Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгожын аб умяшаньні ў выбары ў ЗША: «Умешваліся, умешваемся і будзем умешвацца»


Яўгеній Прыгожын і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Яўгеній Прыгожын і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Зьвязаны з Крамлём пецярбурскі прадпрымальнік Яўгеній Прыгожын праз прэсавую службу пацьвердзіў абвінавачаньні ў тым, што яго структуры чынілі і чыняць умяшаньне ў выбарчыя кампаніі ў ЗША.

Ён унесены за ўмяшаньне ў выбары ў амэрыканскі санкцыйны сьпіс і абвешчаны ў вышук Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў.

Прыгожын адказаў на просьбу пракамэнтаваць матэрыял аб тым, што перад выбарамі ў Кангрэс ЗША 8 лістапада амэрыканскія аналітыкі выявілі актыўнасьць інтэрнэт-троляў у пабліках, прысьвечаных выбарам, і выказалі здагадку, што камэнтатары зьвязаныя з Расеяй.

На запыт журналістаў кампанія Прыгожына адказала:

„Публікуем камэнтар Яўгенія Віктаравіча: «Я вам адкажу вельмі тонка, далікатна і, прашу прабачэньня, дапушчу пэўную двухсэнсоўнасьць. Спадары, мы ўмешваліся, умешваемся і будзем умешвацца. Акуратна, дакладна, хірургічна і па-свойму, як мы гэта ўмеем. Падчас нашых мэтавых апэрацыяў будзем выдаляць адразу абедзьве ныркі і пячонку»“.

3 лістапада кампанія Graphika, якая аналізуе кантэнт сацсетак з дапамогай штучнага інтэлекту, апублікавала справаздачу, у якой сьцьвярджае, што меркавана расейскія інтэрнэт-тролі распаўсюджваюць палітычныя карыкатуры, якія абражаюць кандыдатаў ад Дэмакратычнай партыі.

З 29 кастрычніка аналітыкі знайшлі шэсьць карыкатураў на кандыдатаў-дэмакратаў з амэрыканскіх штатаў, дзе ідзе найбольш упартая барацьба, у прыватнасьці Джорджыі, Агаё, Нью-Ёрку і Пэнсільваніі.

Паводле справаздачы, карыкатуры стварылі акаўнты, зьвязаныя з арганізацыяй NAEBC (Newsroom for American and European Based Citizens, што перакладаецца як «Аддзел навінаў для грамадзянаў ЗША і Эўропы»), якая арыентаваная на людзей вельмі кансэрватыўных поглядаў. NAEBC зьвязваюць з расейскім «Агенцтвам інтэрнет-дасьледаваньняў», якое лічаць афіляваным са структурамі Прыгожына.

Прыгожына неаднаразова называлі заснавальнікам у Санкт-Пецярбургу «фабрыкі троляў», якая займаецца прапагандай у інтэрнэце.

Ва ўмяшаньні ў палітычныя і асабліва перадвыбарчыя дыскусіі ў ЗША расейскіх інтэрнэт-троляў абвінавачваюць з 2014 года; таксама былі паведамленьні аб іх нападах на акаўнты палітыкаў Вялікай Брытаніі, Індыі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Сам Яўгеній Прыгожын не пацьвярджае і не адмаўляе сваёй сувязі з «фабрыкай».

Прамежкавыя выбары ў Кангрэс ЗША 8 лістапада пакажуць, хто будзе кантраляваць парлямэнт у апошнія два гады прэзыдэнцтва Джо Байдэна. Перадвыбарчыя апытаньні прагназуюць, што Рэспубліканская партыя па выніках выбараў амаль напэўна атрымае кантроль над ніжняй палатай Кангрэса, шанцы на перавагу ў Сэнаце ацэньваюцца прыкладна пароўну. Таксама ў 36 штатах адбудуцца выбары губэрнатараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG