Крысьціну Чаранкову, вядомую ў Мазыры музыку і антыфашыстку, затрымалі 23 сакавіка 2022 году.
Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што яна «пісала ў Іnstagram у 2020 годзе такія выразы, як „Поздравляю белоруских милиционеров с их Дном“, „Общеизвестный факт — мусора хуже г...на“, „Хороший мент — мёртвый мент“ і іншыя. Допіс „Мусора хуже г...на“ атрымаў паўтары тысячы падабаек».
«Пісала на эмоцыях. Калі б я ведала, што за гэта будзе крымінальная адказнасьць, то не пісала б», — давала паказаньні абвінавачаная.
Дзяржаўнае абвінавачаньне ў спрэчках бакоў запрасіла для Крысьціны 3 гады калёніі. У сваім выступе прадстаўніца пракуратуры сказала, што абвінавачаная «ў сваіх дзеяньнях мела дэструктыўную накіраванасьць, што пацьвярджаецца забранай у вобшуку апазыцыйнай сымболікай».
Экспэртыза не прызнала, што допісы Крысьціны мелі пабуджальны характар, толькі зазначыла, што ў допісах яна «нэгатыўна ацэньвала групу асобаў, аб’яднаных паводле прафэсійнай прыкметы „супрацоўнікі органаў правапарадку“». Таксама, згодна экспэртызе, абвінавачаная «нэгатыўна ацэньвала групу асобаў, аб’яднаных паводле прыкметы „прыхільнікі Лукашэнкі“». У допісе «А кароль голы» абвінавачаная, згодна экспэртызе, «нэгатыўна ацэньвала асобу, названую прэзыдэнтам».
У апошнім слове на працэсе Крысьціна Чаранкова сказала, што нэгатыўна яна ставіцца толькі да нацыстаў і фашыстаў. Крысьціна цалкам прызнала віну і зазначыла, што такія допісы яна зрабіла, бо апошнія два гады была ў цяжкім эмацыйным стане. Нэгатыўна выказалася ў бок «прыхільнікаў Лукашэнкі», бо яны ў пэўным тэлеграм-канале распаўсюдзілі яе асабістыя зьвесткі і абразы ў яе бок.