Сілавікі з Расеі або выпускнікі вышэйшых вучэльняў, якія падпарадкоўваюцца Мінабароны Расеі, не былі рэдкасьцю і да вайны ва Ўкраіне. Сёньня мы разгледзім прызначэньні, якія былі зробленыя напярэдадні расейскага ўварваньня.
Аляксандар Вальфовіч. Галоўны памочнік Лукашэнкі у рабоце зь сілавымі структурамі
На пачатку 2021 году Лукашэнка прызначыў Вальфовіча дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі, назваўшы яго сваім галоўным памочнікам па працы зь сілавымі структурамі. А праз пару месяцаў Лукашэнка надасьць Радзе бясьпекі паўнамоцтвы кіраўніка краіны ў выпадку свайго забойства. Гэта прадугледжвае падпісаны ў траўні 2021 году дэкрэт, які, дарэчы, пярэчыць Канстытуцыі.
Вальфовіч нарадзіўся ў Казані ў сям’і вайскоўца, які пасьля трапіў у Беларусь. Пасьля заканчэньня школы паступіў у Маскоўскую ваенную агульнавайсковую камандную вучэльню і служыў у Цэнтральнай Азіі. Пасьля распаду СССР вярнуўся ў Беларусь. У 2008 годзе скончыў Вайсковую акадэмію Генэральнага штаба Ўзброеных сіл РФ.
З Расеяй зьвязаны і брат Вальфовіча Дзьмітры, яшчэ нядаўна (у 2017 годзе) намесьнік вайсковага камісара Віцебскай вобласьці. Але цяпер на сайце камісарыяту інфармацыі пра яго няма. У першую чачэнскую вайну брат старшыні Савету бясьпекі Беларусі быў завэрбаваны Фэдэральнай службай контравыведкі Расеі і ваяваў супраць арміі Джахара Дудаева.
Прызначаючы Вальфовіча на пасаду ў студзені 2021 году, Лукашэнка сказаў, што «менавіта Аляксандар Вальфовіч быў у эпіцэнтры ўсіх падзей і мерапрыемстваў апошняга часу». Да гэтага Вальфовіч узначальваў Генштаб. Паводле Лукашэнкі, перш за ўсё сіламі Генштабу былі разгорнутыя падразьдзяленьні і вайсковыя часьці да і пасьля выбараў, каб ня даць напасьці на Беларусь з захаду.
Цяпер Вальфовіч актыўна выступае перад рабочымі дзяржпрадпрыемстваў з тлумачэньнем сытуацыі ў сьвеце. Падчас выступу ў Гомлі ён сказаў:
«Галоўная мэта амэрыканцаў — пазбавіцца ад галоўнага канкурэнта, Расейскай Фэдэрацыі», — цытуе Вальфовіча БелТА. «Дзе зьяўляюцца амэрыканцы, усюды ўспыхваюць канфлікты, усюды войны, сьлёзы, разруха, сьмерць. Гэта і далёкая дуга, і Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, і Сярэдняя Азія, і Эўропа, — заявіў дзяржсакратар Савету бясьпекі. — Рызыкі для нашай бясьпекі ствараюць нашы заходнія суседзі».
Намесьнік Вальфовіча, дарэчы, — генэрал-маёр Павал Муравейка, які скончыў з залатым мэдалём Акадэмію Геншабу Расеі.
Алег Белаконеў. Старшыня камісіі ў нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў, які спадзяецца на перамогу Расеі
Да прыходу ў Савет бясьпекі Вальфовіч год узначальваў Генштаб Беларусі, замяніўшы на гэтай пасадзе іншага зьвязанага з Расеяй вайскоўца, Алега Белаконева — ураджэнца Прыморскага краю Расеі, выпускніка Омскай вайсковай вучэльні.
Цяпер Белаконеў — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, узначальвае Пастаянную камісію ў нацыянальнай бясьпецы. Менавіта ён летась прапанаваў адказаць масавымі пакараньнямі на забойства супрацоўніка КДБ у кватэры менскага айцішніка Зельцара: «А трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сарціры ўсіх. За аднаго дваццаць, сто, каб не было панадна нікому», — сказаў тады Белаконеў.
