Ва ўказе Пуціна гаворыцца, што ён павінен легчы ў аснову стратэгічнага плянаваньня ў сфэры гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі.
У пералік традыцыйных каштоўнасьцяў увайшлі: жыцьцё, годнасьць, правы і свабоды чалавека, патрыятызм, служэньне Айчыне, высокія маральныя ідэалы, моцная сям’я, стваральная праца і прыярытэт духоўнага над матэрыяльным.
Пагрозу традыцыйным каштоўнасьцям, згодна з дакумэнтам, нясуць дзейнасьць экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў, асобных СМІ, дзеяньні ЗША і іншых недружалюбных дзяржаваў, а таксама некаторых арганізацыяў і асобаў на тэрыторыі Расеі.
Канкрэтна разбуральнымі для традыцыйных каштоўнасьцяў абвешчаныя культываваньне эгаізму і амаральнасьці, адмаўленьне ідэалаў патрыятызму, натуральнага працягу жыцьця, каштоўнасьці моцнай сямʼі, шлюбу як зьвязу мужчыны і жанчыны, шматдзетнасьці, адмаўленьне пазытыўнага ўкладу Расеі ў сусьветную гісторыю і культуру, прапаганда.
Згодна з указам, ён павінен стаць арыентырам для рэформаў у адукацыі, культуры і СМІ, дзяржаўнай падтрымкі навучальна-выхаваўчых, навуковых і культурных праектаў. Праваахоўныя органы павінны ўдасканальваць мэтады спыненьня распаўсюджваньня чужых ідэалёгіяў, а органы ўлады на месцах — шчыльней узаемадзейнічаць са СМІ.
- «Традыцыйныя каштоўнасьці» часта згадваюцца ў прамовах расейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. На думку многіх юрыстаў, гэтае паняцьце занадта расплывістае. Часьцей за ўсё ў зьвязку зь ім гаворыцца аб патрыятызьме (без удакладненьня, што гэта), неабходнасьці супрацьстаяць «уплыву Захаду» (без удакладненьня), максымальнай забароне згадваньня ЛГБТ+ і яго актывістаў.