Сярод вызваленых з турмы таксама аўстралійскі эканаміст Шон Тэрнэл, які быў дарадцам Аўн Сан Су Чы ў эканамічнай палітыцы, былы амбасадар Вялікай Брытаніі Вікі Боўман, японскі журналіст Тору Кубота і амэрыканскі батанік Кʼяў Хтай Оа.
Амністыю атрымалі 5098 зьняволеных мужчын і 676 жанчын. Чацьвёра вызваленых замежных грамадзян павінны пакінуць краіну.
У пачатку сьнежня 2020 году суд прыгаварыў Аўн Сан Су Чы да чатырох гадоў турмы паводле абвінавачаньняў у падбухторваньні да іншадумства і парушэньні санітарных абмежаваньняў пры пандэміі каранавірусу. Аднак празь некалькі гадзін пасьля таго, як аб прысудзе стала вядома, асабліва за межамі Мʼянмы, галоўны вайскавод узброеных сілаў і фактычны кіраўнік дзяржавы Мін Аўнг Глайнг зьмякчыў прысуд удвая: з чатырох да двух гадоў пазбаўленьня волі.
У студзені Аўн дадалі яшчэ чатыры гады турмы, прызнаўшы яе вінаватай у захоўваньні радыёстанцыяў і парушэньні каранавірусных абмежаваньняў.
Экс-радцы агулам выставілі 11 абвінавачаньняў. Агульны тэрмін пазбаўленьня волі мог дасягнуць больш за 100 гадоў. Яна не прызнавала віну.
Аўн Сан Су Чы 77 гадоў. Яна правяла больш за 15 гадоў пад хатнім арыштам за сваю прадэмакратычную дзейнасьць. У 1991 годзе ёй была прысуджана Нобэлеўская прэмія міру, а годам раней — прэмія «За свабоду думкі» імя Сахарава.
У 2015 годзе на парлямэнцкіх выбарах яе партыя «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» заваявала большасьць галасоў у абедзьвюх палатах парлямэнту, атрымаўшы права прызначыць урад і прэзыдэнта.
У 2016 годзе Аўн заняла пасаду дзяржаўнай радцы і фактычна ўзначаліла ўрад Мʼянмы.