Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны Камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі выпусьціў даклад пра дзейнасьць ГУБАЗіКа. Галоўныя высновы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў называе ГУБАЗіК карным падразьдзяленьнем рэжыму дзеля барацьбы з іншадумствам.

У аснову дакладу легла інфармацыя пра масавыя парушэньні правоў чалавека і злачынствы з боку сілавых органаў у Беларусі на працягу 2020–2022 гадоў.

Экспэрты прааналізавалі 33 інтэрвію асобаў, апытаных Міжнародным камітэтам па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі ў розныя часы (са жніўня 2020 па верасень 2022 году). Людзі былі або затрыманыя супрацоўнікамі ГУБАЗіК, або зазналі катаваньні ў памяшканьні дадзенай структуры і ад яе супрацоўнікаў, або зазналі зьневажальныя працэдуры ператрусу, прымусу да сьведчаньняў, стварэньне пакаянных відэа з прызнаньнем віны за дзеяньні, якія ня могуць лічыцца злачыннымі.

Даклад даступны на беларускай, расейскай і ангельскай мовах.

Гэта першы дакумэнт, які сыстэматызуе дзеяньні злачынцаў ГУБАЗіКа на падставе 33 інтэрвію сьведак і падводзіць доказную базу, а таксама паказвае прыклады іх шматбаковай дзейнасьці на баку рэжыму па кожным напрамку асобна (палітычны вышук, катаваньні, разгоны).

Галоўныя высновы дакладу

  • У 2020 годзе ГУБАЗіК — асноўны карны орган рэжыму — атрымаў абсалютную ўсёдазволенасьць і, адпаведна, беспакаранасьць. Усе свае зьверствы яны, не хаваючы, выстаўляюць напаказ: публікуюць у сваіх Telegram-каналах і расказваюць пра перасьлед грамадзянаў у дзяржаўных СМІ, тым самым праводзячы палітыку запалохваньня апазыцыйна настроенай часткі насельніцтва Беларусі. Вычварная жорсткасьць падчас затрыманьняў, ператрусаў і допытаў адбываецца з ухвалы кіраўніцтва, якім зьяўляецца Міністэрства ўнутраных спраў пад кіраваньнем Івана Кубракова і асабіста Лукашэнка.
  • У адпаведнасьці з нормамі міжнароднага крымінальнага права і ч. 3 арт. 6 КК Рэспублікі Беларусь крымінальная адказнасьць па арт. 128 КК РБ наступае незалежна ад крымінальнага права, што дзейнічала па месцы зьдзяйсьненьня ўчынку (унівэрсальны прынцып дзеяньня крымінальнага закону ў прасторы).
  • Гэта азначае, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнікі, якія зьдзейсьнілі злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва ў нашай краіне, могуць быць прыцягнуты да адказнасьці за гэта злачынства ня толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і ў іншай краіне на падставе прынцыпу ўнівэрсальнай юрысдыкцыі.

Міжнародны Камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў — аб’яднаньне праваабарончых арганізацый. Праваабаронцы Камітэту працуюць у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і ўваходзяць у Міжнародную плятформу падсправаздачнасьці Беларусі (IAPB) — кааліцыю незалежных няўрадавых арганізацый, якія абʼядналі высілкі дзеля збору, кансалідацыі, праверкі і захаваньня довадаў грубых парушэньняў праў чалавека, якія становяць злачынства па міжнародным праве, меркавана зьдзейсьненых беларускімі ўладамі і іншымі асобамі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году, і іх наступстваў. Праца Камітэту грунтуецца на Прынцыпах дзейнасьці праваабаронцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG