Фігуранты «справы Ціханоўскага», як паведамляе «Вясна», маюць выплаціць 22 мільёны рублёў кампэнсацыі сілавікам. Як піша «Вясна», у судовым рашэньні пазначана: «для выплатаў супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных справаў за дадатковы час на службе падчас пасьлявыбарчых пратэстаў».
Раней пра гэты пазоў апавядала Марына Адамовіч, жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча:
«Даведалася, што нашым „падзельнікам“ (6 чалавек) выставілі чарговы „пазоў“ ад ГП, усяго толькі на 22 мільёны (лічба недакладная, з словаў). А за што, ці ведаеце? За цяжкія працоўныя пазаплянавыя высілкі „любіцеляў мастацтва“ ў 2020-м. Асаблівая вытанчанасьць у тым, што ўсе, без выключэньняў, нашы хлопцы былі арыштаваныя ў траўні-чэрвені 2020-га».
Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў калёніі, Мікалаю Статкевічу — 14 гадоў, Ігару Лосіку і Уладзімеру Цыгановічу па 15 гадоў, Арцёму Сакаву і Дзьмітрыю Папову па 16 гадоў.
Палітвязьняў абвінавацілі ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у 2020-м годзе. Падчас гэтых пратэстаў яны ўжо былі ў турме.