Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве — экстранае пасяджэньне Рады нацбясьпекі. Паводле СМІ расейскія ракеты ўпалі ў Польшчы, каля мяжы з Украінай

абноўлена

Скрыншот з відэа, апублікаванага Radio Zet. 15 лістапада 2022-га
Скрыншот з відэа, апублікаванага Radio Zet. 15 лістапада 2022-га

Польскія мэдыі і агенцтва Associated Press паведамляюць, што на тэрыторыі Польшчы, непадалёк ад мяжы з Украінай, у аўторак упалі дзьве ракеты. Паводле папярэдніх зьвестак, загінулі два чалавекі. Гэтыя зьвесткі не пацьверджаны афіцыйнымі крыніцамі.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі склікаў тэрміновае пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны ў сувязі з «крызыснай сытуацыяй», паведамілі ў польскім урадзе.

«У сувязі з крызыснай сытуацыяй прэм'ер-міністр Маравецкі па ўзгадненьні з прэзыдэнтам Дудам распарадзіўся склікаць Бюро нацыянальнай бясьпекі з членамі Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны», — сказаў прэс-сакратар урада краіны Пётр Мюлер.

Мюлер дадаў, што ўрад будзе паведамляць любую інфармацыю, якая будзе апублікаваная, і папрасіў «не выдаваць непацьверджаныя зьвесткі». Тым часам некаторыя польскія СМІ паведамляюць, што на тэрыторыю Польшчы, блізка мяжы з Украінай, упалі дзьве расейскія ракеты.

Associated Press са спасылкай на ананімную высокапастаўленую амэрыканскую крыніцу паведамляе, што ў выніку падзеньня гэтых ракет загінулі два чалавекі.

Разам з тым агенцтва Reuters перадае, што Пэнтагон пакуль не гатовы пацьвердзіць зьвесткі аб дзьвюх расейскіх ракетах, якія заляцелі на тэрыторыю Польшчы.

Як мяркуецца, расейскія ракеты перасеклі польскую мяжу і ўпалі на сельскагаспадарчую фэрму.

Гэтае відэа распаўсюдзіла ў Twitter польскае Telewizja Republika.

«Адносна навінаў з Польшчы сёньняшняй ноччу пра як мінімум два выбухі. Мы падтрымліваем цесныя кантакты з польскімі сябрамі. Літва моцна салідарная з Польшчай. Кожны сантымэтар тэрыторыі NATO павінен быць абаронены!», — напісаў у Твітэры прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«Мае спачуваньні нашым польскім братам па зброі. Злачынны расейскі рэжым выпусьціў ракеты, якія цэліліся ня толькі па цывільных украінцах, але і ўпалі на тэрыторыю NATO ў Польшчы. Латвія цалкам падтрымлівае польскіх сяброў і асуджае гэтае злачынства», — напісаў у Твітэры міністар абароны Латвіі Артыс Пабрыкс.

«Сёньняшнія масіраваныя ракетныя ўдары расейскай арміі па Ўкраіне яскрава паказваюць, што Расея хоча тэрарызаваць украінскі народ і працягваць разбураць краіну, – напісаў у Твітэры кіраўнік ураду Чэхіі Пэтр Фіяла. – Калі Польшча пацьвердзіць, што ракеты трапілі і па яе тэрыторыі, гэта будзе чарговая эскаляцыя з боку Расеі. Мы цьвёрда стаім за нашым саюзьнікам у ЭЗ і NATO».

«Апошнія навіны з Польшчы хвалююць больш за ўсё. Мы цесна кансультуемся з Польшчай і іншымі саюзьнікамі. Эстонія гатовая абараняць кожны сантымэтар тэрыторыі NATO. Мы цалкам салідарныя з нашым блізкім саюзьнікам Польшчай», – напісаў МЗС Эстоніі ў Твітэры.

«Сёньня здарылася тое, пра што мы папярэджвалі даўно. Тэрор не абмяжоўваецца нашымі нацыянальнымі межамі. Расейскія ракеты ўдарылі па Польшчы», — сказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім вячэрнім звароце. — Біць ракетамі па тэрыторыю NATO. Гэта расейскі ракетны ўдар па калектыўнай бясьпецы! Гэта вельмі істотная эскаляцыя. Трэба дзейнічаць».

Украіна выказвае поўную салідарнасьць з Польшчай і гатова аказаць ёй любую неабходную падтрымку, заявіў міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба.

«Калектыўны адказ на дзеяньні Расеі павінен быць жорсткім і прынцыповым. Сярод такіх неадкладных дзеяньняў: саміт NATO з удзелам Украіны для выпрацоўкі далейшых сумесных дзеяньняў, якія прымусяць Расею зьмяніць курс эскаляцыі, а таксама прадастаўленьне Ўкраіне сучасных зьнішчальнікаў, такіх як F-15 і F-16, а таксама сыстэмы супрацьпаветранай абароны», пералічыў ён.

Міністар абароны Славакіі Яра Над заявіў: «Вельмі занепакоены расейскімі ракетамі, якія ўпалі на Польшчу. Расея павінна растлумачыць, што здарылася. Неабходна неадкладна спыніць бессэнсоўныя напады на інфраструктуру. Неразважлівасьць Расеі выходзіць з-пад кантролю».

Лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі Сьвятлана Ціханоўская таксама адрэагавала на падзеньне расейскіх ракет у Польшчы:

«Устрывожаная апошнімі навінамі аб гібелі двух чалавек у Польшчы ў выніку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Мае думкі з сем'ямі ахвяраў. Эўропа сядзіць на парахавой бочцы, маючы за суседзяў двух злачынных дыктатараў — Пуціна і Лукашэнку», — напісала яна ў Twitter.

Міністэрства абароны Расеі назвала паведамленьні аб падзеньні расейскіх ракет на тэрыторыі Польшчы «наўмыснай правакацыяй у мэтах эскаляцыі абстаноўкі».

«Ніякіх удараў па цэлях каля ўкраінска-польскай дзяржаўнай мяжы расейскімі сродкамі паражэньня не наносілася. Апублікаваныя па гарачых сьлядах польскімі СМІ зь месца здарэньня ў населеным пункце Пшаводаў абломкі ня маюць ніякага дачыненьня да расейскіх сродкаў паражэньня», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

  • 15 лістапада Расея нанесла адзін з самых маштабных з пачатку вайны ракетных удараў па Ўкраіне. Было выпушчана каля 100 ракет. У тым ліку ўдары наносіліся па мэтам у Львоўскай вобласьці, якая мяжуе з Польшчай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG