Справу «Рабочага руху» разглядае судзьдзя Аляксандар Піскуноў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Падсудным пагражае да 15 гадоў зняволеньня. Пакуль суд адкрыты.
У справе праходзяць 10 чалавек: Сяргей Шэлест, Уладзімер Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька і Аляксандар Капшуль.
Гэта былыя супрацоўнікі «Гродна Азоту», БМЗ, «Нафтану», Беларускай чыгункі. Цяпер яны пад вартай.
Усіх фігурантаў абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Кашпуля дадаткова — у «незаконных дзеяньнях у дачыненьні агнястрэльнай зброі» (ч. 2 арт. 295 КК). Шэлеста, Жураўку і Пагерылу дадаткова — у «паклёпе» (арт. 188 КК).
Вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»
«Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія працоўныя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году.
Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе сталі спробы зладзіць страйк на «Гродна Азоце» і «БМЗ». Матэрыялы ўжо перадалі ў пракуратуру.
У справе 10 фігурантаў — былыя работнікі «Гродна Азоту», «БМЗ», «Нафтану», «Атланту» і Беларускай чыгункі; 9 мужчын і адна жанчына. Іх вінавацяць у «здрадзе дзяржаве» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня». Толькі за «здраду» ім пагражае 15 гадоў калёніі. Вядома, што перад затрыманьнем актывістаў у іхную групу пранік агент КДБ.
Згодна з матэрыяламі справы, удзельнікі «Рабочага руху» «ажыцьцяўлялі супрацьпраўную дзейнасьць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спэцслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненьні беларускіх суб’ектаў гаспадараньня пра спосабы абыходу мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), а таксама мэханізмах процідзеяньня такім спосабам». Паведамляецца, што некаторыя абвінавачаныя плянавалі блякаваньне вытворчасьці на «Гродна Азот» і «БМЗ».
Затрыманьні адбыліся 21–23 верасьня 2021 году. 18 кастрычніка — амаль празь месяц пасьля затрыманьня фігурантаў справы — «Рабочы Рух» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем», першым у Беларусі. Цяпер іх ужо 98.
Крымінальную «справу Рабочага Руху» вёў сьледчы аддзел упраўленьня КДБ ў Гомельскай вобласьці, яе завядзеньне перадвызначылі словы Лукашэнкі. Падчас размовы з міністрам прамысловасьці Пятром Пархомчыкам і віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым Лукашэнка заявіў:
«Мы проста ня маем права пáдаць. Трэба ўтрымацца на гэтым узроўні, чаго б нам ні каштавала. Я ведаю, вы ва ўрадзе прынялі шэраг рашэньняў для мінімізацыі ўзьдзеяньня санкцый на нашу эканоміку. Але паглядзіце на сваіх супрацоўнікаў на прадпрыемствах. У мяне ёсьць інфармацыя, што мярзотнікаў некалькі там яшчэ дзе-нідзе засталося і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць „калектыўны Захад“ аб тым, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысьці санкцыі. Шпіёняць фактычна і здаюць інфармацыю туды.
Некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга. Гэта я шчыра кажу. Але, тым ня менш, мы іх павінны бачыць. Адзінкі, але яшчэ засталіся. І гэта ня проста людзі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю. Гэта людзі, якія сьвядома за грошы спэцслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы, а роўна нашай дзяржаве. На гэта зьвярніце асаблівую ўвагу дырэктараў і самі глядзіце за гэтымі працэсамі».