Дэлегаты першага зьезду народных дэпутатаў Расеі ў паўночна-ўсходнім прадмесьці Варшавы прынялі шэраг дакумэнтаў, зь якіх відаць палітычныя намеры ўдзельнікаў, піша «Голас Амэрыкі».
Так, у «Асноўнай дэклярацыі» зьезд, у прыватнасьці, «абвяшчае аб сваёй прыхільнасьці да каштоўнасьцяў свабоды і правоў чалавека, як яны вызначаюцца ва Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека, прынятай рэзалюцыяй 217 А (III) Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Абʼяднаных Нацый ад 10 сьнежня 1948 году, і ў Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў (са зьменамі і дапаўненьнямі ад 1 чэрвеня 2010 году)» а таксама «заяўляе аб сваёй прыхільнасьці дэмакратыі і рэспубліканскай форме праўленьня» і «асуджае тыранію, якая захапіла ўладу ў Расеі».
Зьезд заявіў, што «зацьвярджае дзяржаўныя межы Расеі паводле стану на 19 лютага 2014 году» і «прызнае неабходнасьць справядлівай кампэнсацыі ўкраінскаму народу і ўкраінскай дзяржаве, канкрэтныя формы і памеры якой будуць вызначаны адпаведнымі пагадненьнямі».
Некаторыя дэлегаты прыбылі ў Яблонну пад Варшавай з розных расейскіх рэгіёнаў, пасьля вяртаньня дадому іх могуць чакаць рэпрэсіі.
У «Асноўнай дэклярацыі» адзначаецца, што зьезд «асуджае любыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва і адхіляе тэрарыстычныя акты супраць цывільных асобаў, незалежна ад сьветапогляду».
У прэамбуле праекту «Акту аб нацыянальным супраціве» гаворыцца:
«Зьезд лічыць, што права на паўстаньне, як права на супраціў прыгнёту, права на рэвалюцыю і права на барацьбу супраць узурпатараў улады, у тым ліку сродкамі ўзброенай барацьбы, ёсьць натуральным правам, якім валодае Народ Расеі».
Зьезд таксама прыняў некалькі зваротаў, у тым ліку — да грамадзян Украіны і да заходніх саюзьнікаў па антыпуцінскай кааліцыі.
У першым дакумэнце, напісаным на расейскай і ўкраінскай мовах, сярод іншага, адзначаецца:
«Сёньня вы плаціце вялізную цану за сваю свабоду, бо мы не заплацілі раней за сваю. Гэтаму няма апраўданьняў. Шалёны дыктатар заўсёды можа павялічыць колькасьць ахвяраў на парадак, у дзясяткі, сотні разоў.
Мы ўступілі ў барацьбу. Позна. Ня ў той колькасьці. Не на ўсіх франтах. Але ва ўсякім разе мы, удзельнікі Расейскага антыпуцінскага супраціву, можам глядзець вам у вочы. Ня стаўце крыж на ўсіх расейцах. У Расеі шмат тых, хто любіць Украіну, але баіцца і не разумее, як яго асабістая ахвяра зможа вам дапамагчы.
Вы не павінны здабываць нам свабоду. Гэта наша праца. Але нам яе трэба рабіць разам, плячо ў плячо — толькі так гэта будзе магчыма. І ўжо тысячы нашых суайчыннікаў ужо зараз ваююць на баку Украіны, і яшчэ многія тысячы гатовыя ўступіць у гэтую барацьбу — калі вы нам дазволіце гэта зрабіць».
Другі зварот апублікаваны на расейскай і ангельскай мовах. У ім падкрэсьліваецца неабходнасьць прадуманай і дакладнай стратэгіі нармалізацыі Расеі.
Пракамэнтаваць абодва гэтыя звароты карэспандэнт Расейскай службы «Голасу Амэрыкі» папрасіла палітыка Ілью Панамарова, які прадстаўляў іх на абмеркаваньне дэлегатаў:
«Я лічу, што гэта быў найважнейшы прэцэдэнт: упершыню расейская палітычная структура прыняла зварот да ўкраінскага народу. Не зрабіла абстрактную заяву ў паветра аб сытуацыі ва Ўкраіне, а зьвярнулася наўпрост да ўкраінскага народу», — падкрэсьліў Панамароў.
Тэму вайны ва Ўкраіне закраналі і ганаровыя госьці, такія, як прафэсар Варшаўскай школы эканомікі, былы віцэ-прэмʼер і міністар фінансаў Польшчы Лешэк Бальцэровіч.