Дакумэнт афіцыйна апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасьля яго апублікаваньня. Пад ім стаіць подпіс міністра абароны Віктара Хрэніна.
Пералік падстаў для датэрміновага скасаваньня кантракту з вайскоўцам дапоўнілі чатырма новымі пунктамі. Яны прадугледжваюць звальненьне за парушэньне заканадаўства аб пэрсанальных звестках, а таксама дэманстрацыю палітычнай актыўнасьці.
Новыя пункты:
- парушэньне патрабаваньняў, выкладзеных у заканадаўстве аб абароне пэрсанальных зьвестак, якое пацягнула прычыненьне шкоды або шкоды дзяржаўным, грамадзкім інтарэсам або інтарэсам грамадзян;
- удзел у сходзе, мітынгу, вулічным шэсьці, дэманстрацыі, пікетаваньні, іншым масавым мерапрыемстве, якое праводзіцца з парушэньнем вызначанага парадку, або заклікі да арганізацыі або правядзеньня такіх масавых мерапрыемстваў;
- заклікі да ўдзелу ў страйку або да спыненьня выкананьня абавязкаў вайсковай службы (выкананьня работы) бяз важкіх прычын, стварэньне перашкод для выкананьня абавязкаў вайсковай службы (выкананьня работы);
- распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць, а таксама выраб, захоўваньне або перавозка з мэтай распаўсюджваньня такой інфармацыйнай прадукцыі.
У пераліку засталіся расьпіцьцё алькагольных, слабаалькагольных напояў і піва, ужываньне наркотыкаў і псыхатропаў у службовы час, зьяўленьне на службе ў нецьвярозым стане, язда ў нецьвярозым выглядзе, карупцыйныя парушэньні, парушэньні парадку службы.
Пастановай з інструкцыі ў шэрагу пунктаў выключаюцца словы «Рэспубліка Беларусь».