Пяць гадоў таму ў эфіры тэлеканалу АНТ ён пракамэнтаваў сваё расейскае паходжаньне:
«На жаль, зараз некаторыя буйныя спэцыялісты, якія любяць нашу радзіму з-за мяжы (відаць, гэта больш прэстыжна), падмяняюць паняцьці радзімы. Вось у мяне брат нарадзіўся ў Ташкенце. Але ж ён не зьяўляецца стаўленікам прэзыдэнта Ўзбэкістану. А дзеці ў Нямеччыне — яны ж не зьяўляюцца стаўленікамі Ангелы Мэркель, і гэтак далей. Ніхто пры гэтым ня кажа, што я прызываўся ў войска Барысаўскім ваенкаматам, што ў мяне тут пахаваны бацька, тут жыве мая маці. Пасьля распаду СССР я вярнуўся да сябе дадому. Радзіма — гэта там, дзе твой дом. І яшчэ невядома, хто яго будзе абараняць лепш: я ці тыя, хто пра гэта гаворыць (пра расейскае паходжаньне. — РС)».
Пасьля нападу 24 лютага Расеі на Ўкраіну Белаконеў адрэагаваў на відэазварот да беларускіх вайскоўцаў Валера Сахашчыка, цяпер прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў пытаньнях абароны. З Сахашчыкам ён сябраваў амаль 30 гадоў. Белаконеў заявіў, што Расея напала на Ўкраіну «дзеля міру» і абвінаваціў ЗША ў спробе «пасварыць славян». У красавіку ён выказаў думку, што «спэцапэрацыя завершыцца перамогай Расеі» і што Кіеў дарэмна бароніцца, бо толькі «памнажае марныя ахвяры».
Віктар Гулевіч. Начальнік Генштабу, які вучыўся і служыў у Расеі
У першай палове сакавіка 2021 году Лукашэнка зрабіў чарговыя перастаноўкі ў сілавых ведамствах. Генэрал-маёр Віктар Гулевіч узначаліў Генэральны штаб. У 1990 годзе ён скончыў Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню імя Вярхоўнага Савету РСФСР з чырвоным дыплёмам. Службу пачынаў камандзірам мотастралковага ўзводу ў ГДР. Затым праходзіў службу ва Ўзброеных сілах РФ у Закаўкаскай вайсковай акрузе. У Беларусь прыехаў пасьля распаду СССР.
Намесьнікам міністра абароны ў той жа дзень, калі новую пасаду атрымаў Гулевіч, быў прызначаны генэрал-маёр Андрэй Жук. Ён скончыў тую самую вучэльню і ў тым самым годзе, што і Гулевіч.
У той дзень Лукашэнка растлумачыў, што галоўны ўпор пры новых прызначэньнях рабіўся на тое, каб начальнікам штабу і намесьнікамі міністра былі людзі, якія «ваявалі, былі камандзірамі».
Гэта ня ўсе прызначэньні таго дня. Камандуючым войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Лукашэнка тады прызначыў генэрал-маёра Аляксандра Навуменку. Пра месца яго нараджэньня ў адкрытых крыніцах не паведамляецца. Вядома, што ён скончыў Менскую сувораўскую вучэльню і Харкаўскую вышэйшую вайсковую камандную танкавую вучэльню. Камандуючым войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня Лукашэнка прызначыў генэрал-маёра Ігара Дземідзенку, выпускніка Ленінградзкай вышэйшай агульнавайсковай вучэльні.
