (тады на яго тэрыторыю кінулі некалькі «кактэйляў Молатава», згарэў аўтамабіль).
Зьмітру, які быў побач зь Ігарам падчас ягонага затрыманьня, удалося ўцячы. 10 гадоў ён жыў у падпольлі.
Зьмітра Дубоўскага і ягоных таварышаў затрымалі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Празь нейкі час стала вядома, што пры затрыманьні мужчын катавалі. Так, Дубоўскі пасьля прысуду расказаў на спатканьні зь сястрой, што яго душылі, надзяваючы на галаву пакет, ад чаго ён ня раз траціў прытомнасьць.
«Ён спрабаваў апісаць, як са зьвязанымі за сьпінай рукамі яго нібы адрывалі ад зямлі. Ён нават спрабаваў прыгадаць, як называецца гэтае катаваньне... Сказаў, што рукі ўсе былі апухлыя і ў крыві ад сьцяжак... Некалькі дзён у СІЗА КДБ ня мог рухацца праз пашкоджаныя рэбры», — расказвала сястра актывіста.
Ужо падчас адбываньня пакараньня ў калёніі Дубоўскі пачынаў галадаваньне. Вядома, што ў канцы лета яго зьмяшчалі ў ШЫЗА на 30 дзён.
Цяпер палітзьняволены анархіст у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.