Што такое справа «Рабочага руху»
У верасьні 2021 году Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра «мярзотнікаў, якія засталіся на прадпрыемствах». «У мяне ёсьць інфармацыя, што некалькі мярзотнікаў яшчэ на прадпрыемствах засталося. Яны ставяць мэту праінфармаваць калектыўны Захад пра тое, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысьці санкцыі. Шпіёняць і здаюць інфармацыю туды. Сядуць і надоўга», — выказаўся Лукашэнка. Неўзабаве КДБ даў справаздачу пра затрыманьне «мярзотнікаў», прапагандысцкія каналы паказалі «расьсьледаваньне», заснаванае на «прызнаньнях» затрыманых.
10 лістапада ў Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы «Рабочага руху». Судзяць дзесяць чалавек, якія раней працавалі на буйных беларускіх прадпрыемствах — «Горадня Азот», Беларускай чыгунцы, БМЗ, «Нафтане», «Атлянце». Іх вінавацяць у «здрадзе дзяржаве» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня». Толькі за «здраду» ім пагражае 15 гадоў калёніі.
Пад крымінальны перасьлед трапілі Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімер Жураўка, Аляксандар Гашнікаў, Ганна Аблаб, Сяргей Дзюба, Аляксандар Капшуль, Сяргей Шамецька, Ігар Мінц і Валянцін Цераневіч.
Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Піскуноў. Пацярпелыя, як, напрыклад, дырэктар «Горадня Азот» Ігар Ляшэнка, на суд не зьявіліся. Паседжаньні праходзяць штодзень з 9.30 да 14.30.
У чым іх вінавацяць?
Для ўсіх дзесяці чалавек пракуратура падрыхтавала стандартны і практычна аднолькавы набор абвінавачаньняў з пэўнымі варыянтамі. Асноўная фабула абвінавачаньня такая:
- удзельнічаў у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня з карысьлівай зацікаўленасьці, у складзе арганізаванай злачыннай групы
- плянаваў дзеяньні для падрыхтоўкі і зьдзяйсьненьня замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусі, грамадзкую і эканамічную бясьпеку
- дзейнічаў з матываў палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, якая выяўлялася ў няпрыязі да дзяржаўнай ўлады
- супрацьпастаўляў сябе канстытуцыйнаму ладу
- плянаваў дывэрсіі
- выконваў задачы прадстаўнікоў офісу Сьвятланы Ціханоўскай, ведаў, што інфармацыя будзе перададзена спэцслужбам Літвы і ЗША
- дзейнічаў у мэтах узьдзеяньня на сьвядомасьць і волю грамадзян
Ёсьць у абвінавачаньні пэўныя падрабязнасьці. Напрыклад, былога супрацоўніка Беларускай чыгункі Сяргея Дзюбу вінавацяць у тым, што перадаваў службовую інфармацыю староньнім асобам і прыняў ад ByHelp дапамогу ў 1500 рублёў за далучэньне да агульнанацыянальнага страйку.
Сяргея Шэлеста абвінавацілі, як і ўсіх, у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім, у здрадзе дзяржаве, таксама ў паклёпе на дырэктара «Горадня Азот» Ігара Ляшэнку. Абвінавачаньне сьцьвярджае, што ён дзейнічаў з карысьлівай зацікаўленасьці і атрымаў ад «дыяспары Бостану, ЗША» «ня менш за 11 тысяч беларускіх рублёў».
Сяргея Шамецьку, які працаваў на Беларускай чыгунцы, абвінавацілі ў перадачы службовай інфармацыі пра дзейнасьць чыгункі староньняй асобе, нейкаму Вайцяховічу.
Ганну Аблаб вінавацяць у перадачы інфармацыі пра рэжым на Беларускай чыгунцы, пра «перамяшчэньне вайсковай тэхнікі», пра кантрабанду на чыгунцы, пра загады і пратаколы паседжаньня кіраўніцтва прадпрыемства таму ж Вайцяховічу. «Таксама яна цікавілася ў калег зьвесткамі службовага характару пра фінансавае становішча аб’яднаньня». У абвіначаньні прагучала таксама, што Аблаб перадала Вайцяховічу свой логін і пароль для доступу ўва ўнутраную сыстэму чыгункі.
«Карысьлівую зацікаўленасьць» у дзеяньнях Аблаб следзтва бачыла ў тым, што «абвінавачаная шукала спрыяньня ў выедзе і працаўладкаваньні ў Польшчы».
Усе абвінавачаныя адмовіліся прызнаваць віну ў здрадзе дзяржаве і стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня. Працэс працягваецца.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», на пасяджэньні 10 лістапада падсудным было дадзена права выказаць сваё стаўленьне да выстаўленага абвінавачвання.
Усе 10 фігурантаў справы заявілі суду, што сваю віну ў дзяржаўнай здрадзе і стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня не прызнаюць. Абвінавачаны Андрэй Пагерыла пагадзіўся толькі з абвінавачваньнем у паклёпе.
У справе налічваецца 38 тамоў, у тым ліку сакрэтны — яго будуць разглядаць асобна.
Фігурантамі справы сталі дзесяць чалавек. Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўко і Андрэй Пагерыла абвінавачваюцца паводле арт. 188 (Паклёп), ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.
Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінец, Валянцін Цераневіч і Сяргей Шамецька — паводле ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім) КК.
Аляксандр Капшуль — паводле ч. 2 арт.295 (Незаконныя набыцьцё, захоўваньне і перавозка боепрыпасаў), ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім) КК.
Санкцыя самага суровага артыкула абвінавачваньні — здрада дзяржаве — прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.