Віктар Хрэнін. Міністар абароны, які «даў слова афіцэра», што расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі не нападуць на Ўкраіну
Віктар Хрэнін стаў міністрам абароны яшчэ на пачатку 2020 году. Шматлікія кадравыя перамены ў атачэньні Лукашэнкі пасьля выбараў Хрэніна не закранулі. Падчас мітынгаў супраць фальсыфікацый выбараў ён выводзіў на вуліцы вайскоўцаў, абзываў бел-чырвона-белы сьцяг фашысцкім, заяўляў, што вайсковец павінен выконваць загад, нават калі той злачынны. 22 лютага 2022 году падчас тэлефоннай размовы з украінскім калегам Рэзьнікавым Віктар Хрэнін «даў слова афіцэра», што расейскія войскі з тэрыторыі РБ не нападуць на Ўкраіну. Празь некалькі дзён Хрэнін ізноў размаўляў з украінскім міністрам і прапаноўваў капітуляваць.
Хрэнін нарадзіўся ў Наваградку ў сям’і расейскага вайскоўца, але з двух гадоў ня жыў у Беларусі. У школу пайшоў у Прыморскім краі, а 8 клясаў скончыў на Чукотцы. У Расеі ён скончыў і Ўсурыйскую сувораўскую вайсковую вучэльню, а затым у 1992 годзе — Омскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню імя Фрунзэ. Пасьля гэтага прыехаў у Беларусь.
На пачатку сакавіка 2021 году міністар абароны Хрэнін паляцеў у Маскву. Там міністэрствы абароны Беларусі і Расеі падпісалі праграму стратэгічнага партнэрства на 5 гадоў. Празь некалькі дзён расейскія агенцтвы паведамілі, што абодва міністры дамовіліся аб стварэньні трох вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў. У верасьні ў Горадню і Баранавічы прыбылі падразьдзяленьні зэнітных ракетных войскаў Расеі і расейская авіяцыя.
Руслан Касыгін. Начальнік вайсковай выведкі, які адкрыта падтрымаў расейскую анэксію Крыму
У ліпені 2020 году Галоўнае выведнае ўпраўленьне ўзначаліў Руслан Касыгін. На гэтай пасадзе ён замяніў Паўла Ціханава, ураджэнца Баку і выпускніка Ленінградзкай вышэйшай агульнавайсковай каманднай вучэльні, Вайсковай акадэміі Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл Расейскай Фэдэрацыі.
Сам Касыгін родам з Гурзуфа (Крым). Вучыўся ў Чалябінскай танкавай каманднай вучэльні.
У 2015 годзе на Касыгіна зьвярнулі ўвагу ўкраінскія СМІ. Сайт InformNapalm пасьля вывучэньня яго запісаў у «Одноклассниках» назваў Касыгіна «лятэнтным адэптам рускага сьвету». Ён адкрыта падтрымліваў агрэсію Расеи супраць Украіны. InformNapalm назваў падазронымі частыя паездкі Касыгіна ў штаб Заходняй вайсковай акругі УС РФ у Санкт-Пецярбургу і зьвярнуў ўвагу, што Касыгін быў у сваім родным Гурзуфе летам 2014 году, пасьля анэксіі Крыму Расеяй, і ў апісаньні да здымка пісаў, што «Крым у нашых руках».
Вадзім Дзенісенка. Камандзір сіл спэцапэрацый, які загадаў выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў
Вадзім Дзенісенка стаў камандуючым Сіламі спэцыяльных апэрацый яшчэ ў 2014 годзе. Шырока пра яго стала вядома ў жніўні 2020 году. Менавіта Дзенісенка загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў Сіл спэцыяльных апэрацый для падаўленьня масавых пратэстаў. Вынікам гэтага стала забойства Генадзя Шутава ў Берасьці капітанам 5-й брыгады спэцназу Раманам Гаўрылавым.
Дзенісенка нарадзіўся ў Будапэшце ў 1967 годзе. У 1988 годзе скончыў Ленінградзкую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню, а ў 2008 — з адзнакай скончыў Вайсковую акадэмію Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі.
У адказ на заклік Сахашчыка да беларускіх вайскоўцаў Дзенісенка запісаў уласны відэазварот, у якім заявіў: «Калі вам не падабаецца тое, што робяць Узброеныя сілы Беларусі і Расеі, надзеньце малінавы бэрэт, любую майку і хадзіце і праслаўляйце тое, што вы хочаце».
