Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 20 гадоў турмы. У закрытым судзе над анархістамі, якіх абвінавацілі ў тэрарызьме, агучылі выракі


Суд над анархістамі. Менск, 15 лістапада 2021
Суд над анархістамі. Менск, 15 лістапада 2021

Працэс супраць анархістаў Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава праходзіў у Менскім абласным судзе з 15 лістапада ў закрытым рэжыме.

Іх абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынку ДАІ ў Мазыры і Дзяржаўнага камітэту экспэртыз у Гомельскай вобласьці. Больш за год іх трымаюць у СІЗА КДБ, ім пагражала да 20 гадоў зьняволеньня.

22 сьнежня Аліневіча, Дубоўскага, Разановіча і Раманава прызналі вінаватымі наступных артыкулаў:

  • ч. 2 арт. 289 КК – акт тэрарызму;
  • ч. 2 і ч. 4 арт. 295 КК – незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • ч. 1 арт. 333-1 КК– незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў (толькі Дзьмітрыя Дубоўскага і Ігара Аліневіча).

Паводле «Вясны» судзьдзя Вячаслаў Тулейка агучыў выракі:

Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня,

Дзьмітрыю Дубоўскаму — 18 гадоў ,

Дзьмітрыю Разановічу —​ 19 гадоў ,

Сяргею Раманаву —20 гадоў.

Як праходзіў суд

На пачатку працэсу судзьдзя Вячаслаў Тулейка па хадайніцтве пракурора зрабіў разгляд справы закрытым для слухачоў; прычына — абарона пэрсанальных зьвестак трох пацярпелых, якія праходзяць у справе, паведаміла «Вясна».

Вядома, што прынамсі трое абвінавачаных — Аліневіч, Разановіч і Раманаў — не прысутнічалі на працэсе. Як вынікае зь ліста аднаго з падсудных Дзьмітрыя Дубоўскага, апублікаванага тэлеграм-каналам «Права на паўстаньне», яны адмовіліся наведваць паседжаньні «да пэўнага моманту».

«Безумоўна, засмуціла яшчэ і тое, што вас (тых, хто прыйшоў) выдалілі з залі і зрабілі паседжаньне закрытым, што, у прынцыпе, было чакана.

Пасьля гэтага наагул не хацелася там заставацца, у прынцыпе, што і зрабілі мае таварышы, якія вырашылі не наведваць паседжаньняў да пэўнага моманту, каб не псаваць сабе нэрвы і не марнаваць сілы на бескарыснае мерапрыемства. Я, у сваю чаргу, пакуль яшчэ наведаю адно паседжаньне, паназіраю за працэсам... але без асаблівага ўмяшаньня з свайго боку. Будзем чакаць спрэчак бакоў і апошняга слова з прысудам. Здаецца, усе абяцалі зьявіцца і вярнуцца ў суд менавіта ў гэтыя апошнія дні разгляду справы! :)»

У лісьце Дубоўскі таксама напісаў, што рады быў урэшце пабачыць у судзе сястру Юлію, зь якой яны ня бачыліся каля 10 гадоў, дзякуе ўсім, хто прыйшоў у суд, каб падтрымаць фігурантаў справы. «Моцна не хвалюйцеся, усё хутка скончыцца і абавязкова павернецца ў добры бок!» — напісаў ён.

Анархісты Ігар Аліневіч, Дзьмітры Дубоўскі, Дзьмітры Разановіч і Сяргей Раманаў былі затрыманыя ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы.

Больш за год іх трымалі ў СІЗА КДБ, аднак 26 лістапада ўсіх іх перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG