Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У офісе прэзыдэнта Ўкраіны ня ўбачылі вываду расейскіх войскаў з Херсону


Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк
Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк

Украінскі бок ня бачыць прыкмет вываду расейскіх войскаў з Херсону і з правага берага Дняпра ў Херсонскай вобласьці. Пра гэта ўвечары 9 лістапада паведаміў дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.

«Учынкі гавораць мацней, чым словы. Украіна ня бачыць прыкмет таго, што Расея пакідае Херсон бяз бою. Значная частка расейскай групоўкі ўтрымліваецца ў горадзе, а ў рэгіён падцягваюцца дадатковыя рэзэрвы. Украіна вызваляе тэрыторыі паводле дадзеных выведкі, а не пастановачных тэлевізійных заяваў», — напісаў Падаляк у Твітэры.

«Гэта пастановачнае шоў, заява расейскага камандаваньня можа быць часткай інфармацыйна-псыхалягічнай апэрацыі, каб стварыць ілжывае ўражаньне аб сапраўдных намерах», — так пракамэнтавала інфармацыю пра вывад расейскіх войскаў з Херсону кіраўніца прэс-цэнтру Сіл абароны поўдня Ўкраіны Натальля Гумянюк.

Раней гарадзкія ўлады Херсону заявілі, што з асьцярогай ставяцца да заяваў расейскага вайсковага камандаваньня пра вывад акупацыйнага кантынгенту на левы бераг Дняпра. «Бяз бою Херсон не здадуць. Гэта пастка, каб увесьці нашых вайскоўцаў у зман», — заявіла кіраўніца Херсонскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Галіна Лугавая.

Камандуючы расейскай групоўкай ва Ўкраіне генэрал Сяргей Суравікін 9 лістапада прапанаваў міністру абароны Расеі Сяргею Шайгу адвесьці войскі ў Херсонскай вобласьці на левы бераг Дняпра. Шайгу пагадзіўся з гэтай прапановай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG