У Дамаску Раман Галоўчанка сустрэнецца з прэмʼер-міністрам Сырыі Хусэйнам Арнусам і падпіша афіцыйныя дакумэнты, паведамляе БелТА. Акрамя гэтага, Галоўчанка плянуе перадаць краіне гуманітарную дапамогу.
На пачатку сустрэчы з Хусэйнам Арнусам Раман Галоўчанка заявіў, што беларускі народ суперажывае сырыйцам у барацьбе за незалежнасьць і свабоду:
«У тым ліку гэтым візытам мы дэманструем палітычную падтрымку сырыйскаму боку. На працягу апошніх няпростых для Сырыі гадоў мы былі побач, не перарывалі эканамічных сувязяў, аказвалі гуманітарную дапамогу і зь вялікім задавальненьнем прымалі на аздараўленьне сырыйскіх дзяцей. Сёньня прыйшоў час гаварыць аб больш сур’ёзных сумесных праектах», — сказаў Галоўчанка, якога цытуе БелТА.
У другі дзень візыту прэмʼер-міністар Беларусі сустрэнецца з прэзыдэнтам Сырыі Башарам Асадам.
Адзначаецца, што ў 2021 годзе таваразварот Беларусі і Сырыі склаў $8,2 млн (рост на 41,3 працэнта да 2020 году), экспарт — $7,6 млн (рост на 47,9 працэнта), імпарт — $0,6 млн (рост на 6,1%). Сальда дадатнае — $7,0 млн.
У асноўным Беларусь экспартуе ў Іран спэцыфічныя тавары, сухое малако, малочную сыроватку, лекавыя сродкі, трактары і седлавыя цягачы, а імпартуе аліўкавы алей, садавіну і гародніну, арэхі і каву.
22 лістапада Раман Галоўчанка правёў перамовы з прэзыдэнтам Ірану Эбрагімам Раісі, а таксама зь першым віцэ-прэзыдэнтам краіны Мухамадам Мухбэрам. Ён падзякаваў Мухбэру за запрашэньне і прамову пра «нелегітымныя санкцыі і ціск на мяжы эканамічнага тэрарызму».