Падчас аднаго з інтэрвію дзяржаўнаму СМІ, яшчэ ў 2019 годзе, журналістка зьвярнула ўвагу на два прэзыдэнцкія мэдалі «За бездакорную службу» на парадным кіцелі Дзенісенкі: «Дзе адзначыліся?» — спытала яна. Дзенісенка адказаў: «Дазвольце мне абмінуць падрабязнасьці». Пры гэтым у тым самым інтэрвію ён заявіў, што ў гарачых пунктах не служыў.
Хто яшчэ
- Гэта далёка ня ўвесь пералік уплывовых вайскоўцаў Лукашэнкі, якія зьвязаныя з Расеяй. Напрыклад, начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны Узброеных Сіл Беларусі — Вячаслаў Старкоў, расейскі вайсковец, які нарадзіўся ў Тамбове і скончыў там Вышэйшую вайсковую камандную чырванасьцяжную вучэльню хімічнай абароны імя М.І. Падвойскага. У Беларусі служыць ад 1988 году. У 1993–1996 — слухач Вайсковай акадэміі хімічнай абароны імя маршала Савецкага Саюзу С. К. Цімашэнкі Расейскай Фэдэрацыі. З 2007 па 2009 гады — слухач Вайсковай акадэміі Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі.
- Намесьнік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі — Ігар Печань, ураджэнец Смаленскай вобласьці Расеі. У 2009 годзе ён скончыў Вайсковую акадэмію Генштабу Расейскай Фэдэрацыі.
- Начальнік упраўленьня тэрытарыяльнай абароны — намесьнік начальніка Генштабу ВС Беларусі Андрэй Маціевіч — ураджэнец Лідчыны. Але вучыўся ён у Алма-Ацінскай вышэйшай агульнавайсковай каманднай вучэльні. Пасьля скончыў Агульнавайсковую акадэмію Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі, акадэмію Генштабу Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі.
- Начальнік Дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны па пытаньнях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва, палкоўнік Валерый Равенка — ураджэнец Краснаярску. Вучыўся ў Баку. У 1991–1993 — камандзір мотастралковага ўзводу ў Сібірскай вайсковай акрузе РФ.
Хапае падобных сілавікоў і ў структурах, якія не зьвязаныя з абароннымі ведамствамі. Гэта дзясяткі сілавікоў. Сярод іх, напрыклад, кіраўнік Сьледчага камітэту Дзьмітрый Гара: нарадзіўся ў Тбілісі, вучыўся ў Вайсковым інстытуце Міністэрства абароны СССР у Маскве. А пасьля заканчэньня вучобы адразу трапіў у КДБ Беларусі.
Чаму вакол Лукашэнкі так шмат сілавікоў, зьвязаных з Расеяй? Адказваюць экспэрты
З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да палітычных камэнтатараў і былых чыноўнікаў.
Анатоль Котаў (былы супрацоўнік Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта):
«Большасьць старшых афіцэраў — гэта тыя, хто служыў яшчэ ў Савецкім Саюзе, а там была ратацыя кадраў. У Беларусь адмыслова прысылалі расейцаў і ў меншай ступені ўкраінцаў, каб трымаць пад кантролем Заходнюю вайсковую акругу. Свае нацыянальныя кадры рыхтаваць самастойна складана, патрэбны досьвед і нейкая аснова, ідэалёгія. У лукашэнкаўскай Беларусі і з тым, і з тым праблема. Была практыка навучаньня ў Расеі, але ў пэўным часе зразумелі, што ўсе становяцца цалкам падкантрольнымі Крамлю. І такое навучаньне спынілі. Але запоўніць вакансіі нацыянальнымі кадрамі, тым больш якаснымі, проста немагчыма. У выніку амаль нікога ня звольнілі. І маем тое, што маем».
