Пяці фігурантам інкрымінуюць тры эпізоды — спроба падрыву вузла сувязі Вайскова-марскога флёту Расеі ў Вялейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спроба зьнішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах. 22 лістапада пракурор запрасіў для пяці фігурантаў тэрміны ад 14 да 20 гадоў калёніі:
- Натальлі Мацьвеевай — 14 гадоў калёніі і штраф 400 базавых велічыняў (12800 рублёў),
- Вадзіму Гулевічу — 18 гадоў калёніі і штраф 600 базавых (19200 рублёў),
- Кірылу Ашурку — 15 гадоў калёніі і штраф 400 базавых (12800 рублёў),
- Аляксею Глотаву — 20 гадоў калёніі і штраф 700 базавых (22400 рублёў),
- Дзьмітрыю Сасноўскаму — 20 гадоў калёніі і штраф 700 базавых (22400 рублёў).
У Менскім абласным судзе 19 кастрычніка распачаўся суд у справе арганізацыі «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі», якую ў Беларусі прызналі тэрарыстычнай.
У справе праходзяць пяць чалавек — Дзьмітры Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Натальля Мацьвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак. Агулам іх судзяць па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «тэрарызм».
Пра затрыманьне ўдзельнікаў «АГСБ» і гэтыя эпізоды стала вядома з выступу Лукашэнкі да 3 ліпеня 2021 году. Ува ўсіх эпізодах былі залучаныя «падстаўныя» саўдзельнікі-сілавікі.
Справу разглядае судзьдзя Сяргей Епіхаў, паведамляе «Вясна».
«Справа Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі»
Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, якую агучылі на судзе, Гулевіч і Глотаў, «апрануўшыся ў камуфляжную форму і ўзяўшы агнястрэльную зброю, боепрыпасы для акту тэрарызму, праніклі на тэрыторыю вайсковага аб’екту. Глотаў зафіксаваў выбуховыя прылады, які валодалі паражальным дзеяньнем у радыюсе ня менш за 11 мэтраў. Пасьля ўстаноўкі яны адышлі на бясьпечную адлегласьць».
Таксама ў судзе ўдакладнілі, што Вадзім Гулевіч «плянаваў пасьля выехаць на тэрыторыю Ўкраіны, каб там праходзіць падрыхтоўку для ўдзелу ў баявых дзеяньнях». Аднак яго затрымалі ў Берасьці 28 чэрвеня 2021 году.
Спроба зьнішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах інкрымінуецца 39-гадовай Натальлі Мацьвеевай. Таксама пра гэты эпізод упершыню стала вядома ад Лукашэнкі 2 ліпеня 2021 году. Тады ён заявіў, што літаральна нядаўна спрабавалі зьнішчыць вялікую колькасьць лесанарыхтоўчай тэхнікі ў лясгасах.
Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, увечары 8 чэрвеня 2021 году разам зь нібыта саўдзельнікам, які папраўдзе выконваў заданьне органаў дзяржаўнай бясьпекі, Мацьвеева прыбыла да лясгаса. Яна ўдзельнічала ў вырабе кактэйляў Молатава, пры дапамозе якіх яны мелі падпаліць тэхніку. Аднак была затрыманая да зьдзяйсьненьня гэтага, гэта значыць не давяла свае дзеяньні да канца.
Ёй інкрымінуюць ч. 2 арт. 290-4 («удзел у дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі»), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 («падрыхтоўка да акту тэрарызму»), ч. 2 арт. 295-3 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў») Крымінальнага кодэксу.
32-гадовага жыхара Ліды Дзьмітрыя Сасноўскага затрымалі 1 чэрвеня 2021 году. Яго абвінавачваюць у замаху на прапагандыста Рыгора Азаронка. У фільме АНТ відаць кадры нападу, праўда, на іх Сасноўскі бяззбройны. Нібыта Глотаў мусіў перадаць яму зброю. Сам напад на Азаронка ўчыняе чалавек, які, як мяркуецца, быў сілавіком.
Што адбывалася на судзе?
32-гадовы Дзьмітры Сасноўскі зь Ліды падчас паседжаньня заявіў, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, бо «ня мае дачыненьня да тэрарызму». Ён падзякаваў сваякам, якія прыйшлі ў залю суду, каб падтрымаць яго, і заплакаў.
Азаронак, які мае статус пацярпелага, не зьявіўся, суд пачаў судовае сьледзтва безь яго.
Як вынікае з абвешчанага абвінавачаньня Мацьвеевай, у арганізаваную групу тых, каго кіраўнік «АГСБ» Дзяніс Хромаваў-Хофман наймаў для зьдзяйсьненьня акту на тэрыторыі Беларусі, быў укаранёны апэратыўны супрацоўнік прозьвішчам Гардзееў, пра што ня ведалі ні сама Мацьвеева, ні Хромаў-Хофман.
22 лістапада на судзе ў «справе АГСБ» паведамілі, што пасьля заяваў Сасноўскага аб тым, што супрацоўнікі КДБ ўжывалі да яго гвалт, была праведзеная пракурорская праверка, піша «Спутник».
У завядзеньні крымінальнай справы супраць сілавікоў, якія затрымлівалі Сасноўскага, адмоўлена, паведаміў пракурор. Ён папрасіў суд далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт аб адмове.
Дзьмітры Сасноўскі — адзіны фігурант «справы АГСБ», хто не прызнаў віны, паведамляюць праваабаронцы. Падчас дачы паказаньняў Сасноўскі плакаў і заявіў, што ў злачынства супраць Азаронка яго ўцягнулі падчас сьледчага экспэрымэнту.
Ён таксама заявіў суду, што пасьля затрыманьня каля дому Азаронка да яго «ўжывалі гвалт і катаваньні, прымусілі напісаць чыстасардэчнае прызнаньне».
На першым паседжаньні, калі суд высьвятляў яго асобу, ён заявіў, што хоча адмовіцца ад грамадзянства Беларусі, бо «ня мае дачыненьня да тэрарызму».
У матэрыялах справы 15 тамоў.