За ўвесь час, што ён за кратамі, такога амаль не здаралася. Ранейшыя перапынкі ў ліставаньні можна было патлумачыць знаходжаньнем у ШЫЗА.
«Апошні ліст быў за 22 жніўня, — расказала Марына Адамовіч. — Я дакладна ведаю, што ён пісаў мне ў канкрэтныя дні, ведаю пэўныя даты. Але ніводзін з гэтых лістоў не дайшоў. Я нічога ня ведаю пра Міколу ўжо больш за месяц, ня ведаю, дзе ён і ў якім стане. Ведаю дакладна, што ў адным зь лістоў быў новы пазоў для групы з шасьці чалавек, у якой судзілі і Міколу».
Марына Адамовіч кажа, што ў новым судовым пазове Міколу Статкевічу і іншым фігурантам ягонай справы выстаўленыя фінансавыя прэтэнзіі на «фантастычную суму». Яе, паводле словаў Адамовіч, Міколу Статкевічу, Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку і іншым выставілі «за дадатковую працу» сілавікоў падчас падзей 2020 году. Пры гэтым і Статкевіч зь Ціханоўскім, і іншыя фігуранты справы былі арыштаваныя задоўга да пачатку пратэстаў.
«Я дакумэнту ня бачыла, таму зьмест працытаваць не магу, — кажа Марына Адамовіч. — Але я ведаю дакладна, што судовы працэс ужо пачаўся. На мяне была аформленая генэральная даверанасьць, я б па законе магла прадстаўляць інтарэсы Міколы на такім працэсе, але вось як ёсьць. Гэта новая тактыка інфармацыйнай ізаляцыі».
Па словах Марыны Адамовіч, гаворка можа ісьці нават пра 22 мільёны рублёў, аднак дакладная лічба невядомая. Паводле чутак, якія даходзяць да жанчыны, працэс ідзе ў адным з гомельскіх судоў.
Перапынак, які зараз адбываецца ў ліставаньні Міколы Статкевіча з жонкай, ня першы. Такое ўжо было, калі палітык пасьля пераводу ў Глыбоцкую калёнію трапіў у ШЫЗА.
«Пасьля таго як ён з ШЫЗА выйшаў (з пачатку ліпеня. — РС), я фактычна атрымала ад Міколы толькі два лісты, — кажа Марына Адамовіч. — Ліставаньне практычна цалкам перапынілася. Ніякай інфармацыі няма. Званіць ён таксама ня можа, Мікола ж пакараны. Знаходзіўся ў адзіночцы памерам мэтар на тры, а яшчэ паралельна пастаянна трапляе ў ШЫЗА».