Суполка беларусаў Латвіі пачалі акцыю ў сацыяльных сетках супраць IKEA. Актывісты сумясьцілі малюнкі беларускіх палітвязьняў з інтэр’ернымі фота з каталёгаў IKEA, каб «заклікаць кампанію да сацыяльнай адказнасьці ня толькі на словах» і разьмясьцілі іх у інстаграме.
Справа ў тым, што цяпер IKEA запусьціла ў Латвіі акцыю супраць хатняга гвалту. Беларусы абурыліся двайнымі стандартамі кампаніі.
Да лютага 2022 году мэбля і тэкстыль IKEA вырабляліся ў беларускіх калёніях, якія вядомыя жорсткім абыходжаньнем з палітвязьнямі. За працу вязьні атрымлівалі $2 у месяц, гавораць матэрыялы нядаўняга журналісцкага расьсьледаваньня.
Раней у чэскай Празе беларускі грамадзкі актывіст Пятро Маркелаў правёў акцыю ў краме IKEA: ён абгарадзіў мэблю стужкай, якую выкарыстоўваюць для дарожных работаў, пасек дзьве тумбачкі сякерай, абліў іх фарбай і праз рупар па-ангельску абвясьціў, што робіць гэта, каб пратэставаць супраць супрацоўніцтва IKEA з уладамі Беларусі.
Нямецкая газэта Die Tageszeitung сумесна з францускім выданьнем Disclose падрыхтавалі расьсьледаваньне пра дзейнасьць IKEA ў Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі пастаўнікамі, якія выкарыстоўвалі працу зьняволеных, у тым ліку палітвязьняў.
Паводле раскрытых матэрыялаў, каля паловы буйных беларускіх пастаўнікоў IKEA мелі сувязі з папраўчымі калёніямі на працягу апошніх 10 гадоў, а відавочныя доказы такога супрацоўніцтва маюцца ў дачыненьні да 10 кампаніяў. Гэта жорсткія папраўча-працоўныя лягеры, вядомыя жорсткім абыходжаньнем, катаваньнямі і зьнікненьнямі, і іх каштоўнасьці супярэчаць філязофіі, якая прапагандуецца швэдзкай кампаніяй.
За 20 гадоў пасьля 1999 году беларуская дзяржава, якой належыць амаль 100% лясоў краіны, стала другой па велічыні пасьля Польшчы пастаўніком драўніны для мэблевай транснацыянальнай карпарацыі. Рэпрэсіі супраць беларускага насельніцтва, якія пастаянна ўзмацняюцца, і жорсткасьць рэжыму, які карае сьмерцю сваіх асуджаных, не прывялі да якіх-небудзь зьменаў у кампаніі IKEA.