Афіцэр беларускай арміі, ананімна:
«Галоўная прычына — гэта штучная сэлекцыя. Беларусацэнтрычныя афіцэры пры вылучэньні на высокія пасады, проста не праходзяць натуральны адбор. Нават пры тым, што могуць шчыра падтрымліваць Лукашэнку і быць супэрпрафэсіяналамі. Нельга выключаць тут і ўзьдзеяньне спэцслужбаў, у тым ліку расейскіх. Прарасейскія пазыцыі службовых асобаў у сілавых структурах не абавязкова зьвязаныя з паходжаньнем (нацыянальнасьцю), тут хутчэй вялікую ролю адыгрываюць сямейныя афіцэрскія дынастыі, дзе, напрыклад, бацька — былы савецкі афіцэр. А сын дзякуючы гэтай акалічнасьці падчас вучобы ў школе быў вызвалены ад вывучэньня беларускай мовы. Цяпер гэтым сынам за 50 гадоў. Самы ўзрост для сёньняшніх вышэйшых чыноў. А вось вучобу ў расейскіх вайсковых ВНУ нельга лічыць прычынай. На факультэт Генэральнага штабу УС РФ едуць вучыцца афіцэры, якія ўжо сфармаваліся як асобы. Калі ён прарасейскі, то такім і застанецца, калі прабеларускі, то, паварыўшыся ў тым катле, наўрад ці зьменіць сваю пазыцыю».
Валер Карбалевіч (палітычны аглядальнік Радыё Свабода):
«Тут некалькі чыньнікаў уплывае. Найперш, савецкая спадчына. Для вайскоўцаў ва ўзросьце за 50 гадоў навучаньне ці пэўны час служба за межамі Беларусі былі амаль непазьбежнымі.
Другі чыньнік — палітыка інтэграцыі з Расеяй. З аднаго боку, яна вяла да грэбаваньня беларускімі этнакультурнымі каштоўнасьцямі (напрыклад, валоданьнем беларускай мовай), з другой, дэманстрацыя ляяльнасьці Расеі спрычынілася да пашыранай практыкі навучаньня ў расейскіх навучальных установах. Невыпадкова вялікая колькасьць былых кіраўнікоў сілавых структур пасьля адстаўкі зьехала працаваць у Расею (Ерын, Навумаў, Латыпаў і інш.).
Трэці чыньнік можна ўмоўна назваць фэномэнам янычар. То бок людзі, якія ня маюць каранёў у гэтай краіне, бяз роду і племені, больш адданыя правіцелю, чым карэнныя жыхары краіны.
Чацьвёрты чыньнік больш практычны. Паводле Канстытуцыі Беларусі балятавацца на пасаду прэзыдэнта могуць толькі грамадзяне Беларусі па нараджэньні. І гэта гарантавала, што кіраўнікі сілавых структур ня стануць канкурэнтамі Лукашэнкі».
Павал Латушка (былы дыплямат і міністар культуры):
«Па-першае, Лукашэнка — гэта з самага пачатку быў „расейскі праект“, а сілавікі вакол яго — гэта заўсёды інструмэнты ўплыву на яго ў інтарэсах Расеі.
Па-другое, Лукашэнка заўсёды марыў перасесьці на прастол у Маскву, таму расейскае атачэньне, можна меркаваць, магло быць выкарыстана для дасягненьня гэтай мэты.
Па-трэцяе, афіцэры-беларусы з нацыянальна арыентаванымі поглядамі — пагроза для існаваньня яго як палітыка і для ягонай нэасавецкай і нэаімпэрскай ідэалёгіі. Таму, каб пазьбегнуць гэтай пагрозы, ён атачаў сябе менавіта расейскімі ці прарасейскімі сілавікамі.
Па-чацьвёртае, падтрымка Расеі — галоўны фактар захаваньня ім улады, дзе важная ня толькі эканамічная падтрымка, але і сілавая.
Аднак сёньня гэты падыход можа згуляць супраць яго самога, бо такім чынам ён поўнасьцю кантралюецца расейскімі генэраламі ў інтарэсах Расеі, дапусьціўшы акупацыю Беларусі».