Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалеўскі і Коўшык пра візыт у Кіеў: «Мы ўбачылі жаданьне супрацоўнічаць, у тым ліку ў сфэры нацыянальнага адраджэньня»


Лідэры Міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднаньня Вярхоўнай Рады Ўкраіны «За дэмакратычную Беларусь» Багдан Ярэменка, Аляксей Ганчарэнка і Вадзім Галайчук падчас сустрэчы з Алінай Коўшык і Валерам Кавалеўскім. Кіеў, 4 лістапада 2022
Лідэры Міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднаньня Вярхоўнай Рады Ўкраіны «За дэмакратычную Беларусь» Багдан Ярэменка, Аляксей Ганчарэнка і Вадзім Галайчук падчас сустрэчы з Алінай Коўшык і Валерам Кавалеўскім. Кіеў, 4 лістапада 2022

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Аліна Коўшык і Валер Кавалеўскі наведалі сталіцу Ўкраіны і падзяліліся ўражаньнямі ад перамоў.

Прадстаўніца Кабінэту ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык сказала, што Ўкраіна — стратэгічны партнэр для дэмакратычнай Беларусі сёньня і ў будучыні.

«Нашы адносіны пасьля перамогі ў вайне трэба пачынаць будаваць ужо цяпер. Я ўбачыла вялікія пэрспэктывы для супрацоўніцтва ў справе нацыянальнага адраджэньня, у якой украінцы маюць багаты вопыт. Атрымалася ўсталяваць працоўныя кантакты зь Міністэрствам культуры і інфармацыйнай палітыкі, Украінскім інстытутам нацыянальнай памяці, „Мастацкім арсэналам“, фондам „Відродження“ і дамовіцца на рэалізацыю супольных праектаў. Маю намер дабівацца ў адносінах з украінцамі больш глыбокага ўзаемнага разуменьня».

Прадстаўнік кабінэту Валер Кавалеўскі адзначыў, што ва ўкраінскага боку прысутнічае рэальная зацікаўленасьць у супрацы.

«Нават у такіх няпростых абставінах, калі Беларусь праз рэжым Лукашэнкі фактычна стала саўдзельніцай у вайне, мы ўбачылі з боку Ўкраіны зацікаўленасьць разьвіваць беларуска-ўкраінскія адносіны. Мы маем сяброў у Вярхоўнай Радзе. Вырашылі рэгулярна інфармаваць украінскі бок пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і супрацоўнічаць у супрацьстаяньні прапагандзе. Мы заплянавалі некалькі экспэртна-палітычных беларуска-ўкраінскіх мерапрыемстваў, якія неўзабаве будуць анансаваныя.

Таксама нам важна было сустрэцца зь беларускай дыяспарай і ўбачыць жывую, сапраўдную энэргію, жаданьне застацца беларусамі і разам з тым заставацца ва Ўкраіне, каб аказваць валянтэрскую дапамогу. Былі кантакты і з прадстаўнікамі палку Каліноўскага: абмеркавалі, як мы можам падтрымаць беларускіх добраахвотнікаў. Агулам, гэта быў досыць пасьпяховы, сумесны зь іншым прадстаўніком Кабінэту, візыт. Разам у нас сапраўды атрымалася зрабіць шмат».

Прадстаўніцтва Офісу Сьвятланы Ціханоўскай у Кіеве стварылі яшчэ вясной. Цяпер прадстаўніцтва мае сваю сядзібу ва ўкраінскай сталіцы, а ягоны кіраўнік Валер Кавалеўскі праводзіць перамовы з прадстаўнікамі заканадаўчых і выканаўчых структур, а таксама грамадзкімі суполкамі Ўкраіны.

У жніўні на канфэрэнцыі беларускіх дэмакратычных сілаў у Вільні ўтварыўся Аб’яднаны пераходны кабінэт, які змагаецца за паляпшэньне адносін дэмакратычнай супольнасьці Беларусі з Украінай.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG