Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура патрабуе 2 гады ўмоўна былой сакратарцы нямецкага канцлягеру ў Штутгофе


Абвінавачаная Ірмгард Ф. у маладосьці ў якасьці супрацоўніцы канцлягеру
Абвінавачаная Ірмгард Ф. у маладосьці ў якасьці супрацоўніцы канцлягеру

Завяршаецца суд над 97-гадовай сакратаркай з былога нямецкага канцлягеру. Для непаўналетніх у тыя часы пракуратура патрабуе ўмоўнага пакараньня. Гэта адзін з апошніх такіх працэсаў.

У працэсе супраць сакратаркі былога нямецкага канцэнтрацыйнага лягеру ў Штутгофе абвінавачаньне запатрабавала для непаўналетняй у той час пакараньня 2 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай. Абвінавачанай — былой лягернай машыністцы — сёньня 97 гадоў, піша Deutsche Welle.

Пракурорка Максі Вантцэн заявіла ў аўторак у акруговым судзе Ітцэго, што лічыць Ірмгард Ф. вінаватай у дапамозе падманнаму і жорсткаму забойству больш як 10 000 чалавек.

«Гэты працэс мае асаблівае гістарычнае значэньне», — сказала пракурорка. Пэўна, апошні такога кшталту.

Абвінавачаная Ірмгард Ф. з чэрвеня 1943 г. па красавік 1945 г. ва ўзросьце 18–19 гадоў працавала цывільнай службоўкай у камэндатуры нямецкага канцлягеру пад Гданьскам. Паколькі на той час яна была вельмі юнай, пракуратура запатрабавала асудзіць жанчыну паводле крымінальнага заканадаўства аб непаўналетніх.

«Няма справядлівай кампэнсацыі за віну і няма кампэнсацыі за нацысцкую несправядлівасьць», — сказала Вантцэн.

Паводле пракуратуры, Ірмгард Ф. сваімі дакумэнтамі забясьпечвала працяг функцыянаваньня лягеру. Сваім жаданьнем працаваць яна «была важнай падтрымкай для камэнданта лягеру і яго ад’ютантаў». У працэсе, які доўжыцца больш за год, яна так і не пракамэнтавала выстаўленыя ёй абвінавачаньні.

Перад заключным словам старшыня крымінальнай палаты Дамінік Грос не задаволіў хадайніцтва аб адхіленьні экспэрта ў гісторыі Штэфана Гёрдлера, калі адвакат падсуднай Вольф Молькентын абвінаваціў экспэрта ў перадузятасьці. На думку ж пракуратуры, Ірмгард Ф., як адзіная сакратарка камэнданта, мусіла ведаць пра ўмовы ў лягеры і пра забойствы, а з свайго кабінэту на першым паверсе яна бачыла значную частку лягеру, у тым ліку і месца, куды прыбывалі і дзе адбіраліся новыя зьняволеныя.

З умовамі суд азнаёміўся падчас агляду былога лягеру. Акрамя таго, як сказала Вантцэн, падсудная мусіла бачыць і адчуваць пах амаль бесьперапыннага дыму ад спальваньня трупаў у крэматорыі. Запэўненьні абвінавачанай, што яна гэтага ня бачыла, на думку пракурора, неверагодныя.

З словаў экспэрта Гёрдлера, у лягеры стрэлам у шыю нацысты забілі ня менш за 300 зьняволеных, амаль 1100 забілі з выкарыстаньнем газу, а больш за 9000 памерлі ў жорсткіх умовах, якія пагражалі жыцьцю, напрыклад, ад недаяданьня. Нават калі абвінавачаная не ўваходзіла ў агароджаны лягер, яна відавочна ведала пра масавыя забойствы. На думку пракуратуры, Ірмгард Ф. мусіла бачыць кепска апранутых і зьнясіленых вязьняў, асабліва зімой 1944/45 гг.

Ранейшыя паказаньні абвінавачанай не маглі быць прынятыя да ўвагі, бо яна раней была дапытаная ў якасьці сьведкі і ўжо ў якасьці абвінавачанай скарыстала права на маўчаньне.

Суд працягнецца 29 лістапада заключным словам абаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG